Ад прадзедаў спакон вякоў…

На працягу многіх стагоддзяў, паважаючы культурную спадчыну і продкаў, беларусы заўсёды  прытрымліваліся сваім звычаям і ўшаноўвалі традыцыі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Такім чынам, непаўторнасць і асаблівасць нашага краю была відавочнай на фоне астатніх. Аднак з цягам часу лад жыцця, погляды, арыентыры і жыццёвыя пазіцыі людзей пачалі змяняцца. Гэты працэс мадэрнізацыі грамадства не абмінуў, напэўна, ні адну сучасную краіну, але ў гэтай агульнасусветнай еднасці усё ж такі кожны спрабуе захаваць сваю выключнасць і паказаць усім сваю вартасць. Гэта вельмі добра, бо культура – аспект, які яднае народ і выконвае кансалідуючую ролю.

Напэўна, адно з самых чароўных і доўгачаканых свят, якое адзначалі нашы продкі, было Купалле. Яго святкуюць у сярэдзіне лета, у ноч з 6 на 7 ліпеня. Раней, згодна з Юліянскім календаром, свята адзначалі ў ноч на 24 чэрвеня, што непасрэдна было звязана са з’явай сонцастаяння.

Купалле – гэта свята агню і вады. Чаму? Існуе легенда, якая тлумачыць гэта сцверджанне. Паводле яе, хлопец з дзяўчынай закахаліся адзін у аднаго і ажаніліся, аднак пазней даведаліся, што яны брат і сястра. Пасля такой жахлівай падзеі абодва не вытрымалі сораму і ператварыліся ў прыгожую двухкаляровую кветку, пялёсткі якой сінія (колер брата) і жоўтыя (колер сястры). Сёння гэта кветка мае назву “брат-сястрыца”, або “браткі”, і з’яўляецца адным з сімвалаў свята. Гісторыкі лічаць, што менавіта гэты міф можа быць падставай для славянскай ідэі аб стварэнні ўсяго сусвету праз шлюб двух несумяшчальных, але самых важных і першасных стыхій.

Увогуле, купальская ноч славіцца сваімі дзівосамі, цудоўнымі ператварэннямі і незвычайнымі з’явамі. Нашы продкі верылі, што звяры і птушкі набываюць здольнасць размаўляць, а рознага кшталту нячыстая сіла выходзіць са сваіх сховішчаў у гэты дзень.

Паводле павер’яў, ведзьмакі імкнуліся нарабіць шкоды гаспадарцы. Для гэтага яны ператвараліся ў розных істот, тыпу змей і жаб, а пасля  рабілі свае цёмныя справы: адабіралі у кароў малако, рабілі заломы ў жыце, шкодзілі свойскай жывёле і г.д. Таксама ў ведзьм была традыцыя – збірацца на Лысай гары і ладзіць шабаш.

Неабходнасцю для нашых продкаў стала абараняць сябе і сваю маёмасць ад змрочных сіл. З гэтай мэтай яны выконвалі шэраг рытуалаў: спявалі песні-абярэгі, кідалі ў жыта галавешкі з агнём, клалі крапіву на ганак, абтыкалі сцены хаты і іншых гаспадарчых пабудоў святаянскімі зёлкамі.

Што датычыцца самаго святкавання і абраднай часткі Купалля, то яно ладзілася ў выглядзе гулянняў, а таксама мела свае асаблівыя звычыі, выкананне якіх было традыцыйным. Напрыклад, удзень дзяўчыны збіралі купальскія кветкі і розныя травы, бо лічылася, што яны набываюць вялікую лекавую моц, а таксама дапамагаюць у правядзенні варажбы.

Асабліва любілі варажыць на будучаха жаніха. Незамужныя паненкі рабілі вянкі, клалі іх на ваду, а ў сярэдзіне замацоўвалі свечку. Калі вянок патоне, а свечка згасне – не быць дзяўчыне замужам у гэты год, а калі наадварот – чакаць сватоў.

Вогнішча – адно з самых цікавых і яскравых падзей купальскай ночы. Загадзя для яго выбіралася месца і збіраліся непатрэбныя рэчы для спальвання. Калі пычынала змяркацца, хлопцы і дзяўчаты прымаліся вадзіць карагоды вакол агню, танцаваць, скакаць праз вогнішча парамі. Ад таго, наколькі высока скокне моладзь, залежыла, наколькі добрым будзе ураджай. Увогуле, ў гэты час прасілі поспехаў, дабрабыту, шчасця і здароўя на ўвесь астатні год.

Таксама традыцыйным быў пошук папараць-кветкі, якая, лічылася, зацвітае толькі у гэту ноч. Каб адшукаць яе, трэба было пайсці у лес аднаму без ліхтара  і заблукаць у ім так, каб не было чутна нават і пеўня з вёскі. Таму чалавеку, хто знайшоў кветку, адкрывалася небачаная колькасць багаццяў: давалася здольнасць разумець жывёл, бачыць розныя дзівосы і, акрамя таго, гэты чалавек ведаў усе месцазнаходжанні скарбаў.

Паводле паданняў, кветка павінна была свяціцца, і, што цікава, сучасныя даследчыкі знайшлі гэтаму тлумачэнне. На самай справе гэта, вельмі рэдкая для беларускай флоры, каралеўская папараць. Яе споры часам могуць выпраменьваць маленькае свячэнне, і ад гэтага падаецца, нібы расліна свеціцца.

Сёння Купалле не адзначаецца настолькі маштабна, наколькі гэта было ў мінулым. Аднак у рэгіёнах яшчэ захаваўся звычай паліць вогнішчы і варажыць у гэту ноч. Свет змяняецца, але некаторыя традыцыі павінны заставацца з намі. На мой погляд, адрадзіць старажытныя святы магчыма, а менавіта, захаваўшы асноўную ідэю, можна адаптаваць іх пад сучаснасць. Такім чынам, у беларусаў (і не толькі) абудзіцца інтарэс да сваёй культуры і спадчыны, а калі будзе так, то і за будучыню нашага культурнага багацця няма чаго турбавацца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *