Экалогія сумлення


Як вядома, любая матэрыяльная рэч з цягам часу непазбежна ператвараецца ў адходы. Такім чынам, растуць горы смецця, звалкі наступаюць на гарады.

Праўда, апошнім часам сітуацыя пачала змяняцца. Усё больш двароў у гарадах забяспечваецца кантэйнерамі для розных адходаў. На жаль, у нас пакуль што культура іх раздзялення нізкая. Многія з цяжкасцю разумеюць, для чаго гэта трэба, але ёсць і неабыякавыя людзі, такія, як Аня Шчарбакова, выпускніца філалагічнага класа Ліцэя БДУ.

— З дзевяці гадоў езджу ў Італію на аздараўленне і бачу, як там усе збіраюць смецце асобна. Калі гэта зроблена няправільна, можна атрымаць штраф у 500 еўра, таму ў італьянцаў ёсць матывацыя. І я да такога падыходу прывыкла з ранняга ўзросту. Спачатку неяк не ўсведамляла, навошта мне гэта. Аднак паступова прыйшло разуменне значнасці і неабходнасці такой справы. Вядома, што адна я не змагу змяніць сітуацыю, але, магчыма, людзі ўбачаць мой прыклад і таксама паспрабуюць. Мне ж гэта прыносіць задавальненне, бо я дапамагаю прыродзе і людзям.

Аня далучылася да руху “Мэта-99”. Як вынікае з назвы, намаганні гэтых неабыякавых людзей скіраваныя на сартаванне і пераапрацоўку 99 адсоткаў адходаў. Чаму не 100? На сайце руху даецца просты адказ. “Таму што нікому не патрэбны прыгожыя лічбы, напісаныя на паперы”.


— На жаль, нават калі на кантэйнеры пазначана, напрыклад, «пластык», часта туды зусім не яго складваюць. Таму на заводы для перапрацоўкі такія адходы я адвожу сама, а паперу пакідаю ў зялёных кантэйнерах, яны шмат дзе стаяць, — кажа Аня.

Нягледзячы на ўсе праблемы ў нашым грамадстве, звязаныя з асобным зборам адходаў, Аня настроена пазітыўна. Яна лічыць, што хутка большасць зразумее, наколькі гэта важна.

— Мне здаецца, што неўзабаве людзі пачнуць больш уважліва ставіцца да прыроды, з большым клопатам адносіцца да яе.  Магчыма, многія далучацца да руху «Мэта-99», ці, напрыклад, як я, паедуць у Еўропу і ўбачаць, што там усе так робяць. Многія з нас хочуць жыць у еўрапеізаваным грамадстве, таму, думаю, яны
будуць ствараць вакол сябе ўмовы, якія адпавядаюць такому грамадству.


Бясспрэчна, у рэаліях сённяшняга дня раздзельны збор смецця – гэта жыццёвая неабходнасць, шлях, па якім ідуць усе еўрапейскія краіны. Хочацца, каб гэта усвядоміла і моладзь Беларусі.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *