Месца класікаў — не толькі на паліцах…

Васіль Зуёнак пісаў: “Чалавек – гэта літара космасу, іерогліф, таемны знак”. І колькі ў свеце гэтых маленькіх закаручак, столькі і людзей, усе своеасаблівыя, а вось вялікіх літар не так і шмат. Мы сведкі часу, яны яго творцы. Мы просты, яны складаныя, яны выразныя. Да гэтых, адораных Богам людзей адносіцца Якуб Колас(Канстанцін Міцкевіч).
Пабачыць свет маленькаму Костусю было суджна ў засценку Акінчыцы каля Стоўбцаў. Бацьку пісьменніка як чалавека залежнага ад працадаўцы перакідвалі з адной леснічоўкі ў другую, таму ў Якуба Коласа было шмат маленькіх радзім або адна вялікая – Наднямонне. Але больш за ўсё паэт любіў Альбуць, бо тут нарадзіліся думкі, нарадзіўся першы верш.
Далей была Нясвіжская настаўніцкая семінарыя і праца на Палессі, вопыт якой выліўся ў трылогію “На ростанях”. На перыяд 1905-1907 гадоў прыпадае актыўная грамадская і літаратурная дзейнасць Якуба Коласа. Ён прыняў удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, удзельнікі якога былі звольнены са сваіх пасад. Асноўны тон лірыкі пачатковага этапу журботна-мінорны. Адчуваецца гэтая мелодыка ў вершы “Наша возьме”, які быў пакладзены на музыку гуртом “Brutto”:

У балоты мы адціснуты,
Загнаны мы ў шчыліны,
І вочы нам завязаны ,
І вушы нам зачынены.
Адно мы добра ведаем:
Хоць вечна мы блукаемся,
А ўсё ж такі, хоць некалі,
А праўды дапытаемся.

За ўдзел у вышэйназваным з’ездзе Якуб Колас быў асуджаны на 3 гады турмы. Пакаранне адбываў у Мінскім астрозе. Аднак нярэдка бывае: што кепска для чалавека, тое добра для творцы. Турэмнае знаволенне парадзіла дзве геніяльныя паэмы: “Сымон-музыка” і “Новая зямля”.

Паэма “Новая зямля” – жамчужына беларускай літаратуры. Міхась Тычына параўноўваў Якуба Коласа з самім Гамерам, а паэму – з “Іліядай”. Паэтэса і перакладчык з Велікабрытаніі Вікторыя Рыч вельмі высока ацэньвае “Новую зямлю”, параўноўвае з драмамі і трагедыямі Уільяма Шэкспіра.
Пасля вызвалення ў хуткасці пачалася Першая сусветная вайна. Сям’я Якуба Коласа эвакуіравалася ў глыб Расіі. Па заканчэнні вайны пісьменнік вярнуўся ў Мінск, дзе плённа працаваў над аповесцямі “У палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”.
Наступілі жахлівыя 30-ыя гады, цяжкія для ўсіх пісьменнікаў. Адзіная радасць, якая выпала на долю Якуба Коласа, — гэта ўз’яднанне беларусаў у адзінай сям’і, магчымасць наведаць родныя мясціны, сустрэцца са сваякамі.
Але і гэтая радасць была кароткай: праз два гады прагрымела Вялікая айчынная вайна. Якуб Колас зноў апынуўся ў эвакуацыі, на гэты раз у Ташкенце. У гэтую вайну пісьменнік страціў не толькі сына Юрку і жонку Марыю, але і сябра Янку Купалу. Аднак і ў ваенныя гады, і пасля ён не пераставаў працаваць.
У пасляваенныя гады з усіх канцоў Беларусі звярталіся людзі да Якуба Коласа. У тым ліку і моладзь. Ён выдаткаваў грошы для таленавітых творцаў, якія толькі распачыналі свой шлях. Так, з невядомага студэнта Заіра Азгура выйшаў сусветна вядомы скульптар, а сціплая маладая дзяўчына Ларыса Александроўская стала вядомай опенай спявачкай.

У дзень сваёй смерці Якуб Колас напісаў ліст у кіраўніцтва партыі, дзе выказаў сваю занепакоенасць станам беларускай мовы. Прадказаў яе заняпад, калі не будуць прыняты меры. Прапанаваў спосабы абароны роднай мовы. Гэта адбылося за некалькі гадзін да таго, як у пісьменніка спынілася сэрца.
Што робіць Якуба Коласа класікам, творцам, што праўзыходзіць межы свайго часу і працягвае жыць у будучыні, у вечнасці? Магутнасць таленту. Уменне бачыць у звычайным — незвычайнае, у побытавым – узнёслае. І не толькі ўбачыць, але перадаць сваё веданне, успрыманне, пачуццё іншым людзям – залог пераходу спадчыны чалавека да іншых пакаленняў. Бо толькі здольнасць быць стваральнікам і яе свабодная рэалізацыя робяць паэта Паэтам, а чалавека – чалавекам з вялікай літары.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *