Пакаленне Z, або пакаленне Беларусь

Ці лёгка быць маладым?! Маладосць – час памылак, спроб, вялікіх цяжкасцяў, пераадольваючы якія чалавек фарміруе свой характар. Старэйшае пакаленне кажа, што на плячах маладых ляжыць вялікая адказнасць, адказнасць за будучыню. І гэта на самай справе так, а не проста пафасныя словы. Мы, адзінаццацікласнікі, ужо праз нядоўгі час пойдзем у дарослы свет і самі станем старэйшым пакаленнем. Толькі вось якім? Дакладна нераўнадушным, бо ў абыякавых людзей няма шансаў на працяг.

Было пакаленне X, за ім пакаленне Y, я ж належу да пакалення Z. Хто мы такія? Не аднойчы, я ўпэўнена, вы чулі пра

пакаленне next, а што наконт пакалення text? Гэта не толькі пра спосаб зносін з дапамогай кароткіх паведамленняў, але і пра новую

інтэрнацыянальную мову. Яе асноўныя рысы – прастата, свабодныя адносіны да нормаў

і традыцыяў, эмацыйнасць. У Японіі наша пакаленне называюць “пакаленнем вялікага пальца”, бо праз нагрузку, якую дзецям даюць розныя гаджэты, дэфарміруецца вялікі палец. Ва ўсім свеце аднолькава кажуць пра асноўныя рысы нашага пакалення, што азначае, пацвярджае нашу адрознасць. Але хто мы такія? Звычайныя людзі, бо, нягледзячы на тэхнічны прагрэс і тып мыслення, галоўнымі застаюцца духоўныя праблемы. У кожным пакаленні ёсць людзі неабыякавыя не толькі да сябе, але і да таго, што іх акаляе. Заўсёды лягчэй казаць пра тое, што разумееў і адчуваеш па-сапраўднаму.

Я маладая, і мне не ўсе роўна на тое, што зараз для многіх з’яўляецца нормай. На тое, што мае аднагодкі паляць, ляюцца ды зневажаюць іншых. Адзінае, чым я магу дапамагчы такім людзям, гэта сваім уласным прыкладам, калі не буду чыніць усяго гэтага. З гэтых дробязей і складаецца неабыякавасць да глабальных праблем, бо вялікае пачынаецца з малога.
Зараз, у час глабалізацыі, паўстаюць новыя складаныя праблемы. У асаблівасці для маленькіх краін і народаў. Над маім ж народам пагроза знікнення вісела амаль заўсёды. Бо складана не згубіць сябе, знаходзячыся паміж двума моцнымі суседзямі. А вось калі ўсё ж такі глабалізацыя зробіць сваё, і ўтворыцца адзіная дзяржава з адзінай мовай. Тут і падманваць нікога не трэба, усім зразумела, што яна не будзе мець назву Беларусь і мовай не будзе беларуская.
Але гэта паступовы працэс. Спачатку ён будзе падпарадкоўваць сабе маленькія, слабейшыя дзяржавы, а разам з ёй і культуру. Чаму Беларусь пад’яднаць лягчэй, чым многія іншыя краіны? Бо яна сама пакрысе адракаецца ад свайго. Праўда, гэта робіць не краіна, а людзі, якія і робяць краіну не проста кавалкам зямлі.
Мне не ўсё роўна на тое, што мая Беларусь можа знікнуць з твара Сусвету, як калісьці гэта зрабіла Прусія. Такая моцная дзяржава, што трымала пад страхам шматлікія краіны, знікла ў момант, канула ў лету. А здарылася гэта, бо яна, паглынаючы народнасці і іх культуру, не развіла сваю. Як не хлебам адзіным жыве чалавек, так не войскам адзіным жыве краіна.
Мне не ўсё роўна, што, магчыма, пасля нас застануцца толькі кнігі, як аморфны напамінак, што калісьці існавалі такія беларусы. Я не хачу, каб так было. Мне хочацца, каб праз сотні гадоў людзі, успамінаючы беларусаў, не напружвалі сваю памяць, шукаючы ў сваім камп’ютары гэтае слова, а адразу, як па камандзе, узгадвалі, вось яны зрабілі тое і тое, не менш, чым французы або італьянцы.
Мне хочацца, каб наш маленькі народ перастаў лічыць сябе маленькім і чымсьці горшым за іншых. Каб ён змог дайсці да той Беларусі, пра якую Ніл Гілевіч пісаў:
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..
Мне не проста хочацца, каб людзі дайшлі да Беларусі, а, каб было каму даходзіць. Бо вялікі адсотак сучаснай моладзі з’язджае за мяжу ў пошуках іншай адукацыі, больш высокааплатнай працы. Многія кажуць, што вернуцца ў Беларусь, як заробяць сабе грошай на жыццё тут. Але ці шмат з іх застаюцца вернымі сваім жа словам? Мне здаецца, не. І пакідаюць сваю Радзіму добрыя, працавітыя, таленавітыя, тыя, хто мог бы пабудаваць сабе сваю Краіну.
Ды ўсё ж многія застаюцца. Яны і працягваюць будаўніцтва Беларусі. Але глабалізацыя , жудасная для кожнага невялікага народа, падкрадваецца звонку. І адзінае, чаго хочацца ў такіх умовах, гэта, каб беларускі народ не быў птушкай, што ляціць уперад хвастом, а моцна трымаўся за свае карані, за сваю зямлю. Каб на сусветнай карце застаўся кляновы лісток пад назвай Беларусь.
Жывуць, блытаюцца паміж сабой іксы ды ігрыкі, літара ж Z з’яўляецца апошняй у лацінскім алфавіце. Мне не хочацца верыць, што мы апошняяе пакаленне, а ў тое, што будуць наступныя, проста іншыя. Няхай гэта будзе свой алфавіт, кірылічны. Для гэтага трэба проста быць высокамаральнымі людзьмі, але гэта складана. Як мне здаецца, па ўзроўню любові да роднай зямлі можна мераць маральнасць чалавека.. Тыя якасці, што дапамогуць захаваць сваю самабытнасць у гэтым вялікім свеце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *