Вольга Міхайлаўна Самусевіч: «Вялікае шчасце, калі я магу дапамагчы сваім студэнтам»

Рубрыка – На фортачцы

У 25 гадоў яна стала кандыдатам навук, у 27 – намеснікам дэкана, а зараз – дэканам факультэта журналістыкі. Працавітая і заўсёды пазітыўная Вольга Міхайлаўна Самусевіч распавяла «ЖурФАКТАМ» пра лёсавызначальныя нечаканасці свайго прафесійнага шляху і пра тое, якім яна бачыць развіццё журфака.

Настаўніца ў школе

У дзяцінстве я марыла стаць настаўніцай. Можа, таму, што мае маці і бабуля таксама вучылі дзяцей. Я паступіла на філалагічны факультэт БДУ і ўжо пасля 2 курса пачала падпрацоўваць настаўніцай у школе, дзе раней сама вучылася. Нядзіўна, што мяне там з радасцю прынялі. Выкладала рускую і беларускую мовы, сусветную мастацкую культуру. Падпрацоўваць пачала не з-за грошай, таму што жыла з бацькамі, мела стыпендыю. Я хацела хутчэй займацца любімай справай, тым больш для гэтага ў мяне была добрая магчымасць. Увогуле, я не ўяўляю сваё жыццё без працы.

Выкладала ў дзяцей 5–11 класаў. Дарэчы, семікласнікі – самыя страшныя людзі (смяецца). Я баялася, што яны мяне «вынесуць», а не я іх. Гэты вопыт дазволіў мне адэкватна ўспрымаць людзей рознага ўзросту, навучыў адчуваць і слухаць кожнага чалавека.

Вольга Міхайлаўна на 3 курсе БДУ. 1997 год

Насамрэч я не амбіцыйны чалавек, таму пасля вучобы на філфаку планавала працаваць у школе. Аднак пры абароне дыплома мне сказалі: «Вы выключна напісалі работу. Збіраецеся працягваць навучанне?» Тады я задумалася: а чаму бы і не? Хаця на руках у мяне ўжо было маленькае дзіця.

Тэматыкай дыплома была мова ў СМІ. Я цікавілася журналістыкай, любіла аналізаваць перыядычныя выданні. На філфаку такога накірунку не было, таму мне гаварылі: «Калі табе цікава працаваць са СМІ, ідзі на журфак». Лёс сам мяне накіраваў на наш факультэт, у аспірантуру. І такіх лёсавызначальных нечаканасцей у мяне было вельмі шмат. Напрыклад, калі я абараняла дысертацыю, у якасці першага апанента (чалавек, які ацэньвае кандыдацкую працу – прым. рэд.) мне параілі Сяргея Валянцінавіча Дубовіка. Ён на той момант быў дэпутатам. Цікава, што менавіта гэты чалавек стаў маім кіраўніком на трынаццаць гадоў.

Увогуле, у маім жыцці ўсё адбываецца неяк натуральна. Я заўжды кажу: «Бог мяне любіць, таму мяне вядзе». Свята веру: усё, што ні робіцца, – да лепшага.

Выкладчык на журфаку

Каб выкладаць у вышэйшай навучальнай установе, недастаткова проста скончыць бакалаўрыят. Патрэбен вопыт – як прафесійны, так і асабісты. Трэба даказаць, што ты нешта можаш. Я зрабіла гэта ў 25 гадоў, абараніўшы кандыдацкую работу. У перыяд маёй вучобы ў аспірантуры дэканам факультэта журналістыкі быў Васіль Пятровіч Вараб’ёў. Калі я прыйшла да яго, ён сказаў: «Вось прынясеш дысертацыю першага верасня – будзеш працаваць на журфаку». У вызначаны час я паклала кандыдацкую яму на стол, і Васіль Пятровіч вытрымаў сваё абяцанне.

Першы год працы на журфаку. Вольга Міхайлаўна з В.І. Іўчанкавым і М.Я. Цікоцкім

Так, з 2002 года я пачала працаваць на журфаку на кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Выкладала сучасную беларускую мову. Дарэчы, да гэтага моманту я размаўляла па-руску. Але ты не можаш быць прафесіяналам, калі ў аўдыторыі выкарыстоўваеш адну мову, а па-за яе межамі – іншую. Ты павінен увесь час практыкавацца. І я ўдзячна лёсу, што ўсё так атрымалася.

Намеснік дэкана факультэта журналістыкі

Праз два гады я стала намеснікам дэкана журфака па выхаваўчай працы. Паралельна выкладала, таму што пары са студэнтамі – мая аддушына. З гэтага моманту пачала займацца культурна-масавай дзейнасцю. Напрыклад, мы ўпершыню арганізавалі «Міс журфак», гэта было яшчэ на вуліцы Маскоўскай. Таксама зрабілі Дзень роднай мовы, удзельнічалі нават кітайскія студэнты, якія спявалі песні па-беларуску. Было вельмі весела.

Намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі

У 2008 годзе журфак пераехаў у будынак на Кальварыйскай. У той час мы стварылі факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Два факультэты аб’ядналіся пад назвай «Інстытут журналістыкі», а я заняла пасаду намесніка дырэктара ІЖ. У нас тады вучылася ў два разы больш студэнтаў, чым зараз. Напрыклад, было 4–5 груп на спецыяльнасці «журналістыка (друкаваныя СМІ)», тры групы «аўдыявізуалаў». Мы вельмі разрасліся.

Паступова два факультэты змястоўна і функцыянальна перараслі сябе. Таму ў гэтым годзе адбылася аптымізацыя – іх пераўтварэнне ў два самастойныя структурныя падраздзяленні БДУ. Факультэт вярнуўся да сваіх вытокаў.

Калі я стала намеснікам дырэктара, з’явілася магістратура, новыя спецыяльнасці і планы. Хоць гэта і нясціпла, але я ўпэўнена, што ў нашай краіне няма чалавека, які метадычна дасведчаны ў журналісцкай адукацыі больш, чым я. Паступова стала больш займацца навукай са студэнтамі, мне вельмі падабаецца выяўляць у іх патэнцыял. Але заўжды крыўдна, калі не ўсе да канца яго раскрываюць. Я лічу нашых студэнтаў самымі разумнымі і таленавітымі. Для мяне заўсёды вялікае шчасце, калі я чым-небудзь магу дапамагчы сваім бакалаўрам, магістрантам, аспірантам, неяк далучыцца да іх поспехаў. Добра, калі хораша і ім, і табе. Гэта тое, дзеля чаго і працуеш тут, на факультэце.

У мінулым годзе студэнты спыталі мяне: «Вольга Міхайлаўна, а чаго вы заходзіце ў аўдыторыю і кожны раз усміхаецеся? Пяты раз – гэта ўжо падазрона». Кажу: «Так я ж рада вас бачыць!» Усё трэба рабіць пазітыўна. Кажуць, калі чалавек усміхаецца, ён больш «раскрываецца». Што бы ў жыцці ні мянялася, пакуль будзеш заходзіць у аўдыторыю, а студэнты будуць рады цябе бачыць, да гэтага часу трэба працаваць.

Дэкан факультэта журналістыкі

Безумоўна, я бачу на факультэце некаторыя праблемы. Напрыклад, у нас працуе шмат таленавітых людзей, якія маглі б стаць кандыдатамі навук, напісаўшы дысертацыю, але чамусьці не робяць гэтага. Мне хацелася б, каб у нас выкладала больш моладзі, таму што яны будуць размаўляць са студэнтамі на адной мове. Дарэчы, на журфаку вучыцца шмат студэнтаў, якія маглі б скончыць магістратуру і аспірантуру і потым выкладаць у нас. Але я разумею, што не магу прапанаваць ім тыя грошы, якія яны будуць атрымліваць у журналістыцы.

Яшчэ мне б вельмі хацелася памяняць вам вучэбную праграму. Сённяшні яе варыянт не самы лепшы. Я думаю, што мы праспрабуем нешта выправіць. Таксама хачу, каб памяняўся сам працэс навучання. Зараз выкладчык расказвае, студэнты запісваюць, дома вучаць і перасказваюць на занятках, а потым на экзамене. Я называю гэта «вучыцца на тры «З»: завучыў, здаў, забыў». Трэба, каб усё было па-іншаму. Каб выкладчык вас падштурхоўваў ствараць нейкія праекты, рэалізоўваць ідэі, а не паўтараць тое, што ён скажа. І гэта таксама мы праспрабуем змяніць. Таму зараз ёсць розныя накірункі для працы: і змест навучання, і яго працэс, і людзі, якія гэта рэалізуюць.

На жаль, соцыум часта атаясамлівае журналістаў і факультэт журналістыкі. Калі які-небудзь журналіст некарэктна ці неэтычна нешта напісаў, вінавацяць факультэт, што не навучылі. Але з усіх журналістаў у нашай краіне, можа, толькі 20–30 працэнтаў скончылі журфак. Дарэчы, у нас не ўсё так дрэнна, як некаторыя апісваюць. Мы заўсёды імкнемся да лепшага. І калі нашыя выпускнікі, якіх ужо каля васьмі тысяч, стануць на абарону журфака, – у нас усё будзе добра. Калі падтрымліваеш чалавека, ён становіцца лепш. Тое ж самае і з факультэтам.

Я б хацела звярнуцца да студэнтаў, якія абмяркоўваюць у соцсетках, што дрэнна, а што добра. Заклікаю памятаць, што журфак – гэта адна сям’я. Трэба быць разам і ўсе праблемы спачатку вырашаць тут. Бывае, чытаю ў Інтэрнэце пытанне, якое можна задаць мне ці дэканату, але студэнты кідаюць яго ў соцсетку, а потым атрымліваюць няправільны адказ. Калі яны хочуць нешта спытаць ці змяніць, параіцца (нават калі гэта не звязана з вучобай), трэба прыходзіць да мяне. Я заўжды гатова выслухаць і дапамагчы. Мае дзверы адчынены.

 

Тэкст: Марыя МЯДЗВЕДЗЕВА, 3 курс.

Фота з асабістага архіву В.М.Самусевіч.

админ ЖФ

"ЖФ" родились в 2009 году на кафедре периодической печати. Наша прописка: г. Минск, Кальварийская, 9.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *