Ірына Чаславаўна Часнок: «Трэба знайсці свой уласны шлях»

Новости

Рубрыка – На фортачцы

Ірына Чаславаўна Часнок працавала з нашай групай у мінулым семестры. Творы, якія я некалькі гадоў таму прачытала і не зразумела, дзякуючы яе выкладанню сталі цікавымі, набылі сэнс. Вядома, правiльны падыход выкладчыка ў выніку дае не толькі надзейную базу ведаў, але і ўменне скарыстаць іх у жыцці.

Думаю, студэнты добра ведаюць Ірыну Чаславаўну як выкладчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, кандыдата філалагічных навук. А якая яна па-за сценамі ўніверсітэта?

Дзяцінства і самавызначэнне

 Добра памятаю, як прыехалі з братам да бабулі і дзядулі ў вёску і пайшлі да суседзяў глядзець на кацянят. Як там жа, у бабулінай вёсцы, гушкалася на арэлях, сонца свяціла ў заплюшчаныя вочы так, што мігцелі розныя колеры, і я спявала песню з тагачаснага тэлесерыяла «Кава з водарам жанчыны» быццам па-іспанску, абсалютна не ведаючы іспанскай мовы.

***

Дома дагэтуль захоўваюцца рэчы з дзяцiнства. Напрыклад, «Дзіцячая Біблія», казкі Андэрсана.

 

Ірына Чаславаўна ў дзяцінстве со сваім братам

У дзявятым класе я пайшла на курсы ў Ліцэй БДУ. Там Вераніка Вячаславаўна Кушнярэвіч так цікава і эмацыйна выкладала беларускую літаратуру, што я ўпершыню ў жыцці адчула, што мая родная мова – беларуская. Узнікла думка, што трэба перайсці на яе ў штодзённым жыцці. Але, праўда, атрымалася цалкам ажыццявіць свой план толькі на першым курсе філфака. І то не з першага верасня (не хапіла духу), а з другога.

***

Таксама моцны ўплыў ужо ў студэнцкія гады на мяне аказала навуковы кіраўнік Сінькова Людміла Дзмітрыеўна. Я тады была вельмі кампанейскай і вясёлай, чамусьці нават думкі не было ўсурʼёз займацца навуковай дзейнасцю. Але, калі на трэцім курсе трапіла да Людмілы Дзмітрыеўны на спецсемінар, літаратуразнаўства «зацягнула» мяне. Таму потым пайшла ў магістратуру, аспірантуру і абараніла кандыдацкую.

Ірына Чаславаўна з Людмілай Сіньковай. Магістратура

Юнацтва i сэнс жыцця

 У юнацтве я часта мяняла свае інтарэсы. То валейбол, то саломапляценне, то тэатральны гурток… Але неяк не даводзіла справы да канца. Напэўна, шукала сябе, а можа, гэта асаблівасць майго характару. У старэйшых класах наведвала творчы клуб «Імкненне», у якiм спрабавала пісаць.

***

Я і зараз не ўпэўнена, што дакладна ведаю, чаго хачу ад жыцця. Чалавек колькі жыве, столькі і стварае сэнсы. Як у Франсуа Віёна: «Я зведаў усё, ды толькі не сябе». Часам не так проста вызначыць, чаго жадаеш на самой справе, а што навязваецца абставінамі і грамадствам.

У бабулінай вёсцы ў студэнцкія гады

У мяне даволі эмацыйны характар, магу «выбухнуць», нагаварыць чаго, а пасля будзе сорамна. Праўда, на працы я сябе кантралюю.

***

Дагэтуль няёмка праз тое, што падманвала бацькоў калі-нікалі. Напрыклад, на другім курсе паехалі з сяброўкай ў Крым аўтаспынам, а я нахлусіла, што едзем цягніком. Інакш бацькі не пусцілі б або пасівелі ад хвалявання. Зараз я б так не зрабіла, бо, калі б што здарылася, родныя і не ведалі б, дзе шукаць нас. Студэнтам нікога падманваць не раю.

***

Шкадую, што не так многа часу, як магла б, праводзіла з блізкімі людзьмі, якіх ужо няма на гэтым свеце.

Праца i iдэальны адпачынак

Мне падабаецца паглыбляцца ў новыя цікавыя сферы. Год таму хадзіла на курсы дыктарскага майстэрства да Зінаіды Аляксандраўны Бандарэнка. Зараз захапілася псіхалогіяй і пайшла на перападрыхтоўку па гэтай спецыяльнасці, хоць працу мяняць не збіраюся.

***

Для мяне выкладанне ва ўніверсітэце – любімы занятак, справа найперш для душы. Я вельмі люблю літаратуру, мне падабаецца гаварыць з людзьмі. А тут якраз усё спалучаецца.

***

Вельмі люблю падарожнічаць, знаёміцца з рознымі краінамі і гарадамі. Люблю мора, горы, лес. Апошнім часам (можа, гэта старасць надыходзіць?) люблю ў бабулінай вёсцы садзіць ружы, бэз, рададэндроны і пасля сачыць за іх ростам. Люблю гутарыць па душах з блізкімі людзьмі. Люблю перачытваць раманы Дастаеўскага, хадзіць на спектаклі і на канцэрты ўлюбёных гуртоў. Гэта ўсё – ідэальны адпачынак.

***

Ёсць асобы, якімі я шчыра захапляюся. Але з дзяцінства дала сабе ўстаноўку: «Не ствары сабе куміра, Іра». І менавіта раўняцца ні на кога не хачу, трэба знайсці свой уласны шлях.

P.S.

– Ці ёсць асабiстае дасягненне, якiм Вы асабліва ганарыцеся?

– Няма.

– Якой Вы сябе бачыце праз пяць год?

– Шчаслівай.

 

Тэкст: Аляксандра КАМКО, 2 курс

Фота з асабістага архіву І.Ч. Часнок



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *