Адзінота вернасці

Сцяна, халодная, у якую немагчыма пранікнуць. Бетон. Гэта тая пустата паміж душамі людзей, адзінота паміж імі, паміж намі…

Візуальная паэзія. Так акрэслівае жанр спетакля “Бетон” яго рэжысёр Яўген Карняг. Там няма слоў, ёсць толькі візуалізацыя і адчуванне. Як можна перадаць адзіноту?

У спектаклі гэта робіцца праз звяртанне да старажытнага міфа, а дакладней, міф пра Арфея і Эўрыдзіку ўзяты за аснову. Адзінота і каханне. Здаецца, дзве процілеглыя скрайнасці, аднак атрымалася іх аб’яднаць. Менавіта ад шчырага кахання праз смерць і разлуку Арфей даходзіць да пачуцця шчымлівай адзіноты.

Аснова старажытная, але спектакль наадварот сучасны. Менавіта ў сучаснасці актуалізуецца пытанне вернасці, якое з’яўляецца другой тэмай пастаноўкі. Дзеяннямі спектакля зацвяржаецца той факт, што у сучаснасці няма гэтай вернасці, бо штодня і нават штохвіліну можна знайсці замену сваёй другой палове. Пра гэта сведчыць адна з сучасных дэкарацый – “бягучы” радок. Ён абясцэньвае каханне – пачуццё, годнае неўміручасці.

Сюжэтная лінія простая, нічым не выклікае здзіўлення. А вось форма, падача дзеяння захапляе. Ніводнага слова. Эмоцыі і адчуванні перадаюцца праз жэсты, праз складаную харэаграфію. Адзенне таксама іграе важную ролю. У большасці выпадкаў на героях яго мінімум. Гэта паказвае кантраст паміж халоднай сцяной і цёплым целам.

Дэкарацыі з’яўляюцца ледзь не важнейшымі за акцёраў. Бетонная сцяна з дзясяткамі ніш з’яўляецца асноўнай плошчай жыццядзейнасці герояў.  З нішы другога паверху гэтай сцяны з’яўляюцца акцёры, у канцы спектакля яны зноў жа знікаюць ў ёй. Калі ў нішы ўзнікае герой, за “бетонам” хаваюцца яшчэ з дзясятак акцёраў, якія з’яўляюцца ў гэты момант дапаможнымі. Як напрыклад, у сцэне з жанчынай, якая не можа засцягнуць сукенку. У адзін момант з зялёнага лісця паказваецца шмат рук з келіхамі віна.

Спектакль разбіты на мноства частак. Адна з іх мае простую назву “Арфей і Эўрыдзіка”, апошняя мае амаль такую ж – “Арфей …….. Эўрыдзіка”. Паміж закаханымі ўзнікае сцяна, “бетон”, іх разлучае смерць.

У гэтай апошняй частцы  Эўрыдзіку забіраюць наверх.  Згодна з адной з нетрадыцыйных канцовак старажытнагрэчаскага міфа, дзяўчына не вяртаецца ў краіу Аіда, а наадварот, узносіцца на нябёсы. Арфей жа ў час сваёй найвышэйшай натхненнасці можа там з ёй сустрэцца. Там паміж закаханымі няма ніях сцен, няма і адзіноты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *