Казка ў скрыні

Рецензия

Спрадвеку падчас святаў і кірмашоў у беларускіх гарадах і вёсках ладзіліся пастаноўкі традыцыйнага лялечнага тэатра – батлейкі. Сцэнай для яго служыла ўсяго адна невялікая драўляная скрыня. На пачатку 20-га стагоддзя гэта старажытнае мастацтва амаль памерла, але ў часы перабудовы энтузіасты рэаніміравалі народны тэатр, які паступова адыходзіў у нябыт. І сёння скрыні ды лялькі не пакрываюцца пылам у музейных сховішчах.

Слова “батлейка” паходзіць ад назвы горада Віфліем, дзе, паводле біблейскага падання, нарадзіўся Ісус Хрыстос. На беларускіх землях батлейка з’явілася ў 16 стагоддзі. Яе прывезлі манахі-францысканцы. Тады ў аснове сюжэта было нараджэнне Хрыста, пакланенне яму пастухоў, пераслед царом Ірадам нявінных немаўлят. З часам батлеечныя тэатры пачалі прадстаўляць свецкія пастаноўкі: камедыйныя, побытавыя, сацыяльна-сатырычныя. З прыходам савецкай улады батлейка стала страчваць сваю папулярнасць, і нават трапляла пад забарону.

У нашы дні ў Цэнтры гісторыі і культуры Акцябрскага раёна займаюцца адраджэннем некалі папулярнага мастацтва. Тут працуе ўнікальная этна-студыя “Батлейка”. Яе гісторыя пачалася напрыканцы 80-х гадоў, калі малады спецыяліст Ларыса Казакова арганізавала тэатральны гурток для дзяцей.

— У адным з нумароў часопіса “Роднае слова” убачыла артыкул пра народны тэатр батлейку. Як зрабіць скрыню, з чаго павінны быць лялькі, як яны рухаюцца ў скрыні, увогуле шмат карыснай інфармацыі пачарпнула ў “Родным слове”. У прамым сэнсе пачалі “часацца рукі” – трэба самому зрабіць такі цуд! – кажа Ларыса Казакова.

Да творчага працэсу далучылася ўся сям’я Казаковых. У важнай справе культработніцы дапамагаў муж: вырабіў скрыню, вытачыў з дрэва лялек. Разам з дзецьмі Ларыса сшыла адзенне для персанажаў, кожны строй яна стварыла з улікам мясцовых традыцый. Першымі персанажамі батлейкі сталі Антон і Антоніха, Лекар, Цыган і Цыганка, Каза.

Зараз справу працягваюць супрацоўнікі цэнтра. Мясцовы лялечны тэатр вандруе з выступленнямі па ваколіцах Акцябрскага, па суседніх раёнах, часта бывае ў Гомелі і Мінску. Ідуць паказы батлеечных пастановак “Траецкі кірамаш”, “Цыган і цыганка”, “Лекар – галоўны аптэкар”, “Цар Ірад”. Цікава, што наведвльнікі могуць паспрабаваць сябе ў якасці артыстаў. Прадстаўленні батлейкі вызываюць вялікую цікавасць у гасцей музея з розных куткоў краіны і замежжа.

— Такія этна-студыі, як у нас, ёсць не ў кожным беларускім горадзе. Наша батлейка стала абавязковым атрыбутам усіх фальклорных святаў, музейных мерапрыемстваў, — сцвярджае Карына Курсевіч, дырэктар Цэнтра гісторыі і культуры. – Пастаноўкі ладзяцца ў нас не толькі на Каляды, а ўвесь год. Асабліва шмат паказаў адбываецца ў перыяд школьных канікул. Мы вельмі задаволены тым, што маладыя людзі дакранаюцца да нашай традыцыйнай культуры ў вольны час.

У планах – удзел у нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”. Летам калектыў этна-студыі абавязкова возьме ўдзел у фестывалях “Александрыя збірае сяброў” і “Кліч Палесся”.
Сапраўднае мастацтва ніколі не загіне. Праз гады маўчання ў 90-х батлейку адрадзілі. І яна ніколькі не састарэла: класічныя сюжэты пра барацьбу паміж дабром і злом будуць заўсёды актуальнымі



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *