Вось яна, кніга Уладзіміра Арлова, якая атрымала прэмію Гедройца – «Танцы над горадам». Нечакана, канешне, ад Арлова-гісторыка пабачыць нешта такое… касмічнае. Але яно ёсць, яно прыцягвае сваёй містычнасцю і патаемнасцю.
З аднаго боку, можна сказаць, што гэта твор пра людзей хворых на самнамбулізм. Аўтар настолькі яскрава апісвае прычыны ўзнікнення, праявы, разціццё гэтай хваробы, што, здаецца, несумненна раскрывае чытачу сваю самую вялікую таямніцу.
«Мая таямніца дагэтуль са мною. З надыходам траўня душа ўжо прадчувае набліжэнне начэй. Калі мае босыя ногі адчуюць шурпатую паверхню даху. І я аддамся рытму танца…»
З другога боку, гэта кніга – туга па мінулым юнацтве. Паравіне жыцця чалавека, напоўненай неверагоднымі прыгодамі, няўрымслівымі фантазіямі, сімвалічнымі снамі, міжпланетнымі палётамі і танцамі над горадам.
«Я танчу ў промнях месяцавага святла, калі поўня ўрастае ў зямлю сваімі каранямі, і ў зорныя ночы, што сумуюць без месяца або адпачываюць ад яго. Танчу ў памяць пра юнацтва, пра нашае брацтва, якое будзе жыць, пакуль танцыць хоць адзін з нас…»
У той жа час, жыццё кожнага творчага чалавека – гэта своеасаблівы танец над горадам. Удзень даводзіцца пражываць жыцце звычайнага «нармальнага чалавека»: праца, сям’я, дзеці, выкананне правілаў, адпаведнасць нормам. І толькі ўначы ці ў рэдкія хвіліны, калі застаешся сам-насам, можна дазволіць сабе патанчыць з Настаўнікам, Залацістай, Кіяскёркай, Гімнасткай і Коткай. Але без гэтага выхаду фантазіі, міжпланетных палётаў і танцаў над горадам немагчыма нараджэнне не толькі геніяльных твораў, але і ўвогуле існаванне творчага чалавека.
Быць творцам, а тым больш геніем, зусім няпроста. Нават вылучацца нечым сярод іншых — гэто ўжо патрабуе пэўнай мужнасці, цвёрдасці духа, нязломнасці. Ісці сваёй сцежкай да канца, адстойваць права на свой густ, сусвет, нават на дасягненні, няўдачы — усё гэта атрымліваецца далёка не ва ўсіх… Гіне гімнастка, праз некаторы час будзе забіты Настаўнік, некуды знікне Котка… Незайдросны лёс і Паэта. Але той, хто застаецца, можа працягнуць і завершыць іх Танец над горадам са спадзяваннем, што недзе ёсць аднадумцы і спадкаемцы. І потым нехта працягне яго танец…
«Танчу у памяць пра кожнага… І бываюць ночы, калі я прысвячаю свой танец усім тым, хто зараз танчыць на дахах у іншых гарадах гэтага і таго свету…Я танчу ў памяць пра сябе…»