Усё пакінуць след павінна

Рецензия

Постаць Францыска Скарыны адна з найбольш вядомых у сучаснай Беларусі. Ставячыся з пашанай да доктара і першадрукара, мы нават не дапускаем думкі, што пры жыцці да яго ставіліся неяк не так. Але ў п’есе Віктара Марціновіча з’яўляецца не велічны вобраз, а просты чалавек, і рэальнасць аказваецца пазбаўленай ружовых колераў.

Ведаючы з гісторы пра лёс Скарыны, я разумела, што яго шлях быў складаны і цяжкі, што не ўсе прымаоі ягоныя ідэі, але ў той жа час я была ўпэўнена, што і павагі ён спазнаў дастаткова. Атрымліваецца, што не.

Калі глядзела п’есу, напачатку вельмі здзіўляла наіўнасць Скарыны. Па маіх падліках, у час, паказаны гледачам, яму было каля сарака гадоў, гэта і для нас досыць сталы ўзрост, а для ХVІ стагоддзя – тым больш. Але потым прыйшла думка, што вынаходнікі, геніальныя і творчыя людзі захоўваюць нешта дзіцячае на ўсё жыццё. З гэтай дзіцячай наіўнасцю яны нясуць сваю ідэю людзям, верачы, што ўсё атрымаецца і жыццё зменіцца да лепшага. Мара аб друкаваных кнігах была для доктара тым паветрам, што напаўняла яго грудзі, ён не цікавіўся палітыкай, не разумеў канфесійных спрэчак, Скарына хацеў даць простым людзям магчымасць чытаць Біблію на той мове, на якой яны гавораць.

Тут трэба спыніцца на пэўным моманце. Я не зусім зразумела словы спадара Францыска пра тое, што для той мовы, на якой ён кажа, пакуль наяма назвы. Зараз мы завем тую мову старабеларускай, пад гэтай назвай яна існуе і ў падручніках па гісторыі. Але ж, наша мова стала дзяржаўнай мовай у Вялікім княстве Літоўскім яшчэ пры Гедыміне, што за два стагоддзя да жыцця Скарыны. Цяжка паверыць, што ўвесь гэты час мова існавала без назвы. Маўляў, гаворым і гаворым, а назва і не трэба.

І яшчэ. За тры гадзіны, што ішоў спектакль, ні разу не прагучала нацыянальнасць Скарыны. Ён быў ці то паляк, ці то рускі. Але дзеянне адбываецца ў 1515-1540 гг, і ў той час Вялікае княства не знаходзілася пад там уплывам Польшчы, пад якое трапіла пасля Люблінскай уніі. І саманазва “літвін” павінна была яшчэ гучаць. Згадаю, што я не гісторык, і глыбока не вывучала гэтае пытанне, але ўсё ж такі ў час падзей жыхары ВКЛ, на маю думку, не сталі б называцца ні палякамі, ні рускімі.

Мне здаецца, трэба засяродзіць увагу на яшчэ адным эпізодзе. Не ўпэўнена, ці было гэта задумана аўтарам, ці гэта мае думкі, але вельмі ўразіла ў непрыемным сэнсе сцэна суда. Цалкам зразумела, што суд быў не сапраўдны, і грошы, якія нібы быў вінны брат Францыска, не так былі і патрэбныя. Бо калі справа была б у грошах, звязацца з пляменнікам і загадаць прынесці патрэбную колькасць – справа пяці хвілін. Атрымліваецца, што нехта зверху проста не хацеў, каб Скарына друкаваў кнігі, камусьці не падабалася яго мара. І патрэбныя былі не грошы, а сам доктар. У падцвержанне маёй думкі было пытанне зняволенага: “А калі вы паспелі ўсё гэта напісаць?” (пра тэкст справы, які нібыта быў напісаны падчас паседжання). Прыдумаць нейкую справу, знайсці сведкаў, загадзя вынесці прысуд – таксама справа пяці хвілін.

З рэплікаў герояў і зместу п’есы вынікае адмоўнае стаўленне драматурга да Расіі. Агульнавядома, што ў Маскве кнігі спадара Францыска былі спаленыя, але адзін і той жа выпадак можна паказаць цалкам па-рознаму, і Віктар Марціновіч не проста малюе яго ў вельмі чорных фарбах, ды яшчэ і робіць на ім вялікі акцэнт. Поўныя знявагі да сваіх людзей маналогі пра “быдла”, якое павінна рабіць тое, што яму скажуць, выразы “Я рускі, я пайду на вайну” і “Польшча захваціць рускі свет, а мы захвацім Польшчу”, нібыта агаворка пра цара Уладзіміра – гэта ўсё складаецца ў выразны малюнак суседняй краіны, прычым атрымліваецца, што за пяцьсот год нічога не змянілася.

Віктара Марцінкевіч піша адначасова пра мінулае і сучаснае. Гэта не толькі амбасадар ВКЛ з аўтаматам і сам Скарына з тэлефонам і пашпартам РБ. Гэта яшчэ і яскрава падкрэсленая думка, пра якую я ўжо казала: за пяцьсот год нічога не змянілася. Усё так жа нараджаюцца геніальныя і таленавітыя людзі, якім трэба было нарадзіцца гадоў пра дзвесце, усё так жа лёгка пасадзіць непатрэбнага чалавека, усё так жа ідзе падзел на людзей і быдла, якое павінна слухацца і выконваць загады.

Але хопіць пра змест. Спектакль – гэта яшчэ і праца рэжысёра, акцёраў і іншых людзей. Вельмі цікава, што атрымалася расказаць паўнавартнасную гісторыю з невялічкай колькасцю рэквізіту. Яго амаль не было, але талент акцёраў і рэжысёра зрабілі спектакль настолькі якравым, што гледачы і не звярталі ўвагу на адсутнасць рэчаў. Яшчэ зацікавіла ідэя чытаць рэмаркі аўтара ўслых: гэта даволі незвычайна і нова, але на сцэне выглядала .

Можна я асобна выкажусь пра артыста, што выконваў ролю Скарыны? Гэта вельмі-вельмі таленавіты чалавек. Гледзячы на яго, я проста фізічна адчувала захапленне і адчай, надзею і разгубленасць спадара Францыска. Кожная рысачка твару, кожны позірк быў напоўнены пачуццямі і эмоцыямі.

Перачытваю свой водгук і разумею, што ў чалавека, які не глядзеў спектакль, можа скласца адчуванне, што ён досыць змрочны. Адразу скажу, што гэта не так. Дыялогі былі геніальныя, гумару было вельмі шмат, прычым жарты былі таксама геніальнымі. Калі казаць пра жанр п’есы, я бы вызначыла, што гэта трагікамедыя.

Мне здаецца, што  мастацтва ўвогуле не павінна пакідаць чалавека абыякавым. Калі хтосьці чытае аповесць, глядзіць фільм ці слухае музыку, у яго душы павінен з’явіцца акіян эмоцый і пачуццяў, калі яго няма – гэта падробленае мастацтва. Спектакль “Кар’ера доктара Рауса” з’яўляецца сапраўдным мастацтвам.


 

 

 

 

Фатадзымкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *