У месцы, дзе мінуўшчына сустракаецца з сучаснасцю, нараджаецца вечнасць. У чэцвер 6 верасня я прыйшоў ў такое месца. Тэатр. Спектакль “Кар’ера доктара Рауса”, схадзіць на які я хацеў яшчэ з першай прэм’еры , якая адбылася летам 2017 года.
Яскравая гісторыя жыцця беларускага генія эпохі Адраджэння Францыска Скарыны пераплялася з сучаснасцю, у тым ліку і з гаджэтамі, якія ніяк не маглі прысутнічаць у XVI стагоддзі. Сучаснасць замацавалася і шырокім ужываннем “новых” слоў, выразаў. Але ці атрымалася з гэтага вечнасць? Так, цалкам і безумоўна. Бо ў цэнтры п’есы апынулася менавіта вечная праблема. Жыццё, пакуты і радасць таленавітага чалавека.
Падзеі пачынаюцца ў 1515 годзе, калі напоўнены надзеямі і энтузіязмам малады Франак Скарына просіць дапамогі ў “карпарацыі” Якуба Бабіча. Нікому невядомы і непатрэбны выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта змог атрымаць заруку ў Вільні. Самым захапляльным момантам ў гэтай сцэне мне падаўся момант, калі шчыра жэстыкулюючы і трымаючы ў руках кнігу, напісаную “па-рюскі”, акцёр становіцца ў позу Францішка Скарыны, у якой той застыў каля Нацянальнай бібліятэкі. І адразу ж на выносным экране(у XVI cтагоддзі!) з’явіўся фотаздымак гэтага помніка.
У спектаклі задзейнечана невялікая колькасць і дэкарацый, і акцёраў. Прычыну гэтага тлумачаць самі героі падчас зачытвання рэмарак. Што Кракаўскі ўніверсітэт, што віленская друкарня або пакоі віленскага біскупа Яна выглядаюць падобна, каб паказаць той момант, што дзе б ні быў, куды б ні ездзіў Францыск Скарына , сустракалі яго аднолькава няветліва.
На другое месца па важнасці я хачу паставіць героя Іржы (Юрчыса, выхаванага грамадзяніна, Якуба Бжоску, файнага хлопчыка ў галіфэ). Дакладней, гэта не герой, гэта вобраз, у якім пры дапамозе аднаго акцёра аб’ядналіся ўсе дрэнныя людзі, якія сустракаліся на шляху маладога першадрукара. З’явіўшыяся у самым пачатку п’есы гэты вобраз не прапусціў ніводнай сцэны. Адметнай яго часткай стаў каталіцкі ружанец, што быў сціснуты ў руцэ нізкі герояў. Чым ён выбітны? А тым, што не ў кожнай сітуацыі з’яўляўся дарэчным, як, напрыклад, у пратэстанцкім асяроддзі, тым, як у апошняй сцэне, дзе яго гаспадар з’яўляецца шэфам асабістай службы караля, ружанец знікае, пераўтвараецца ў звычайны элемент касцюма.
Гэтыя героі, неспагадны лёс Францыска Скарыны не змаглі зламаць яго. Нягледзечы на ўсю безвыходнасць, у адчайным маналозе, выкананым Арцёмам Курэнем, гучаць ноткі веры і надзеі. І ў гэты напружаны момант,калі на вачах глядачоў праступаюць слёзы, калі “нябёсы маўчаць і чутны толькі смех лёсу” ў залу зноўку ўрываецца сучаснасць. На гэты раз у выглядзе песні. “На белом-белом покрывале января” цалкам змяняе настрой спектакля.
Спектакль мае таксама высокую патрыятычную аснову. Адмаўляючыся быць палякам, сын купца з Полацка называў сябе русам. Аднак у канцы, зведаўшы “любоў” русаў да сябе, Фарцыск Скарына адмаўляецца ад такога звання, просіць называць сябе Раўсам. Вось як адна літара можа змяніць увесь сэнс або дадаць новы.
У пачатку п’есы прагучала парўнанне кніг Скарыны з “бляшаначкай, якая будзе ззяць у вечнасці”. Яна ззяе і зараз. Ззяе на сцэне тэатра беларускай драматургіі, дзякуючы аўтару гэтай трагікамедыі Віктару Марціновічу. Зіма, якая пачалася ў часы Скарыны, скончылася сучаснай вясной, бо зерне, якое пасеяў першадрукар, даўно ўзышло і дало свае плады.