Лявон Вольскі выпусціў новы альбом – «Гравітацыя». Прызентацыя адбылася 2 сакавіка ў сталічным клубе Prime Hall.
Альбом стаў трэцяй, заключнай часткай серыі дыскаў: «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016). І калі прызентацыі іншых альбомаў адбываліся за мяжой, то паслухаць «Гравітацыю» ў жывым выкананні атрымалася на радзіме.
У новы альбом увайшло 12 песен, кожная з якіх з’яўляеца выражэннем асабістых думак музыкі. Упершыню за доўгі час Лявон заспяваў на рускай мове – у сваёй «Русской песне» ён жадаў адлюстраваць панаванне «рускага свету» як ў нашай медыйнай прасторы, так і ў свядомасці большасці беларусаў. Прайшоўся класік беларускай песні і па нашай сістэме адукацыі ў сваёй песні з аднайменнай назвай, параўнаўшы школьную адукацыю з акупацыяй дзіцячай свядомасці. Трапіла пад раздачу і вайсковая сістэма – у песні «Войска» з іроніяй адлюстроўваецца сучаснае стаўленне моладзі да вайсковай службы. Крыху безнадзейнасці ў агульны настрой альбому дадае песня «Няма за кім ісці», у якой музыка зазначае, што зараз людзі не маюць лідара, кагосьці, з кім яны бачаць будучыню краіны, бо «не робіць час герояў». Лірычныя ноткі выражаны ў гэтым альбоме больш ярка за мінулыя: гэта песні «Лепшыя на свеце», «Човен», «Зніклыя людзі», «Адсюль пачынаецца свет».
«Канцэпцыя альбома – гісторыя чалавечага жыцця, ад нараджэння і да скону, з прывязкай да пэўнай тэрыторыі. Спачатку юнацкі максімалізм, мары, летуценні, першае каханне, а потым пачынаецца пераход у дарослы час, калі шмат што не спраўдзілася ды яшчэ сістэма ўрываецца ў тваё жыццё і бязбожна яго рэдагуе. А потым ужо сталасць, калі сыходзяць сябры і людзі вакол, трэба падводзіць вынікі. Шмат у чым невясёлыя» – адзначыў музыка.
Падчас прэзентацыі прагучалі новыя песні, якія адразу знайшлі водгук у сэрцах людзей. Таксама не абыйшлося без старых хітоў, якія літаральна ўзарвалі залу. Ужо сталі традыцыяй на канцэртах Вольскага нацыянальная беларускія сцягі, настроі свабоды, патрыятызму і прагі да зменаў.
У перапынку паміж часткамі на сцэну выйшла спявачка Рэспубліка Паліна. «Я тут самы шчаслівы чалавек, бо стаю на гэтай сцэне пасля Вольскага», – зазначыла дзяўчына. І потым сагрэла прысутных песнямі пра лета і каханне.
Лявон двойчы выходзіў на біс, спачатку для выканання ўжо стаўшых традыцыйнымі «Трох чарапах», а потым – развітаўся ў публікай выкананнем песні «Простыя словы».
Адзначаюць, што Лявон Вольскі – жывы класік беларускай музыкі, пясняр рэвалюцыі, якая не мае адбыцца. Ягоныя песні напоўненыя прагай да свабоды, шчасця і магчымасці дыхаць на поўныя грудзі ў роднай краіне.