Сучасны тэмп жыцця здзіўляе сваёй насычанасцю і настарожвае няспынным імкненнем бегчы наперад. Чалавек увесь час прымушаны падладжвацца пад яго, шукаць спосабы, каб знайсці вольны час і на адпачынак, і на любімы занятак, і на культурную праграму. Апошняя пакутуе часцей за ўсё, таму сёння выйсце будзем знаходзіць разам. А дапамогуць у гэтым цікавыя капмлекты паштовак, якія з’явіліся дзякуючы супрацоўніцтву Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны і выдавецтва ТАА «Артыя Групп».
У выніку атрымалася серыя паштовак, прысвечаная беларускаму мастацтву дзевятнаццатага стагоддзя. Першымі былі складзеныя камплекты па творчасці знакамітых аматараў беларускага мастацтва: Вітольда Бялыніцкага-Біруля, Івана Хруцкага, Станіслава Жукоўскага.
Камплекты складаюцца з трынаццаці рэпрадукцый знакамітых карцін, якія захоўваюцца ў кардоннай вокладцы. Памер кожнай — 10х15см, што, пагадзіцеся, вельмі зручна. Уся інфармацыя змешчана адразу на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Гэта таксама радуе. Афармленне серыі прыемна здзіўляе: дызайнеры сапраўды добра папрацавалі. Акрамя паштовак, пакупнік можа ўбачыць і партрэт мастака, і яго невялічкую біяграфію.
На зваротным баку кожнай паштоўкі ёсць назва палатна, з якога была зроблена рэпрадукцыя, год стварэння карціны, яе рэальны памер, нават матэрыял, пры дапамозе якога быў створаны шэдэўр. Таму, калі вы да гэтага часу не знаходзіце нічога цікавага ў посткросінгу, у вас ёсць выдатная магчымасць далучыцца, а акрамя гэтага, лепш пазнаёміцца з творчасцю сваіх землякоў, якімі мы маем права па-сапраўднаму ганарыцца.
Капмлекты паштовак можна набыць як сувенір у Нацыянальным мастацкім музее Рэспублікі Беларусь ці ў кніжкай краме вашага горада.