ТОП-5 кніг пра мінулае Беларусі, якога вы не знойдзеце ў падручніках па гісторыі

Культура Разное

Гісторыя жыве міфамі, лічылі старажытныя грэкі. Гісторыя жыве фактамі, гавораць сучасныя гісторыкі. Гісторыя жыве лёсамі – запэўніваюць пісьменнікі і ствараюць жыццё нанова.

 

Аповесць «У капцюрох ГПУ», Францішак Аляхновіч

Аповесць прапануе чытачу падзівіцца, наколькі свабоднай бачылася савецкая Беларусь у пачатку сваім, у 1926 годзе, з-за мяжы і як бязлітасна яе ўнутраныя арганізацыі нішчылі чужынцаў – варожых толькі таму, што яны чужынцы. Ад самых светлых мараў аб свабодным жыцці галоўны герой праходзіць праз страх і да разумення, якую сацыялістычную пачвару пад бязгучный маскай шчасця нарадзіла рэвалюцыя. Аўтар дае чытачу паглядзець і на быт страху, і, бы з-за вугла, на людзей – Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Аляхновіча…

Аповесць “Лявон Бушмар”, Кузьма Чорны

Пытанне зямлі – казалася б, што яна чалавеку? Хіба нельга без яе? Чорны дае свой цверды адказ – не. Нельга. І адабраць яе ў чалавека – злачынства, нават калі толькі ў агульную маёмасць. Галоўны герой, імем якога названа аповесць, толькі на першы погляд зніжаны да звера. Інакш той час не дазваляў паказаць кулака – а Лявон Бушмар становіцца ім, бо ён хутарчанін, які надта трымаецца за сваю зямлю. Па-за інстынктыўнымі паводзінамі, якія ён не лічыць патрэбным стрымліваць, па-за страхам новага аўтар хавае таямніцу “бушмараўшчыны”.

Раман “Запіскі Самсона Самасуя”, Андрэй Мрый

Самсон Самасуй – імя тыпу Фідыпіда з камедыі Арыстафана. Самсон – імя з Бібліі, якое гучыць горда, а вось беларуская фамілія Самасуй падказвае, што герой не будзе сядзець на адным месцы. Самсон закіпае ад ідэй па “аптымізацыі” жыцця, якія можа бесперашкодна ўвасабляць з вышыні сваёй пасады. Пішучы на знарочыта афіцыйнай мове, аўтар смяецца, і смех гэты распаўсюджваецца на ўсю савецкую сістэму. Чытач пабачыць, як Самсон падстаўляецца на аблаве на непрытульных сабак, рэпетыцыі пажарных мерапрыемстваў і мностве іншых нябыта добрых, але насамрэч непатрэбных пачынаннях і агульна не разумее, чаму ж ён працуе “мэтазгодна”, а вынік нулявы.

Аповесць “Сівая легенда” (іншая назва – “Раман Ракута”), Уладзімір Караткевіч

Майстар гістарычнага жанру, Караткевіч звярнуўся да яго і тут. Напэўна, гэта будзе самая рамантызаваная з аповесцей ў спіску. Тут сутыкаюцца воля супраць прыгнету, каханне супраць жорсткасці і рэўнасці – вось матывы аповесці. У вуснах Рамана Ракуты – павага да беларускага народа і вера ў мужыка, нярушны патрыятызм. Псіхалогія не зацята па вуглах, але і не разліваецца па старонках, яна гармануе са сцэнамі ваенных падзей, стратэгічнымі падсадкамі і памылкамі, паволі змяняя ход споведзі перад поглядам чытача. Разбаўляюць аповесць і ўстаўка на беларускай, нямецкай, лацінскай мовах. Гэта вершы, песні, малітвы, якія надаюць эпохе нават большага каларыту, чым з’ява Льва Сапегі напрыканцы твора.

Аповесць “Салавей”, Змітрок Бядуля

Навучанне – свет. Прыродны дар – шчасце. Тэатр – храм асветы. Гэтыя словы здаюцца шчырай праўдаю, пакуль не паўстае за спінаю заўвага – “воля пана”, накіраваная выключна на мастацтва, звар’яцелая на ім адным. З-пад волі пана вучэнне мовы переўтвараецца ў катаванне, работа акторам – у пекла. Прыгонніцтва і абражанае прыгонніцтвам мастацтва паўстаюць у аповесці. Калі мэты пана без разумення свету, але з надчалавечай уладай разыходзяцца з чалавецкасцю, ахвяраў не пазбегчы. Будуць тое скалечаныя душы, лёс, змарнаванае жыцце, непабачаныя бацькі – мала хто заклапаціцца. Калі трэба вырашыць, ці будзе на сцэне гаварыць асел Езуса – гэта не варта ўвагі…

Што з гэтага спіса Вы ужо чыталі, што прачытаеце? А якія кнігі пра беларускую гісторыю прапанавалі бы Вы? Адгукніцеся ў каментарыях!



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *