Рома Свечнікаў – звычайны дваццацігадовы хлопец, які 1 ліпеня 2012 года, кінуўшы ўнівер, схапіў заплечнік, узяў з сабой камеру, маленькі ноўт і каля 200 даляраў і пайшоў да трасы М1. Пасля гэтага моманту яго жыццё поўнасцю змянілася, асабліва, улічваючы той факт, што ў гэтым падарожжы Рома сустрэў сваю будучую жонку. Падарожнічаць аўтаспынам для юнака было не ў навінку, бо, калі ён яшчэ вучыўся ў школе, аб’ехаў з сябрамі Беларусь. У дадзеным выпадку Рому дадаткова падштурхнуў праект 34mag, да якога Рому запрасілі пісаць нататкі пра іншыя краіны, рабіць фота, здымаць відэа. Павярнуўшыся ў канцы 2014, Рома перадаў ў выдавецтва рукапіс сваей кнігі “Рома едзе”, пасля публікацыі кніга апынулася ў шорт-лісце літаратурный прэміі “Дэбют” імя Максіма Танка.
Падчас напісання рэцэнзіі, інтэрнэт выдаў артыкул аб тым, што нельга пісаць рэцензію на кнігу, калі ты гэтую самую кнігу спампаваў бясплатна, бо грошай аніякіх ні аўтар, ні выдавецтва не атрымалі, таму выказванне асабістай думкі немагчыма. Але адсутнасць кнігі ў друкаваным варыянце, шчыра кажучы, грае ёй на руку, бо, калі бачыш, як выглядае стракаты зборнік, адразу бачна дрэнна схаваны маркетынг. На вокладцы, апрача ўсяго, красуецца мілы хлопчык (ніколькі не дзіўна, што ў любой кропцы свету заўсёды знойдзецца дзяўчына, ці нейкі Міша, ці транс — і ўсе яны гатовыя з ім цалавацца і не толькі). Выглядае трохі эгацэнтрычна: на вокладцы – я, у назве – я, наогул, я тут паўсюль. Але Даніла Беранцаў у прадмове да кнігі абяццаў, што гэта “апісанне часткі ягонай кругасветкі”. Першае ўражанне застаецца поўнае скепсісу.
Тэкст прымушае забыць ўсе “знешнія” недахопы кнігі, бо тут адразу адчуваецца прастата (у добрым сэнсе гэтага слова) і шчырасць. Рома зусім не майстар высокага слова, хутчэй, ён блогер з пісацельскімі навыкамі сярэдняга ўзроўню. Апавяданне напісана па прынцыпе “што бачу, пра тое і пяю”, увесь сюжэт зводзіцца да руціны: дарога, пошук начлегу і ежы. Але чапляюць чытача незвычайныя, а галоўнае, нечаканныя метафары, напрыклад: “Гэта ўжо занадта, я дзіка злы, бо за дарогу прыкіпеў да свайго кацялка, як рыс да дна”. Таксама ўзрадвала мова: беларуская – простая, без вычвурнасцей і слоў са слоўніка, ангельская – яшчэ больш, бо ўпершыню мне не было сорамна за свой узровень:
“ – Hey, man! Have you been in Otto-bar yesterday?
– Yes, I had. My name is Roma, – працягваю яму руку.
– I’m Yashar. You danced like crazy, man!
– It was a national Belarusian dance”.
Прачытаўшы ўжо прыблізна дзве главы, перастаеш бяздумна захапляцца прыгодамі Ромы, і ўвага пераходзіць да яго эмацыйнага стану і яго метамарфозаў на прыцягу ўсяго падарожжа. Ён – маленькі хлопчык, які страшэнна баіцца стаць дарослым і дарослага жыцця ўвогуле. Менавіта таму ён і выбірае шлях падарожніка-аўстаспыншыка, з усімі адпаведнымі праблемамі і небяспекамі, а калі асяроддзе на некалькі момантаў апускае яго на зямлю, у яго пачынаецца амаль істэрыка, толькі што ціхая.
“Званіць мабілка. Мама кажа, што памерла бабуля. Бабуля памерла? Яна сказала, што будзе жыць, пакуль яе ўнук вучыцца… Мне да дому – тры тысячы кіламетраў. Гэта, на злом галавы, тры дні дарогі. Можна яшчэ на самалёце. Назад у Менск? Я не магу, ніяк не магу. Цягнікі сутыкаюцца ўнутры мяне, рэйкі плавяцца, зварухнуцца не атрымліваецца. Калі б толькі мяне было два!“
“Мне сніцца адзін і той жа сон, быццам я вяртаюся дадому ў Менск на некалькі дзён, а потым зноў працягваю дарогу. Ад такіх карцінак я пачынаю панікаваць. Мая дарога – гэта ўсё, што ў мяне ёсць. Адчуваць сябе. Адчуваць, як гэты шар круціцца пад табой. Адчуваць, як ты яго круціш. Мае самыя важныя ўспаміны назаўсёды звязаныя з момантамі крыштальнай адзіноты”.
І атрымліваецца: з аднаго боку — Рома адчувае сябе шчаслівым ў адзіноце, з другога – яму патрэбныя людзі, але за некаторых з іх трэба несці адказнасць, чаго Рома якраз і баіцца. Замкнёны круг. Рома, які лічыў, што яму патрэбна свабода, калі атрымаў яе,зразумеў, што якраз з-за яе яго так і размазвае.
“Мы жывём гэтым ідэалам, гатовыя біцца за яго і спрачацца да пены на вуснах. А высвятляецца, што свабода – гэта край. Ад свабоды ты раптам губляеш сябе, і лепей, каб у гэты момант ты не ехаў на матацыкле.”
“Адсутнасць патрэб і прыхільнасцяў – гэта тое, што характарызуе вольнага чалавека. Калі раскручваць гэтую думку далей, свабодны чалавек – той, хто абыходзіцца малым, наборам з першай ступені піраміды Маслоў. Ён жыве ўнутры свайго свету і не мае сувязяў з вонкавым.”
“ Абсалютная свабода мяжуе з вар’яцтвам. Сустрэўшыся з ёй тварам да твару, ты або добраахвотна знікаеш без вестак, або перастаеш спяваць ёй песні.”
“Свабода – гэта ідэал для слабакоў.”
Ён знаходзіць выйсце якраз у тым, чаго так моцна баяўся, — у адказнасци за іншага чалавека. Ёсць Воля, і яна можа стаць гэтым якарам, які будзе трымаць яго на зямлі: “ Я сустракаю Волю ў аэрапорце, вешаю на шыю і адводжу ў горад. Цяпер я буду часцей есці, спаць пад дахам і ганяць у душ. Цяпер калі я кажу “я”, чытай “мы” ”.
Пасля напісання і выхаду кнігі, у 2020, па інстаграме і фэйсбуку Ромы добра відаць, што з ім на выхадзе здарылася. Ён апынуўся ў тым жа самым крызісе, што і Горват пасля “Радзіва” ў “Прэм’еры”: ператварыўшы сваё жыццё ў праект,у літаратурную гісторыю, атрымліваеш кагнітыўны дысананс з “Я-рэальным”. І калі Горват у гэтай сітуацыі выкарыстоўвае сваю рэфлексію і свой стан для новай кнігі, то Рома проста закапваецца, бо,па-першае, аўдыторыя ў яго трохі маладзейшая за Андрэеву, па-другое, тэмперамент і характар Рома вельмі адрозніваецца ад інтраверта-меланхоліка Горвата. Іранічна і тое, што і Андрусь Іванавіч, і Свечнікаў шукаюць ратунак у Оле/Воле.
Якую культуру падарожжаў атрымаў у спадчыну сучасны чытач ад Саюза? “Масква-Касіяпея”, “Госця з будучыні” – усе гэта пра космас, усе недасяжнае. І хоць падарожніцкая літаратура, як і самі падарожжы беларусаў, толькі пачынае нараджацца, “Рома едзе” – выдатны яе прыклад. Мэсэдж Ромы крыштальна празрысты: усё што мы маем, – гэта наша жыцце, а большасць з нас прафукае як мінімум маладосць з усімі яе страхамі, пацалункамі і прамочанымі нагамі. Калі-небудзь, калі “дух авантурызма” хоць трошачкі выцісне з нас страх, тады ўвесь свет стане намі, а мы – светам. І тады ўсе,хто сачыў за Ромам па старонках інтэрнэту ці па кнізе, паедзе ўжо на самай справе, а не седзячы на канапе. Тады ўжо мы паедзем за Рому, а пакуль застаецца толькі баяцца:
“Праз сотню гадоў нікога з нас не застанецца. Як выдатна, што мы тут так ненадоўга. Баяцца няма чаго – усяму адзін канец. Мы зліёмся ў адзіную плынь, каб усё забыць і нарадзіцца нанова. Мы вецер, нашы словы проста гульня”.