«Пранізаны чыстай беларускасцю»: з якімі творамі беларускай літаратуры варта пазнаёміцца замежнікам

Новости

Нельга не пагадзіцца, што вялікую частку студэнцтва Беларусі, асабліва Мінска, складаюць студэнты з іншых краін. Першаснай задачай мясцовых студэнтаў становіцца знаёмства сваіх калег з беларускай культурай. Гэта немагчыма без знаёмства з літаратурай. Мэта гэтага топа — з’яўленне ў замежнікаў поўнага ўяўлення аб беларускім народзе, яго нацыянальный рысах і гісторыі.

Змітрок Бядуля “У дрымучых лясах”

У гэтай аўтабіяграфічнай аповесці Змітрок Бядуля расказвае пра жыццё, матэрыяльнае і духоўнае, адной з важных частак беларускай культуры — габрэйскай. Мы можам даведацца, як працавалі сем’і габрэяў, як і дзе вучыліся малыя дзеці. Цікавым з’яўляецца паказ рэлігійнай часткі жыцця габрэяў, якая праяўляецца ў малітве перад мізахрам, шанаванні Шабасу – суботы, дня без працы, чытанні і навучанню чытанню па рэлігійных кнігах. Таксама паказваецца цікавасць і таленавітасць габрэяў у розных відах мастацтва: музыка, каванне і г. д. Без габрэйскай культуры немагчыма зразумець сутнасць усёй беларускай, таму я б параіла пазнаёміцца з гэтай энцыклапедыяй жыдоўскага жыцця.

Уладзімір Караткевіч “Ладдзя Роспачы”

Уся творчасць Уладзіміра Караткевіча пранізана чыстай беларускасцю, але, на мой погляд, менавіта ў “Ладдзі Роспачы” яны выражана найбольш. Твор апавядае пра сустрэчу са Смерцю вядомага на ўсю Рэчыцу выпівохі і распусніка Гервасія Вылівахі. Аповесць можа быць цікавая як сваімі фантастычнымі элементамі, так і зваротам да беларускага мінулага, бо большасць з герояў маюць свой істарычны прататып. Для людзей, якія толькі знаёмяцца з беларускай культурай, аповесць на прыкладзе галоўнага героя пакажа сапраўдную любоў да роднай зямлі. Менавіта за гэтую любоў аўтар прабачае Гервасію ўсе астатнія заганы, бо сімвал Радзімы — кветка шыпшыны для героя важнейшая за жыццё: “Я магу гуляць сабою. Але я не гуляю роднай зямлёй”.

 

Францішак Аляхновіч “У капцюрох ГПУ”

Гэты пісьменнік больш вядомы сваімі драматургічнымі творамі, але менавіта кніга “У капцюрох ГПУ” з’яўляецца яго вялікім унёскам у беларускую літаратуру. Чым яна адметная? Гэта першая кніга, якая апавядае пра цяжкасці жыцця інтэлігенцыі ў Савецкім Саюзе ў пачатку 20 стагоддзя. Гэта першая кніга, якая расказвае пра страхі бальшавіцкай сістэмы, пра ГПУ і рэпрэсіі. Гэта першая кніга, у якой мы можам убачыць шчырую веру ў будучыню сваёй краіны побач з расчараваннем у ёй жа. Кніга дзеліцца на дзве часткі, розныя па сэнсавай і эмацыянальнай напоўненнасці, мяжу паміж імі выразна паказвае сам аўтар: “Скiдаю маску. Але! Гэтым наiўным «Попутчiкам» быў я — Францiшак Аляхновiч”. Кніга рапавядае пра генацыд беларускай інтэлігенцыі, і прачытаўшы яе, можно зразумець, чему так склаўся далейшы лёс беларускага народа. Францішак Аляхновіч справіўся з задачай, якую сам паставіў: “Мне калiсь ня верылi. Казалi, што гэта паэтыцкая выдумка. Хлусьня. Цяпер паверыце”. Мы паверылі.

 

Андрэй Макаёнак “Кашмар”

Гэтая кніга адрозніваецца ад астатніх, выбранных мной, тым, што яна належыць да іншага роду літаратуры — драмы. У п’есы ёсць другая назва, якая апісвае яе, на мой погляд, больш дакладна — “Святая прастата”. у ёй расказваецца пра сон, які ўбачыў просты і сумленны селянін. На некаторы час ён стаў прэзідэнтам. З дапамогай гратэску аўтар стварае сатырычныя вобразы яго новых дапаможнікаў: сакратаркі, міністраў. Цікава, што героі з першай часткі, калі галоўны герой Стары быў простым чалавекам, адпавядаюць героям з другой. Навошта п’есу чытаць замежнікам? Бо ў ёй паказаны ў гіпербалізаванай форме тыя рысы, якія, як мне здаецца, характэрны для большай часткі беларусаў — шчырасць і святая прастата, якая можа прывесці да дрэнных наступстваў: “Вось і прыйшоў твой канец, міратворац!”

 

Васіль Быкаў “У тумане”

Васіль Быкаў —  самы вядомы за мяжой беларускі пісьменнік, яго творы пераклададзены на многія мовы свету. У аповесці “У тумане”, як і ў большай частцы сваіх твораў, аўтар падымае пытанні існавання чалавека ў нечалавечных умовах, на вайне. У цэнтры аповесці знаходзяцца тры беларусы, якія апынуліся ў адной сітуацыі, але належаць да розных яе бакоў. Сушчэня — здраднік і ахвяра адначасова, Бураў — пасланы на заданне забіць здрадніка, які раней быў для яго прыкладам, Войцік — памочнік Бурава, які здатны толькі на асуджэнне, а не на дзеянні. Кожнага з іх, на мой погляд, можна назваць тыповым беларусам. І нягледзячы на розніцу паміж імі, аўтар прыводзіць іх  да адной высновы: “Чалавек не ўсё можа. Часам ён не можа нічога”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *