Якая яна беларуская літаратура?

Новости

Я лічу, што кожны павінен выбіраць сабе літаратуру індывідуальна. Нават аматараў аднаго жанру прыцягвае да той ці іншай кнігі зусім па розных прычынах: персанаж, сюжэт, аўтарскі стыль і падача. А яшчэ я думаю, што, хоць падбор павінен быць самастойным, спрабаваць чытаць розную літаратуру (не толькі жанры) неабходна: развіваецца асобасная культура, слоўнікавы запас ды і проста іншы погляд на свет з’яўляецца.

З кнігай нас знаёмяць яшчэ дома, у дзіцячым садзе імкнуцца праявіць цікавасць, а ў ужо ў школе вучаць разумець сакрэты старонак. Да школьнага перыяду я не чытала нічога на беларускай мове. Скажу больш, з беларускай мовай я была знаёмая дзякуючы тэлевізару і мужчынскаму голасу ў аўтобусах. Беларуская літаратура пачалася ў мяне з першага класа. Як цяпер памятаю, нам чыталі казку пра чорнага ката і яго сяброў. Мне падабалася: гісторыі добрыя, сюжэт не зацягнуты і шмат песень. З узростам, як яно заўсёды і бывае, пачынае ўсё ўскладняцца, станавіцца больш сур’ёзна. Літаратуру гэта тычыцца таксама.

Да дзявятага і наступных класаў я не цікавілася беларускімі творамі. Не, вядома я іх чытала, але гэта без якога-небудзь запалу. Проста так трэба. А не было цікавым па той прычыне, што з першых старонак магчыма адгадаць сюжэт. Гэта не складана. Чамусьці чалавек, які складае праграму навучання, вырашыў даць нам у рукі кнігі, у якіх беларусаў заўсёды прыніжаюць, увесь час ідзе вайна і персанаж, які табе больш за ўсё ў пачатку спадабаецца, апынецца здраднікам, нягоднікам або памрэ. А яшчэ ўсе плачуць. З нагоды і без. Сэнс некаторых твораў я не разумею дагэтуль. Напрыклад, не памятаю, хто напісаў, але ў класе шостым ці сёмым мы чыталі «Губаты»: про ласяня, якое ўвесь аповяд гадавалі і любілі, а ў канцы бесталкова забілі. Выбачайце, у чым сутнасць?

Упершыню ў сваім жыцці я стала чытаць не адрываючыся беларускую літаратуру ў старэйшых класах. Уладзімір Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім», Іван Мележ «Людзі на балоце», Іван Шамякін “Сэрца на далоні”, “Знак бяды” і “Сотнікаў” Васіля Быкава — і гэта нават не палова. На колькі становіцца цікавым чытаць, калі людзей паказваюць, як людзей, а не рабоў панскіх. Дынамічныя сюжэты, харызматычныя героі. Часам не ўпэўненая: а ці беларускі твор я зараз прачытала?

Зараз памянялася многае. Літаратурныя творы сталі дарослымі. Чытаць стала яшчэ цікавей, калі кніга ставіцца да цябе, як да дарослага. Падымае такія тэмы жыцця, пасля чытання якіх яшчэ некаторы час ходзіш і разважаеш. У самым пачатку курса, калі толькі пачыналі чытаць запланаваныя творы, я спалохалася, што зноў будзе вайна, парушэнне правоў і гэтая шарманка так і не скончыцца. Але я памылялася.

Не тое, каб гэтых тэм не тычыліся, — былі, але паказаны з іншага боку. Цалкам з іншага. Напрыклад, апавяданне Бядулі «Салавей». Панскі гнет, прыгонныя сяляне… Але! Тут гавораць пра тэатр, тут галоўны персанаж не схіляе галаву, а змагаецца за свае права. Потым наогул стаў беларускім Робін Гудам.

Сама не чакала, што мне спадабаюцца аповесці “Кветка пажоўклая”, “Голы звер” і апавяданне “Ой, ляцелі гусі”. Нарэшце сацыяльныя праблемы. Вядома, апавяданні не з самых прыемных, але ўключаешся ў чытанне з першых слоў. Некалькі разоў змяняеш меркаванне пра герояў. Потым яшчэ раз, ужо калі абмяркоўваеш з сябрамі.

Яшчэ хачу ўзгадаць пра «Браму неўміручасці» Макаёнка. У той жа школе, калі чыталі, нібыта камедыі, нешта гумару не прасочвалася наогул. Злавалі пытанні настаўніка, накшталт: «На яком моманце вам было асабліва смешна?» Ды ні на якім! Што за гумар такі плоскі. Літаральнасьці і ўсё … А вось у «Брама неўміручасці» было смешна, нават вельмі, што мяне парадавала. Здавалася б сюжэт даўно не новы і дыялогі падобныя ўжо дзесьці трапляліся, але ўсмешка не сыходзіла з твару да самага канца. Асабліва прыйшоўся па душы вобраз лабаранткі Наташы. Дзяўчат па класіцы показывют ціхімі, нясмелымі, а тут? А тут іншая справа! Разумная, жывая, мэтанакіраваная, кемлівая! Пайшла сама там нешта раз — раз: вырашыла праблему, засталася з каханым, абвяла вакол носа астатніх. Малайчына!

Я магу яшчэ доўга казаць, пра таго ж Быкава, напрыклад, але можна і так зразумець, што нічога дрэннага пра творы я не скажу. У прынцыпе, любы аповяд — апрацаваныя думкі аўтара. Вы іх можаце прымаць ці не прымаць. Усё, як у жыцці. Хіба што, у жыцці вы чалавека стараецеся даведацца, як мага лепш, а ўжо потым вешаць на яго цэтлікі, у той час, як кнігу зачыняеце, варта толькі адной фразе з’явіцца не ў патрэбным месцы.

Як было апісана вышэй, не трэба думаць з-за аднаго ня ўпадабанага творы, што ўсе кнігі гэтага аўтара або, тым больш, уся літаратура дрэнная. Справа ў тым, што трэба знайсці свой жанр, свайго аўтара. У літаратурах свету столькі твораў! Я таксама буду старацца шукаць свой кірунак. І зараз магу сказаць, што беларуская літаратура абсалютна не сумная, калі ты змог яе зразумець і прыняць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *