Інтэрв’ю з Віктарам Марціновічам пра раман “Ноч”

Абитуриент Культура Рецензия

Дзесяць гадоў назад, на чытацкую арэну ўварвалася новае імя – Віктар Марціновіч. Яго кнігі сталі не проста запатрабаванымі, а самымі чытаемымі ў Беларусі. Адна з самых яркіх прац аўтара – раман “Ноч”, які прываблівае чытачоў сваім постапакаліптычным сюжэтам. Сёння ў свеце, як і ў кнізе, можна назіраць, як грамадства апынулася ў сітуацыі недалёкай ад катастрофы: чалавек страчвае свой людскі твар, ператвараецца ў манкурта. Даведацца меркаванне Віктара Марціновіча наконт гэтага пытання было б цікава і актуальна.

Як Вы пачалі пісаць раман “Ноч”? Адкуль ідэя?

“Раман “Ноч” – гэта цудоўная метафара для тых часоў, у якіх мы жывем, для часоў post-праўды, для часоў fake news, ну і так далей… Усё пачалося са сноў, шмат якія творы мастацтва, гэта я магу сказать як мастацтвазнаўца, пачынаюцца з таго, што нехта нешта пабачыў у нейкіх сненнях. Вось так гэта было і ў выпадку з раманам “Ноч”. Але, канешне, прыдумаць сюжэт, такі агромісты свет у найменшых дэталях ад валюты да стасункаў паміж людзьмі вымагала часу, вымагала высілкаў і працы.”

Як можна вызначылі жанр рамана? Ці гэта антыўтопія, ці постапакаліпсіс?

“Гэта самае крыўднае пытанне з тых, якія могуць быць зададзены. Таму што на мой погляд гэта і не постап, і не антыўтопія. Гэта нешта іншае. Пад час выхаду гэтай кнігі на рускі рынак, было шмат зроблена, каб змясціць гэту кнігу ў нішу з фантастычнай літаратурай. І апошнія навіны, якія прыходзяць з Расіі, гэта навіны пра вылучэнне на прэмію Стругацкіх гэтай кнігі. Тое, што яна трапіла ў доўгі спіс прэміі Стругацкіх, гэта хутчэй крыўдныя навіны. Таму што, на мой погляд, “Ноч” – гэта не зусім фантастыка. Але я добра ўсведамляю, што любая добрая фантастыка – гэта не проста фантастыка. Гэта заўсёды нешта большае, чым постап ці антыўтопія. Я бы параіў адносіцца да гэтага тэксту, да гэтага твору, як да “казання”. Вось ёсць русскае слова «притча», якое вельмі складана перакласці на беларускую мову, мне падабаецца беларускае слова “казанне”. Вось гэта такое “казанне”, “апакрыфічнае казанне”, у ўкім шмат апокрыфу, шмат ад міфу, пра прыгоды чалавека “ў ночы”, пра прыгоды чалавека ў умовах, у якіх ён апынуўся. “

У чым метафізічны сэнс планеты, якую спасцігла катастрофа?

“Метафізічны сэнс мабыць у тым, што мы ўжо працяглы час жывем у стане катастрофы, апакаліпсіс ужо даўным-даўно здарыўся. На мой погляд, мы зараз жывем у ім, засяляем планету ў стане катастрофы. Напрыклад, існуе такая краіна, Бангладэш. Краіна прыгожая, краіна з вельмі добрымі людзьмі, але краіна, у якой апакаліпсіс ужо здарыўся. Там ёсць сталіца, праз якую працякаюць самыя шматводныя рэкі сусвету: Брахмапутра і Ганг. І абедзьве гэтыя ракі знаходзяцца ў стане смерці, хімічнай смерці. І калі ты засяляешся ў гатэль, цябе просяць пад час душа заплюшчыць вочы, павярнуць нос такім чынам, каб у яго не трапіла гэта вадзіца. Вось настолькі там усё дрэнна. Ёсць месцы ў свеце, напрыклад у Афрыке, у Кеніі, калі ты выходзіш з гатэлю, ты трапляеш у нейкія лабірынты, лабірынты са смецця… Бачна, што апакаліпсіс ужо адбыўся. Але мая кніга, яна не пра гэта. Яна не пра “страшнае”, яна не пра бачны свет. Яна хутчэй пра сімвалічнае, пра тое, што мы ўсе адточаныя дэманамі, якіх мы самі прыдумляем. Вельмі не шмат хто бярэ на сябе работу задацца пытаннямі: ці на самрэч усё так, як нам кажуць у інтэрнэце, ці насамрэч усё так, як нам кажуць сябры ў сацыяльных сетках? Вось у пэўным сэнсе мы павярнуліся ў свет да Гутэнберга ды Скарыны. Скарына некалі зрабіў вялікую справу: пачаў друкаваць кнігі, і зрабіў кнігу нечым, што больш не трэба шукаць па княжых палацах, што даступна кожнаму. Мы бачым вялікі заняпад кнігі з часоў Гутэнберга. Але цікавасць да кнігі, як да феномена, яна знікае. Гартанне стужкі ў Фэйсбуку ці Вікіпедыі — вось гэта паўсюльнае, у любы момант даступнась ведаў, утварае элюзію, што кніга больш не патрэбна. Вось пра гэта і ёсць раман “Ноч”.“

Галоўны герой Кнігар: хто гэта, і чаму менавіта кнігі займаюць важнае месца ў рамане?

“Мне было вельмі важна вярнуць у літаратуру героя. Калі казаць напрыклад пра постмадэрн, які на маю думку ўжо скончыўся, зараз часы “пасля постмадэрну”, казаць пра герояў постмадэрну, мы ўбачым людзей, якія здольныя да ўчынку, але не здольныя да роздуму. І мне падавалася вельмі прынцыповым вярнуць галоўнага героя. Я пачаў з таго, што, канешне, інтэле ктуал пры гэтым можа быць яшчэ і чалавекам учынку. Мне было цікава распавесці рэальную гісторыю. У мяне ёсць адзін знаёмец, які ўкладаў бібліятэкі для заможных людзей. Гэта было дваццаць гадоў таму, калі заможныя людзі разам з пабудовай добрага маёнтку яшчэ клапаціліся пра тое, каб бібліятэкі выглядалі заможна і інтэлектуальна. Вось ён за вялікія грошы на той час збіраў бібліятэкі на замову. Уладары гэтых бібліятэк так і не пачыталі гэтых кніг, якія ён закупаў для іх. Але гэтая гісторыя мяне ўразіла, і была пакладзена ў біяграфію Кнігара.”

Пры дапамозе рамана ”Ноч” празаік паспрабаваў змадэліраваць і прадбачыць будучыню. Раман-постапакаліпсіс нясе ў сабе загадкавасць, недасказанасць, падтэкст, уздзейнічае на свядомасць чытачоў. Кожны элемент, матыў, сімвал ў рамане “Ноч” аказваецца пераасэнсаваны ў новым кантэксце. Апакаліпсіс, па Марціновічу, ужо адбыўся, і справа кожнага – яго пераадоленне і набыццё надзеі і праўды праз блізкасць з людзьмі. Пісьменніцкі абавязак – папярэдзіць людзей пра магчымыя катаклізмы і апісаць страшную будучыню, што можа нас спасцігнуць. Віктар Марціновіч праз раман-постапакаліпсіс “Ноч” здолеў гэта зрабіць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *