Першы матэрыял пра брамніка Рафаэла быў напісаны яшчэ падчас абітурыенцтва, у дадзеным тэксце было адзначана, што такі гулец не павінен сядзець на лаўцы запасных, а ён там знаходзіўся яшчэ два гады. Першы год — у тым жа «Напалі», другі — у «Сампдорыі».
Пасля пераходу ў «Сампдорыю» перашкодай да варты №1 стаў італьянскі брамнік інданэзійскага паходжання Эміль Аудэра, гулец «Ювентуса», які быў арэндаваны з «Ювентуса». Колішні галоўны трэнер «Сампы» Марка Джампаола аддаў перавагу Эмілю, таму Рафаэл згуляў толькі ў двух сустрэчах Серыі А ды двух матчах у Кубку Італіі.
Блеклае развіццё кар’еры паспрыяла радыкальнай змене абстаноўкі, таму ў жніўні 2019 года Рафаэл пераязджае ў Англію і падпісвае кантракт з клубам Чэмпіёншыпу пад назвай «Рэдынг». І недарма — ён правёў тут лепшы сезон з часоў Бразіліі. За гэты перыяд ён прыняў удзел у 44 гульнях (13 з якіх адыграў на «нуль»), зрабіў неверагодную колькасць «сэйваў», стаў гульцом сезону ў клубе. Кабрал нават здолеў пераадолець моўны бар’ер і вывучыў англійскую мову. Параўнайце першае інтэрв’ю Рафаэла і інтэрв’ю пасля атрымання ўзнагароды лепшага гульца.
Дэбютная гульня Рафаэла Кабрала за «Рэдынг» адбылася супраць «Уікама Уондэрэрса» ў межах Кубка лігі, брамнік праявіў сябе ў серыі пенальці і вывеў каманду ў наступны раўнд.
У гэтым тэксце не будзе звяртацца ўвага на кожную гульню «Рэдынга», толькі ў лічбах пакажам асноўны ўклад Рафаэла на развіццё каманднай гульні. За ўвесь сезон Рафаэл здзейсніў 120 «сэйваў», ён адбіваў удары ў два разы часцей, чым прапускаў. Больш «сэйваў» — толькі ў Дзілона Філіпса з «Чарльтана»(127). Перад вымушанай паўзай у чэмпіянаце Кабрал меў 77, 6% адбітых удараў.
«Рэдынг» прапусціў 58 галоў, гэты найменшы паказчык з сезону 2013/2014, тады «роялз» прапусцілі 56 галоў, сам Кабрал даставаў мяч з сеткі 53 разы.
Але самае галоўнае дасягненне брамніка — замацаванне клуба ў сярэдзіне турнірнай табліцы, на 14 пазіцыі, а не ў прорве, якая вядзе ў Лігу 1. Ніжэй будуць відэа з лепшымі «cэйвамі» Рафаэла ў гэтым сезоне.
Леташняя здзелка Рафаэла і «Рэдынга» стала ўдалай для двух бакоў. Сайт getreading.co.uk дае 9/10 гэтаму трансферу, а сам бразілец адчувае тут сябе як дома:
«Я вельмі шчаслівы — я хачу падзякаваць нашых фанатаў, таму што яны выбралі мяне. Але я не адчуваю сябе лепшым гульцом сезона, таму што шмат разоў мае таварышы па камандзе дапамагалі мне! Я вельмі задаволены сваім першым сезонам тут. Я адчуваў сябе як дома, калі трапіў сюды. Мае таварышы па камандзе мне вельмі дапамаглі. Яны сапраўды добрыя хлопцы. А калі працуеш з сябрамі, гэта лёгка! Так што цяпер я адчуваю сябе як дома, я вельмі шчаслівы тут, у клубе, і мая сям’я шчаслівая … спадзяюся, наступны сезон будзе значна лепшым для нас, таму што гэты клуб павінен рухацца далей».
Таму пажадаем далейшых поспехаў камандзе Рафаэла! Няхай «роялз» у наступным сезоне вернуцца ў Англійскую Прэм’ер-лігу.