Яшчэ главу і спаць

Абитуриент

Застаўся апошні месяц для адпачынку. І калі вы захочаце прабавіць час за кнігай, у мяне ёсць прапанова. Я паспрабавала падабраць цікавыя творы на любы густ, якія вы не знойдзеце ў спісах школьнай літаратуры.

Калі вы любіце прыгодніцкую літаратуру і дэтэктывы, то раю звярнуць увагу на творы Уладзіміра Караткевіча і Людмілы Рублеўскай.

Уладзімір Караткевіч у сваіх дэтэктывах майстэрскі пераплятае сюжэты сучаснасці і мінуўшчыны, агортвае таямніцамі так, што вы не адпусціце кнігу, пакуль не дачытаеце.

Галоўны герой рамана “Чорны замак Альшанскі” Антон Косміч атрымлівае кнігу. Сябар, што прынёс яе, памірае ў  трагічных абставінах. Герой даследуе кнігу і сам не заўважае, як пачынае ўласнае расследаванне. Яно і прыводзіць яго да тайны радавога памесця Альшанскіх.

Людмілу Рублеўскую часта называюць паслядоўнікам Уладзіміра Караткевіча. Гэта зусім няправільна і некарэктна. Кожны пісьменнік самабытны ў сваёй працы. Што датычыцца творчасці класіка,  ў сваім інтэрв’ю для “Звязды” аўтарка расказала, што Караткевіч паказаў ёй Беларусь з іншага боку. Не з погляду “пана сахі і касы”, а таямнічую, рыцарскую, са шляхцюкамі і князьямі. На старонках зборніка твораў “Пярсцёнак апошняга імператара” вы знойдзеце спасылкі да жыцця і паўстання Кастуся Каліноўскага, прывіды Кальварыйскіх могілак Мінска, Скрыню Пандоры і Каралеўства Беларусь.

Аматары фантастыкі напэўна памятаюць мультфільм “Таямніца трэцяй планеты” яшчэ з дзяцінства. “Казкі астранаўта” Людмілы Рублеўскай падораць вам той гарэзлівы і захапляльны дух вандровак па бясконцай Галактыцы сярод заманлівых і таямнічых планет. Вы адправіцеся ў касмічныя падарожжы разам з беларусамі, а таксама даведаецеся цікавыя звесткі пра асобныя зоркі і нават цэлыя сузор’і, але абавязкова вернецеся на родную Зямлю.

Гістарычная драма Аляксея Дударава “Чорная панна Нясвіжа” заснавана на элегічным паданні пра каханне беларускай магнаткі з роду Радзівіл і польскага караля Жыгімонта. У Нясвіжскім замку ўжо не адно стагоддзе з’яўляецца прывід жанчыны – Барбары Радзівіл. Па легендзе, уладарная Бона Сфорца была супраць шлюбу свайго сына Жыгімонта з прадстаўніцай магутнага шляхецкага роду… А далей усё адбывалася як па сюжэце шэкспіраўскіх п’ес.

Рамантычны дух старажытнага Нясвіжа можна адчудь у Купалаўскім тэатры, тут пастаноўка ідзе кожны сезон вось ужо дваццаць год.

Біяграфічна-мастацкая аповесць “Развітанне” Барыса Мікуліча апавядае пра развітанне Максіма Багдановіча з Беларуссю. Паэт заўсёды хацеў заставацца на Радзіме і быць пахаваным тут, але праз хваробу быў прымушаны адправіцца ў Крым. Гэта аповесць пра развітанне Багдановіча з бацькам, з якім у яго заўсёды былі рознагалоссі.  Гэта аповесць пра развітанне Максіма Багдановіча з жыццём…

Спадзяюся, што камусьці я дапамагла. Галоўнае—памятаць, што не трэба чытаць на хаду ці ў транспарце, нават калі кніга самая цікавая ў вашым жыцці. Гэта можа быць небяспечна!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *