Канікулы ў аўдыторыі ВНУ

Абитуриент Медиа Новости Разное Универ

Школьны навучальны год ужо даўно пачаўся, а гэта значыць, што праз некалькі месяцаў універсітэты краіны адкрыюць свае дзверы для абітурыенатаў. Кожны выпускнік прыкладна арыентуецца ў якую навучальную ўстанову будзе падаваць дакументы і актыўна рыхтуецца да адпаведных экзаменаў.
Магчымасць на кароткі тэрмін акунуцца ў студэнцкае жыццё дае праект “Студэнт БДУ на тыдзень”, дзявяты сезон якога прайшоў падчас асенніх школьных канікул. Мэтай праекта з’яўляецца папулярызацыя адукацыйнай дзейнасці ВНУ, яе спецыяльнасцяў, а таксама дапамога абітурыентам пры выбары будучай прафесіі. Прыняць удзел у ім могуць навучэнцы 10 і 11 класаў, адбор удзельнікаў праходзіць з дапамогай матывацыйных лістоў, у якіх школінікі расказваюць, чаму яны хочуць стаць “студэнтамі на тыдзень” на адным з 18 прыведзеных факультэтаў  Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Вялікую колькасць анкет па традыцыі атрымаў журфак. Удзельнікі дзявятага сезона “Студэнт БДУ на тыдзень” на факультэце журналістыкі – вучаніца 11 класа Брэсцкага абласнога ліцэя Аліна БОБЕЛЬ і вучань 11 класа Івацэвіцкай сярэдняй школы № 3 Стас РАТАХІН – падзяліліся са мной уражаннямі ад праекта:

 

Што пісаць, каб трапіць у праект?
Аліна: – Не трэба быць залішне сур’ёзным і ставіцца да матывацыйнага ліста, як да дакладу на адзнаку. Назавіце рэальныя прычыны таго, чаму вы хочаце стаць студэнтам БДУ на тыдзень, што падштурхнула вас на гэта. Зацікаўлівайце, прыдумляйце цікавыя фарматы, каб правяральшчыкі не пазяхалі над чытаннем вашага эсэ.
Стас: – На маю думку, вы павінны напісаць пра тое, чаму менавіта ВАС патрэбна ўзяць на гэты праект. Не, не трэба пазначаць, што вы такі круты журналіст, а тым больш устаўляць усе свае дасягненні ў матывацыйны ліст. Можаце напісаць, як прыйшлі ў журналістыку, чаму хочаце паступіць у БДУ, што чакаеце ад удзелу ў праекце.

Што запомнілася больш за ўсё?
Аліна: – Больш за ўсё мне запомнілася сама атмасфера студэнцкага жыцця. Студэнты вельмі актыўныя і камунікабельныя, заўсёды гатовыя адказаць на твае пытанні і даць параду. Тую яшчэ хвалу варта было б даць сталовай і смачнай каве, без гэтага, канешне, нікуды. Я ўпэўнілася ў тым, што ўніверсітэт – гэта сапраўды выдатна і трэба імкнуцца і працаваць для паступлення.
Стас: – На жаль, эпідэміялагічная сітуацыя змяніла ўсе планы арганізатараў на гэты праект. Але самае галоўнае, што мерапрыемства ўсе ж такі адбылося. Магу адзначыць наведванне тэлекампаніі СТБ, лекцыі, якія былі вельмі розныя па зацікаўленасці, свабоду студэнтаў – тут ўсім ўсё роўна, як ты выглядаеш і якой ты нацыянальнасці.

Якія перавагі і недахопы заўважылі?
Аліна: – Да пераваг можна аднесці выдатную арганізацыю, якая цалкам дае зразумець усю сутнасць студэнцкага жыцця, бо мы не толькі забаўляліся, але таксама пабывалі на не вельмі цікавых парах, нам далі шмат патрэбнай і карыснай інфармацыі, нічога лішняга. Мінусаў было не так многа, як плюсаў, але ўсё ж да іх я б аднесла тыя мерапрыемствы, пары, экскурсіі, якія мы не змаглі наведаць у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне.
Стас: – Самае лепшае ў праекце – намаганне паказаць нам студэнцкае жыццё такім, якое яно ёсць насамрэч. Вялікая перавага – студэнты, якія не толькі гэта арганізуюць, але і пазітыўна ўспрымаюць абітурыентаў. Недахопам на працягу ўсяго праекта з’яўляецца адсутнасць жылля для іншагародніх удзельнікаў.

Вашы парады будучым «навучэнцам»?
Аліна: – Ні ў якім разе не бойцеся. Калі хочаце – рабіце. Збірайцеся з думкамі, сядайце пісаць эсэ і наперад! Не варта хвалявацца і быць “сур’ёзнымі дзядзькамі”, адкрывайце сэрца, чыніце і намагайцеся. Гэта таго заслугоўвае.
Стас: – Не баяцца нічога. Я нават гэта і напісаў у сваім лісце. Так, вы павінны зрабіць усё ідэальна, але калі не атрымаецца, то жыццё на гэтым не заканчваецца. Крыўда перараджаецца ў стымул, які дапамагае вам стаць лепшым за ўсех.

Не шкадуеш, што канікулы прайшлі такім чынам?
Аліна: – Не. Мае канікулы былі б сумнымі, калі б не гэты праект, ды і дзеля такіх цудоўных аднагрупнікаў, з якімі я вучылася, варта было прапусціць 5 дзён канікул.
Стас: – Ужо зараз, калі пачалася другая чвэрць, у мяне з’яўляюцца сумненні наконт майго выбару правядзення канікул. Але адкладваю гэты варыянт, бо, на маю думку, я больш адпачываў, чым аднакласнікі. Пачынаецца сезон алімпіяд, і шмат сяброў кожны дзень хадзілі ў школу на падрыхтоўку, а я не толькі наведаў універсітэт сваёй мары, але і набыў такіх цікавых аднадумцаў, як мае аднагрупнікі.

 Вычышся ў 10 ці 11 класе? Ёсць жаданне прыняць удзел у праекце? Я, маючы невялікі вопыт, кажу – спрабуй!

Удзельнікі дзявятага сезона праекта «Студэнт БДУ на тыдзень» на факультэце журналістыкі


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *