2020 год стаў трагічным для гісторыі футбольнай зборнай Аргенціны, пайшлі з жыцця людзі, якія прыводзілі каманду да поспехаў. У якасці гульца Дыега Марадона здабыў для Аргенціны Кубак свету ў Мексіцы ў 1986 годзе (адданыя заўзятары памятаюць «руку Бога»), быў блізкі да гэтага праз чатыры гады ў Італіі. Алехандра Сабелья ў якасці трэнера зборнай узяў срэбраныя медалі на бразільскім мундыялі 2014 года, Ліанэль Месі адзначае, што перажыў з Сабельяй адзін з самых лепшых перыядаў у кар’еры.
Сабелья і Марадона ніколі цесна не ўзаемадзейнічалі паміж сабой, аднак іх постаці ўплывалі адзін на аднаго да канца жыцця. Заўчасная смерць Сабельі адбылася менавіта з-за Марадоны. ESPN паведамляе, што Сабелья быў моцна ўражаны смерцю Марадоны, таму і патрапіў у шпіталь. Алехандра перажыў Дыега ўсяго толькі на 13 дзён – чортаў тузін для зборнай Аргенціны.
Давайце хутка перагартаем старонкі гісторыі аргенцінскага футбола і высветлім, як Сабелья быў звязаны з Марадонай, і чаму яго называлі «Анты-Марадонай».
Усё пачалося з 1978 года, калі англійская каманда «Шэфілд Юнайтэд» падарожнічала па Лацінскай Амерыцы. Там галоўны трэнэр «Шэфілда» Гары Хэслам заўважыў таленавітага паўабаронца каманды «Аргенцінас Хуніарс» Дыега Марадону. Трэнер захацеў набыць гульца, «Аргенцінас Хуніарс» запрасіла 200 тысяч фунтаў, босы «Шэфілда» параіліся і сказалі, што гатовыя даць толькі 160 тысяч. У выніку Хэслам прыкупіў Алекса Сабелью, іншага «дыспетчара» з клуба «Рывер Плэйт». Праз паўгады з Хэслама сталі смяяцца, паколькі розніца ў 40 тысяч фунтаў ніяк не адлюстроўвала розніцу паміж Сабельяй і Марадонай. І ў «Шэфілд Юнайтэд», і ў «Лідсе» (калі «Шэфілд» вылецеў у трэці дывізіён, то Сабелья перайшоў туды) Алексу не атрымалася стаць «зоркай», таму ў 1982 годзе ён вяртаецца ў аргенцінскі «Эстудыянтэс», дзе два разы становіцца чэмпіёнам Аргенціны. Яго нават выклікаюць у зборную, дзе з 1983 па 1984 ён згуляў у васьмі сустрэчах.
Можна сказаць, што Сабелья выратаваў лёс Марадоны, паколькі невядома, як бы Дыега праявіў сябе ў Англіі, магчыма, «зорка» проста патухнула б.
Менавіта стрыманасць не дазволіла Сабельі стаць культавым гульцом свайго часу. Ён працаваў у паўабароне, умела рухаўся з мячом, скрупулёзна знаходзіў варыянты, але залішне марудзіў. Алехандра быў спецыфічым «Анты-Марадонай» з усімі вынікаючымі, яму катэгарычна не ставала выбуховага парыву.
У дзевяностыя і нулявыя гады шляхі Сабельі і Марадоны не перасякаліся, але ў 2011 годзе Алехандра ўзначаліў зборную Аргенціны (працаваў там 3 гады) , і з тых часоў Сабелья пачаў выказвацца пра Марадону, а Марадона – пра Сабелью, Дыега гэта рабіў часцей.
Марадона жадаў поспеху Сабельі, але завуалявана крытыкаваў яго падчас чэмпіянату свету 2014 года:
«Пры мне Месі гуляў у пяць разоў лепш, чым пры Сабельі. І не трэба казаць, што цяпер Ліанэль ахвяруе сабой для каманды».
Сабелья адгукаўся пра Марадону паважліва:
«Месі гуляе на мундыялі вельмі добра. Менавіта такой гульні ад яго і чакалі партнёры па камандзе і заўзятары. У свой час Дыега Марадона на поле меў вызначальную ролю, і тое ж самае цяпер робіць Месі. Я ў цэлым задаволены як яго гульнёй, так і выступамі каманды».
«Анты-Марадонай» Сабелья заставаўся і ў трэнерскім жыцці – наколькі лепшым быў Дыега як гулец, настолькі ж лепшым стаў Алехандра ў якасці трэнера. Сабелья папрацаваў толькі ў «Эстудыянтысе» і зборнай, Марадона ж мяняў клубы як пальчаткі, Сабелья здабыў для «Эстудыянтыса» Кубак Лібертадорэса і чэмпіёнства ў Аргенціне, Марадона як трэнер не выйграў нічога.
Цікава было б паназіраць за сустрэчай і філасофскім футбольным супрацьстаяннем паміж Сабельяй і Марадонай, але вісакосны год распарадзіўся так, каб аргенцінскія супрацьлегласці сышлі ў нябыт…