Вёска…
Здаецца, звычайнае невялікае слова, якое скаладаецца з некалькіх літар, але колькі яно значыць для мільёнаў людзей па ўсім свеце. Для многіх, у тым ліку і мяне, вёска – гэта тое месца, куды я буду вяртацца з вялікай радасцю ў сэрцы, бо з гэтым невялікім куточкам Беларусі звязана шмат момантаў майго жыцця, амаль усё дзяцінства.
Калі я застаюся сам-насам з думкамі і ўзгадваю родную вёску, шмат прыемных успамінаў авалодваюць маёй свядомасцю: старанная праца на зямлі, лепшы адпачынак падчас бясконцых прагулак з дарагімі людзьмі, першыя пачуцці і расчараванні, перамогі і паражэнні. Свежае паветра, багаты жывёльны і раслінны свет, добразычлівыя людзі, неймаверныя краявіды вёскі ніколі не саступяць гарадской мітусні.
Мяне вельмі хвалюе і расчароўвае той факт, што для сучаснай беларускай вёскі яе спусташэнне становіцца тэндэнцыяй. З кожным годам колькасць вучняў за партамі, моладзі на дыскатэках і вясёлых крыкаў дзяцей на вуліцах значна скарачаецца, а ў нейкіх вёсках, на жаль, знікае зусім.
Канешне, тэма вёскі не магла застацца некранутай у свеце літаратуры. І гэта натуральна, бо пераважная большасць пісьменнікаў нарадзілася ў сельскай мясцовасці. Не згадаць пра родны куток, дзе пакінулі частку сябе, у сваіх творах мастакі слова проста не маглі.
Што ўкладваюць у слова “вёска” беларускія пісьменнікі, можна зразумець, толькі прачытаўшы вершы на гэту тэму.

Мікалай Віктаравіч Шабовіч – беларускі паэт, філолаг і педагог. Прааналізаваўшы творчасць Міколы Шабовіча, я прыйшоў да высновы, што мае погляды ў дачыненні да родных мясцін амаль не адрозніваюцца ад поглядаў аўтара. Шабовіч сцвярджае, што родная вёсачка дае яму сілы і веру, што ўсё, уключаючы літаратурную творчасць, бярэ пачатак з жыцця на малой радзіме. Пісьменніка саграваюць успаміны аб вясковым жыцці, ён ганарыцца, што нарадзіўся менавіта на гэтай зямлі і яго сэрца назаўсёды ёй аддана. Свае адносіны да роднай вёскі аўтар захаваў у радках верша “Роднай вёсцы Бадзені”:

Яшчэ адзін наш сучаснік, паэт, географ і краязнавец Ігар Міхайлавіч Пракаповіч у сваім вершы “Правінцыя” прызнаецца вёсцы ў пачуццях. Аўтар любіць родную правінцыю любой: напоўненай сабачым брэхам, брыгадзірамі, якія падымаюць на смех, катамі, якія штодзённа шпацыруюць па вясковых вуліцах. Пісьменнік сцвярджае, што ў правінцыі жыццё запаўняецца новымі, больш яскравымі колерамі, а людзі тут “зямныя”. У апошніх радках верша аўтар прызнаецца, што гмахі гарадоў ніколі не будуць яго вабіць так, як духмяны пах палёў, возера, вясковы спакой і цішыня.

Беларускі паэт і эсэіст Аляксандр Уладзіміравіч Пісьмянкоў у сваім невялічкім вершы “Роднае” закрануў вясковую тэматыку. Пазнаёміўшыся з творам, можна здагадацца, што роднае для пісьменніка – гэта яго вёска, над якой “дымок гаркавы”, гэта жанчыны, якія працягваюць род і не даюць памерці вёсцы, гэта беларусы-працаўнікі, якія ў жаркія летнія дзянькі старанна працуюць на роднай зямлі: “Размова касы з атавай”. У сваім вершы Алесь Пісьмянкоў выкарыстоўвае такую стылістычную фігуру, як алітэрацыя. Вялікая колькасць слоў з літарай “р” (“гаркавы”, “размова”, “крылом”, “расчулены”, “радзіны”, “радзіміч” і іншыя) прымушае нас зноў і зноў вяртацца да назвы верша – “Роднае”. Сапраўды, што можа быць больш важным, чым штосьці сваё, ласкавае, роднае?
Магу з упэўненасцю сказаць, што ў большасці беларускіх пісьменнікаў родныя вясковыя мясціны выклікаюць выключна радасныя і цёплыя пачуцці. Усё пачалося з вёскі, а для многіх там усё і скончыцца.
Давайце разам зробім так, каб сучасная беларуская вёска яшчэ мільёны гадоў жыла, квітнела, развівалася і ніколі не памірала!