ТОП-5 кніг пра мінулае Беларусі, якога вы не знойдзеце ў падручніках па гісторыі

Культура Разное

Кнігі пра гісторыю Беларусі – што дакументальныя, што мастацкія – усе працятыя праўдай, цяжкай, амаль непасільнай.

Аповесць «У капцюрох ГПУ», Францішак АляхновічФранцішак Аляхновіч, "У капцюрох ГПУ"

Аповесць прапануе чытачу падзівіцца, наколькі свабоднай бачылася савецкая Беларусь у пачатку сваім, у 1926 годзе, з-за мяжы і як бязлітасна яе ўнутраныя арганізацыі нішчылі чужынцаў – варожых толькі таму, што яны чужынцы. Ад самых светлых мараў аб свабодным жыцці галоўны герой праходзіць праз страх і да разумення, якую сацыялістычную пачвару пад бязгучный маскай шчасця нарадзіла рэвалюцыя. Аўтар дае чытачу паглядзець і на быт страху, і, бы з-за вугла, на людзей – Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Аляхновіча…

Аповесць “Лявон Бушмар”, Кузьма ЧорныВокладка кнігі "Лявон Бушмар", Кузьма Чорны

Пытанне зямлі – казалася б, што яна чалавеку? Хіба нельга без яе? Чорны дае свой цверды адказ – не. Нельга. І адабраць яе ў чалавека – злачынства, нават калі толькі ў агульную маёмасць. Галоўны герой, імем якога названа аповесць, толькі на першы погляд зніжаны да звера. Інакш той час не дазваляў паказаць кулака – а Лявон Бушмар становіцца ім, бо ён хутарчанін, які надта трымаецца за сваю зямлю. Па-за інстынктыўнымі паводзінамі, якія ён не лічыць патрэбным стрымліваць, па-за страхам новага аўтар хавае таямніцу “бушмараўшчыны”.

Раман “Запіскі Самсона Самасуя”, Андрэй МрыйРаман "Запіскі Самсона Самасуя", А. Мрый

Самсон Самасуй – імя тыпу Фідыпіда з камедыі Арыстафана. Самсон – імя з Бібліі, якое гучыць горда, а вось беларуская фамілія Самасуй падказвае, што герой не будзе сядзець на адным месцы. Самсон закіпае ад ідэй па “аптымізацыі” жыцця, якія можа бесперашкодна ўвасабляць з вышыні сваёй пасады. Пішучы на знарочыта афіцыйнай мове, аўтар смяецца, і смех гэты распаўсюджваецца на ўсю савецкую сістэму. Чытач пабачыць, як Самсон падстаўляецца на аблаве на непрытульных сабак, рэпетыцыі пажарных мерапрыемстваў і мностве іншых нябыта добрых, але насамрэч непатрэбных пачынаннях і агульна не разумее, чаму ж ён працуе “мэтазгодна”, а вынік нулявы.

"Сівая легенда" ("Раман Ракута"), Уладзімір КараткевічАповесць “Сівая легенда” (іншая назва – “Раман Ракута”), Уладзімір Караткевіч

Майстар гістарычнага жанру, Караткевіч звярнуўся да яго і тут. Напэўна, гэта будзе самая рамантызаваная з аповесцей ў спіску. Тут сутыкаюцца воля супраць прыгнету, каханне супраць жорсткасці і рэўнасці – вось матывы аповесці. У вуснах Рамана Ракуты – павага да беларускага народа і вера ў мужыка, нярушны патрыятызм. Псіхалогія не зацята па вуглах, але і не разліваецца па старонках, яна гармануе са сцэнамі ваенных падзей, стратэгічнымі падсадкамі і памылкамі, паволі змяняя ход споведзі перад поглядам чытача. Разбаўляюць аповесць і ўстаўка на беларускай, нямецкай, лацінскай мовах. Гэта вершы, песні, малітвы, якія надаюць эпохе нават большага каларыту, чым з’ява Льва Сапегі напрыканцы твора.

Аповесць “Салавей”, Змітрок БядуляВокладка кнігі "Сталавей", Змітрок Бядуля

Навучанне – свет. Прыродны дар – шчасце. Тэатр – храм асветы. Гэтыя словы здаюцца шчырай праўдаю, пакуль не паўстае за спінаю заўвага – “воля пана”, накіраваная выключна на мастацтва, звар’яцелая на ім адным. З-пад волі пана вучэнне мовы переўтвараецца ў катаванне, работа акторам – у пекла. Прыгонніцтва і абражанае прыгонніцтвам мастацтва паўстаюць у аповесці. Калі мэты пана без разумення свету, але з надчалавечай уладай разыходзяцца з чалавецкасцю, ахвяраў не пазбегчы. Будуць тое скалечаныя душы, лёс, змарнаванае жыцце, непабачаныя бацькі – мала хто заклапаціцца. Калі трэба вырашыць, ці будзе на сцэне гаварыць асел Езуса – гэта не варта ўвагі…

Гісторыя жыве міфамі, лічылі старажытныя грэкі. Гісторыя жыве фактамі, гавораць сучасныя гісторыкі. Гісторыя жыве лёсамі – запэўніваюць пісьменнікі і ствараюць жыццё нанова.

Што з гэтага спіса Вы ужо чыталі, што прачытаеце? Калі Вы зацікавіліся, амаль усе гэтыя кнігі можна знайсці і пачытаць на Беларускай Палічцы. А якія кнігі пра беларускую гісторыю прапанавалі бы Вы? Адгукніцеся ў каментарыях!



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *