З чаго пачынаюцца журналісты? Асабісты вопыт рэдактара «ЖурФАКТАЎ»

Универ

Прафесійны выбар, першы тэкст, характар і самаўдасканальванне – пра свой шлях у журналістыку расказвае студэнтка 3 курса факультэта журналістыкі БДУ Ксенія МАЦЮШКА.

Актыўная і сціплая – гэтыя якасьці парадаксальна спалучаюцца ў характары Ксюшы. На факультэце яе ведаюць як перфекцыяністку і надзвычай творчую асобу. Зусім нядаўна Ксенія стала рэдактарам галоўнага студэнцкага выдання факультэта журналістыкі БДУ – газеты “ЖурФАКТЫ”. А між іншым, наша гераіня была блізкая да таго, каб абраць прафесію, далёкую ад медыясферы. Мы пагутарылі з Ксюшай і высветлілі падрабязнасці яе жыцця – прафесійнага і не толькі.

Фота з асабістага архіва гераіні

Складаны выбар прафесіі

— З чаго пачалася твая любоў да журналістыкі?
— Першы тэкст я напісала выпадкова ў 8 класе. Я заўсёды хацела адправіць матэрыял у часопіс, хацела, каб яго апублікавалі, але ніколі не задумвалася пра тое, каб стаць журналістам. Першы блін не атрымаўся комам :), тэкст выйшаў даволі добрым. Я натхнілася і працягнула пісаць. Праз два гады я ўжо дакладна ведала, што выберу журфак.

— Чаму менавіта гэты факультэт?
— У мяне быў варыянт паехаць за мяжу, але пры гэтым я заўсёды ведала, што з верагоднасцю ў 90% застануся ў Беларусі (мне было маральна цяжка паехаць з Беларусі адразу пасля заканчэння школы). Да 10 класа я ўжо дакладна ведала, што хачу паступаць на факультэт журналістыкі, а ў 11 перастала разглядаць іншыя варыянты.

— Як сям’я ўспрыняла тваё захапленне журналістыкай?
— Усе блізкія людзі мяне падтрымалі. Я радая, што з іх боку не было ніякага ціску. А вось у школе настаўнікі рэагавалі па-рознаму. Я вучылася ў хіміка-біялагічным профіле, таму настаўнікі думалі, што мая спецыяльнасць будзе звязаная з хіміяй ці біялогіяй. Калі ў 11 класе я сказала, што на ЦТ буду здаваць мову і гісторыю, шмат хто здівіўся. Часта запытвалі, чаму журналістыка, як адрэагавалі бацькі, ці ўпэўненая я ў сваім выбары. З той пары мне здаецца, што не ўсе людзі ўспрымаюць журналістыку сур’ёзна. Для большасці журналіст – толькі галава, якая размаўляе з экрана.

— А калі б прафесіі “журналіст” не існавала, з чым бы ты магла звязаць сваё жыццё?
— Пэўны час я хацела стаць стаматолагам, таму, магчыма, на гэтай прафесіі я б і спынілася. Часам кажуць, што з мяне магла б атрымацца добрая піяністка (я і сама вельмі люблю іграць, скончыла музычную школу па спецыяльнасці “харавыя спевы”, а фартэпіяна было маім інструментам). Мне складана ўявіць, як зменіцца жыццё праз некалькі год. Магчыма, я сапраўды буду зубы людзям лячыць або ездзіць у туры, як Дзяніс Мацуеў 🙂

— Як думаеш, для журналіста важны талент, здольнасці, спецыфічныя рысы характару або журналіста можна зрабіць абсалютна з любога чалавека?
— Пісаць тэксты можа любы чалавек. Пытанне, якімі будуць гэтыя тэксты. Калі паказаць чалавеку схему для напісання журналісцкіх матэрыялаў, ён будзе пісаць па ёй. Але тэксты атрымаюцца нуднымі, нежывымі. На мой погляд, талант, творчыя здольнасці вельмі дапамогуць у журналістыцы, але без карпатлівай працы нічога не атрымаецца, як і ў любой іншай прафесіі.

— Якім чынам ты сама ўдасканальваеш сваё прафесійнае майстэрства? Магчыма, ты магла б штосьці параіць журналістам-пачаткоўцам?
— Перыядычна чытаю кнігі пра журналістыку і капірайтынг, імкнуся больш пісаць. Лічу, што ўсё набываецца з практыкай, таму парада дня: шмат пішыце.

Крыху пра пазапрафесійнае

— Якія якасці ў сваім характары ты лічаш дадатнымі, а якія адмоўнымі?
— З дадатных я б назвала адказнасць (праўда, часам яна мне моцна замінае), а да адмоўных адношу запальчывасць. Увогуле, складана судзіць саму сябе. Мне здаецца, што з боку лепш відаць.

— Што дапамагае табе расслабіцца пасля складанага дня ва ўніверсітэце?
— Звычайна я чытаю ў транспарце, але, калі быў цяжкі дзень, стараюся ні пра што не думаць і гляджу ў акно. Дома баўлю час з сабакам, магу прыгатаваць штосьці смачнае і прыняць ванну. На жаль, на гэта рэдка хапае часу. У большасці выпадкаў пасля абеду я адпачываю хвілін 30-50 і зноў саджуся за вучобу.

— Ксюша, гэты навучальны год для цябе пачаўся незвычайна. Раскажы, якія ўражанні і чаканні ад трэцяга курса?
— Я ўпэўненая, што гэты год будзе насычаным і карысным. У нас з’явіліся новыя цікавыя дысцыпліны, новыя выкладчыкі, а ў мяне яшчэ і новая пасада :). Будзе цяжка, але весела!

А што, калі б…

— Калі б у цябе была магчымасць паляцець у космас, які б матэрыял ты адтуль даслала для зямной газеты?
— Які-небудзь “шалёны” рэпартаж або інтэрв’ю з зялёным чалавечкам:)

— Калі б заўтра табе прапанавалі ўзначаліць любое выданне на планеце, што б ты выбрала?
— Складанае пытанне) Няхай будзе Marie Claire.

— Калі б табе дазволілі вярнуцца ў адзін дзень з свайго мінулага або на адзін дзень зазірнуць у будучыню, які б момант з свайго жыцця ты выбрала?
— Хачу крыху паглядзець будучыню, не мае значэння, які менавіта дзень. Цікава, што будзе са мною праз 15 гадоў.

Аўтар: Кухарава Алёна



2 комментария по теме “З чаго пачынаюцца журналісты? Асабісты вопыт рэдактара «ЖурФАКТАЎ»

  1. Очень классное интервью получилось! Алена, подскажите, а Вы публиковались сами в «ЖурФАКТАХ»?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *