29 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася сяброўская паэтычная вечарына прымеркаваная да 85-годдзя з дня нараджэння знакамітага паэта Генадзя Бураўкіна.
Генадзь Бураўкін – паэт, журналіст, дзяржаўны дзеяч. Генадзь Бураўкін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, напісаў больш двух дзясяткаў паэтычных кніг. Шмат твораў паэта пакладзены на музыку выбітнымі беларускімі кампазітарамі, такімі як Ігар Лучанок, Эдуард Ханок. Генадзь Бураўкін першым напісаў кнігу ўспамінаў пра пісьменніка Васіля Быкава.
Юбілейная імпрэза пачалася з гучання запісаў вершаў у выкананні самаго аўтара Генадзя Бураўкіна. Прагучалі такія вершы як «Малітва», «Я не ганю землі чужыя» і іншыя.
Галоўная рэдактарка часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран прапанавала ўсім аматарам творчасці Генадзя Бураўкіна прачытаць у жнівеньскім нумары матэрыялы, прымеркаваныя да юбілея паэта. На юбілейнай вечарыне ўпершыню былі экспанаваныя скульптурныя работы Эдуарда Астаф’ева, прысвечаныя Генадзю Бураўкіну. Літаратары Кастусь Цвірка, Навум Гальпяровіч і Зіновій Прыгодзіч падзяліліся ўспамінамі пра сяброўства з паэтам.
На мерапрыемстве былі прадстаўлены матэрыялы з архіва паэта, якія Юлія Бураўкіна (удава паэта) перадала ў фонды музея. Юлія Бураўкіна прысутнічала на вечарыне разам са сваім сынам Аляксеем Бураўкіным.
Студэнты БДУКІМ кафедры тэатральнай творчасці ўпрыгожвалі імпрэзу гучаннем вершаў пра каханне Генадзя Бураўкіна.
Фота: Сяргей Шапран, @rodnae_slova