МОВА, ЯКАЯ ЖЫВЕ

Новости

Як  перакласці на беларускую мову  “анютины глазки” ? А ці ёсць у рускай мове адпаведнік нашаму роднаму слову “гмах”? Вы чулі калі-небудзь словы хрушч, гумовікі,кабета?

Аб чым сведчаць гэтыя пытанні?Яны сведчаць аб незвычайнасці і разнастайнасці нашай мовы. Слоўнік беларускай літаратурнай мовы налічвае прыкладна каля 500.000 слоў, а ў дыялектнай мове існуе прыблізна каля 2 мільёнаў слоў. Асаблівай адметнасцю нашай мовы зяўляецца літара “Ў”, помнік якой знаходзіцца ў Полацку на бульвары праспекта Францыска Скарыны . А колькі яшчэ цікавых рэчаў мы не ведаем!Паводле статыстыкі ЮНЕСКА, беларуская мова займае другое месца па мілагучнасці пасля італьянскай. Ці гэта не нагода для гонару?

Па беларуску і сварыцца нельга, бо словы ліюцца як песня!У свой час Уладзімір Караткевіч на гэты конт выказаўся так : “Тут трэба, дарэчы, заўважыць, што яшчэ да параўнальна нядаўняга часу на Беларусі лаянкі амаль не ведалі, а замест яе існавалі вось такія “кленічы”. Бывалі такія майстры-імправізатары, што і не хацеў бы, а спынішся паслухаць сварку. Вынаходлівасць у параўнаннях — незвычайная”.

Наша мова мае свой шлях станаўлення, сваю гісторыю, дзе быу і росквіт, і заняпад. “ Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”, –  піша Францішак Багушэвіч.

Вывучаць мову зараз цікава, бо існуе шмат праектаў і курсаў, якія займаюцца  яе папулярызацыяй. “Мова нанова” – бясплатныя курсы , дзе выступаюць беларускамоўныя лекары, праграмісты, архітэктары, спевакі, пісьменнікі, акцёры.Курсы таксама можна знайсці на сайце. Апроч Мінска заняткі праводзяцца ў Баранавічах, Гародні, Бабруйску, Брэсце, Маладзечне, Магілёве, Віцебску, Астраўцы , Гомелі, за мяжой адкрыліся ў Кракаве.

Сэрвіс “СЭЙ БАЙ” рэалізуе шмат  узаемазвязаных праектаў, прысвечаных адраджэнню жывой роднай мовы. Кожны чалавек можа прымаць удзел у адраджэнні: напрыклад агучваць беларускія сказы. Можна спампаваць мабільны дадатак.

Будучыня нашай мовы залежыць ад нас, асабліва ад моладзі. У руках маладога пакалення ўсе магчымасці, каб раскрыц яе яшчэ больш.Студэнты розных ВНУ – моладзь нашай краіны – паведалі нам пра словы,якія здаюцца ім незвычайнымі.

Ганна Матусевіч, студэнтка 1 курса БДУ, факультэт журналістыкі:

— Тэлефанаваць! У маёй сям’і размаўляць «трасянкай» — звычайная практыка. Таму, калі трэба было паразмаўляць з кімсьці па тэлефоне, у нас «званілі». Проста, зручна, яшчэ і супадае з рускай мовай.У пятым класе ў школьнікаў змяняюцца ўсе настаўнікі. Нас пазнаёмілі з нашай новай настаўніцай беларускай мовы. Жанчына строгая, але справядлівая. З ёй трэба было заўсёды размаўляць па-беларуску. І вось у адзін дзень я была здзіўлена тым, што на занятках яна папрасіла прабачэння і сказала : «Мне трэба патэлефанаваць дачцэ, некалькі хвілін пасядзіце ціхенька». Мяне вельмі ўразіў гэты дзеяслоў. Як проста, мілагучна і зразумела — «патэлефанаваць». Пасля гэтага ў нашым класе яшчэ некалькі тыдняў чулася «патэлефануй», «тэлефаную», «трэба патэлефанаваць». І зараз я люблю карыстацца гэтым прыемным беларускім словам!

Раман Мілеўскі, студэнт 1 курса БРУ, электратэхнічны факультэт:

— Абібок. Я прымаў удзел у алімпіядзе па беларускай мове, але не заўсёды дасканала выконваў заданні, якія мне давала мая настаўніца, на што яна з усмешкай казала,маўляў, ну ты і абібок,Рома. Гэта быў не першы раз, калі я пачуў ад яе незвычайнае слова. Спачатку мне здалося, што гэта нешта прыемнае, бо вельмі прыгожа гучыць. А потым настаўніца растлумачыла мне, што абібок гэта той, хто лянуецца і што нічога прыемнага ў гэтым слове няма.Але я не пакрыўдзіўся, зараз я і сам так кажу пра сябе.

Вольга Сушко, студэнтка 1 курса МДУ ім.Куляшова, гісторыка-філалагічны факультэт :

— Гузік.Гэта было ў школе, але гэта здаецца мне вясёлым і зараз. Мая настаўніца — цудоўная жанчына, якая заўседы кажа прыемныя словы. І вось раніцай я заходжу на ўрок, а яна і кажа: “Вольга, выглядаеце цудоўна! Гэта новы пінжак? Раней не бачыла яго ў Вас.Як Вам падыходзіць гэты колер, але дзе гузік?”- “Наталля Валер’еўна, прабачце, я не зрабіла практыкаванне на сёння, я яго не зразумела”, — адказала я, падумаўшы, што гузік — гэта дамашняя работа. Настаўніца пасмяялася і растлумачыла, што гэта “пуговица» па-руску. Гузік я потым знайшла дома і старалася заўседы выконваць дамашнія практыкаванні.

«Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор ‒ мова»,  —  калісь сказаў Алесь Разанаў. А нам застаецца гэты твор пранесці праз ўсе жыцце і з гонарам перадаць нашчадкам!

 



2 комментария по теме “МОВА, ЯКАЯ ЖЫВЕ

  1. мне вельмі спадабауся гэты артыкул. дзякуй табе за цікавую інфармацыю!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *