Чаму можа навучыць мінулае сучасніка па рамане «Каласы пад сярпом тваім»

Абитуриент Главное

Раман Уладзіміра Караткевіча  «Каласы пад сярпом тваім» дазваляе нам перамясціцца ў тыя часы, калі беларускі народ не мог паўнапраўна і свабодна існаваць і нават насіць сваё імя. Мы вяртаемся ў цяжкія часы для нашай краіны, калі толькі пачынаўся гэты доўгі шлях аднаўлення і адраджэння нашай нацыі, калі да людзей паступова прыходзіла ўсведамленне таго, што неабходна заяўляць пра сябе і вяртаць тое, што несправядліва аднялі ў нас — права на сваю культуру, сваю незалежнасць, права ведаць і распаўсюджваць сваю сапраўдную гісторыю, права звацца беларусамі і карыстацца роднай мовай, а таксама надзею на адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці ўсяго беларускага народа.

Галоўны герой рамана — Алесь Загорскі пачынае свой шлях усведамлення сябе як беларуса з таго, што знаёміцца са сваім дзедам — Данілам Вежай-Загорскім. Дзед тлумачыць Алесю, што такое «Всея Великие и Малые и…Белые Русь» у тытуле рускага цара. Унук прыходзіць да вываду, што » мы — жыхары Белай Русі». Стары Вежа не згаджаецца, гаворыць: «…Слова гэтае…канчаткова састарэлае…, якога ніхто не помніць. Зараз яно і наогул пад забаронай, шмат год нідзе ты яго не сустрэнеш». У той момант Алесь успамінае бацькавы словы ў магільні продкаў: » У іншых ёсць імя —  у нас няма нічога, акрамя магіл». Цяпер ён ведаў, што імя ёсць, забытае, састарэлае, але ёсць.

 

Гэты дыялог з дзедам з’явіўся пераломным момантам у жыцці юнака. У ім раптам прачнулася непераадольнае жаданне даведацца пра гісторыю гэтай таямнічай і забытай усімі Белай Русі, бо цяпер ён дакладна ведаў: ён беларус і ён мае права ведаць сваю гісторыю.

Спачатку Алесь чытае ў дзедавай бібліятэцы » Шляхціца Завальню » Яна Баршчэўскага. Кніга аказвае на яго душу асаблівае ўражанне і ўздзеянне і вельмі моцны ўплыў на яго свядомасць. Потым, падчас вучобы ў Віленскай гімназіі Алесь, Мсціслаў, Мацей Біскуповіч і яшчэ некалькі чалавек ствараюць » Братэрства чартапалоху і шыпшыны «, яны чытаюць недазволеную літаратуру, спрачаюцца. У Вільні Алесь далучыўся не проста да «мудрасці кніжнай», але да духоўнай спадчыны свайго народа і быў ашаломлены яе багаццем. Азнаёміўшыся ўдосталь з гісторыяй беларусаў, Алесь становіцца сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы, гатовым аберагаць і абараняць яе гістарычнае мінулае ад гнюсных і хлуслівых слоў тых, хто выступае супраць праўды і не прызнае яе ўнікальнасць. Так, ён горача спрачаецца з Ігнаціем Ходзькай, які адмаўляў права беларускага народа на сваю літаратуру і культуру. Алесь праявіў сябе як сапраўдны патрыёт, чалавек дасведчаны, які паважае гісторыю сваёй краіны.

                                   

Дык чаму ж можа навучыць мінулае сучасніка?…Думаю, найперш таму, што яго нельга забываць,..бо калі не памятаць свайго мінулага, свой шлях, сваю гісторыю — немагчыма пабудаваць светлую будучыню; таму, што вельмі важна ўзрошчваць у дзецях любоў да Радзімы, абуджаць у іх сэрцах цікавасць да гісторыі сваіх вытокаў, каб яны не страцілі саміх сябе, не забыліся, хто яны ёсць.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *