
Цёплы летні ранак. Юрый устае разам з усходам сонца, каб своечасова распачаць працу на полі. Затым вітаюць сонейка Ала разам з дзецьмі Мікітам і Ганнай. Яны снедаюць і расходзяцца кожны па сваіх справах: малыя – у школьны лагер, Ала – на любімую работу. І, здаецца, так было заўсёды. Аднак магілёўская зямля стала родным домам для сям’і Заклікоўскіх з Украіны толькі каля 11 гадоў назад. А ўжо такая родная, блізкая, любімая…
Ала Заклікоўская родам з горада Шостка Сумскай вобласці. Там прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады. Пасля заканчэння школы яна разам з бацькамі і старэйшай сястрой пераехала жыць у Расію.
— На Украіне было нялёгка. Горад невялікі, заробак у калгасах мізэрны, — успамінае Ала. — Паехалі ў Падмаскоўе, дзе здымалі кватэру. Там я скончыла прафесійнае вучылішча, затым пайшла на працу, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. Ён аказаўся таксама ўкраінцам, родам з Жытоміра.
А затым родныя Юрыя з пасёлка Кароўчына Магілёўскай вобласці запрасілі іх да сябе. Доўга не думаючы, спачатку ў Беларусь паехаў глава сям’і. Там ён уладкаваўся на працу інжынерам у сельгаспрадпрыемства “Пудаўня-агра”. Гаспадарка выдзеліла яму дом. Радасці сям’і не было мяжы. У хуткім часе ў Пудаўню прыехалі і Ала з маленькім сынам.
—Беларусь спадабалася нам з першага погляду, — дзеліцца ўражаннямі жанчына. — Чыстыя дарогі, прыгожыя прыпыначныя пункты, дагледжаныя палі. Мы не маглі налюбавацца!
На Дрыбіншчыне маладую сям’ю прынялі вельмі цёпла. Мясцовыя жыхары дапамагалі ва ўсім: ад рамонту да бытавых дробязаў. Без праблем уладкавалі сына Мікіту ў дзіцячы садок, затым у школу. Знайшла працу і Ала. Зараз яна шчыруе сацыяльным работнікам, дапамагае пажылым людзям. У яе на абслугоўванні 11 чалавек, якія пражываюць не толькі ў аграгарадку, але і бліжэйшых вёсках.
— Я вельмі люблю сваю работу, — прызнаецца жанчына. — На жаль, у мяне няма сваіх родных бабуль і дзядуль, таму да гэтых людзей я прывязалася душой. Як і яны да мяне. Так прыемна, калі чую ад іх такое цёплае і ласкавае “дачушка”.
Юрый шчыруе зараз у “Трылесіна-агра”. Мужчына задаволены і ўмовамі працы, і заробкам. А калі ёсць увага і добрая матывацыя, працуецца весялей.
На беларускай зямлі ў сям’і Заклікоўскіх нарадзілася дачка Ганна. У верасні яна ўжо пойдзе ў першы клас, а сын Мікіта – у сёмы. Пераехалі з Расіі ў Пудаўню і бацькі Алы. Тата Юрыя таксама жыве побач.
— Мы шчаслівыя, што жывём тут, што тут растуць нашы дзеці, — дзеліцца ўражаннямі Ала. — У нас ёсць праца, дом, душэўныя, добрыя людзі побач, спакойнае, мірнай жыццё, упэўненасць у заўтрашнім дні. З асаблівай цеплынёй і шчырасцю мы можам сказаць: Магілёўшчына — наша другая радзіма.
Пакуль сям’я Заклікоўскіх мае від на жыхарства, але ў хуткім часе плануюць атрымаць і грамадзянства. Яна цвёрда вырашылі: жыць будуць у Беларусі.