Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 года забрала мільёны жыццяў і стала трагедыяй для кожнай сям’і. У Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. Лясы дагэтуль захоўваюць паглыбленні ад зямлянак, а пры раскопках усплываюць усё новыя імёны загінулых. Так, цяжка было падчас вайны, але аднавіцца пасля яе аказалася яшчэ складаней.
Мая бабуля, Бізункова Вера Якаўлеўна, нарадзілася незадоўга да вайны 2 траўня 1940 года. Будучы дзіцём, у 1943 годзе бабуля Вера разам са сваімі сваякамі трапіла ў канцэнтрацыйны лагер, створаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Віцебску ў верасні 1941 года. 24 верасня 1943 года гвалтоўна, пад кіраўніцтвам нямецкіх афіцэраў, сям’я была сагнана ў Германію ў горад Данцыг. Вера разам з бацькамі знаходзілася ў лагеры вязняў, дзе ім прыйшлося выжываць у нечалавечых умовах. Нямецкія афіцэры здзекаваліся з людзей, у немаўлят бралі кроў для параненых салдат вермахта. Людзей, якія не маглі больш працаваць, забівалі. Страшна нават уявіць, якой маленькай была надзея на выратаванне ў савецкіх людзей. Пашанцавала зусім нямногім, але сярод іх апынулася і мая бабуля Вера. У 1945 годзе, калі Чырвоная Армія вызваліла Германію ад фашызму, яна разам з астатнімі, што засталіся жывымі, з’ехала на Радзіму.
Цяпер людзям трэба было вярнуцца да нармальнага жыцця, якога яны зусім не памяталі. Пасляваеннае жыццё аказалася не менш цяжкім для яе сям’і, чым ваеннае ліхалецце. Дом быў разбураны. Жылля ніякага не было, і ўсе людзі жылі ў зямлянках. У восем гадоў бабуля Вера пайшла ў школу. Паколькі жыццё было цяжкае, а людзі галадалі — дзеці з ранняга дзяцінства вымушаны былі працаваць разам з дарослымі. З 7 па 10 класы мая бабуля дапамагала бацькам на льнозаводзе, агароднінасушыльным заводзе і чыгунцы, дзе яны працавалі. Яна была маладой і пераносіла па чыгунцы цяжкія шпалы і такім чынам падарвала сваё здароўе. У 1952 годзе ў сям’і ў бабулі Веры з’явілася сястрычка Надзя, а ў 1955 годзе — брат Міша. Яна стала няняй для малодшых дзяцей у сям’і, бо бацькам даводзілася працаваць як у дзённыя, так і ў начныя змены.
Паціху жыццё пачало наладжвацца. Пасля заканчэння школы бабуля Вера пайшла працаваць у пякарню, а потым завочна паступіла ў Магілёўскі тэхналагічны тэхнікум. Сродкаў на жыццё не хапала. Пастаянная галеча прымусіла бабулю кінуць тэхнікум і з’ехаць на заробкі ў Казахстан (горад Кастанай). Аднойчы, прыехаўшы дадому ў чарговы водпуск, яна сустрэла свайго даўняга сябра Сашу. Гэтая сустрэча стала лёсавызначальнай, бо яны пакахалі адзін аднаго і неўзабаве пажаніліся. Так бабуля Вера вярнулася на Лёзненшчыну. Змянілася і яе прафесія — яна звязала сваё жыццё з медыцынай. Па размеркаванні яны з мужам пераехалі жыць у Ніжні Ноўгарад, дзе бабуля працавала ў паліклініцы Заволжскага маторнага завода. Маладая сям’я пачала сваё жыццё з нуля. Нічога не маючы за душой, яны не сталі чэрствымі ці злымі людзьмі, спраўляліся са складанасцямі самастойна і марылі аб светлай будучыні. Так і сталася. Праз пяць гадоў яны вырашылі вярнуцца на Радзіму ў пасёлак Лёзна, дзе пражылі шчаслівыя гады свайго жыцця. Падарванае здароўе бабулі не дазволіла ёй мець сваіх дзяцей, аднак зразумець і выгадаваць пляменнікаў ёй удалося.
Лёс падкінуў людзям той эпохі шмат выпрабаванняў і нягод, голад і цяжар страт блізкіх людзей, паламаныя мары і разбураныя планы. Але яны не ўзлаваліся, не страцілі веру ў сябе, а сталі прыкладам мужнасці і стойкасці для будучых пакаленняў. Кожны навучыўся шанаваць жыццё, кахаць па-сапраўднаму і верыць ва ўсё добрае. Імя маёй бабулі аказалася вельмі сімвалічным. У нашай сям’і беражліва захоўваюць у памяці гісторыю яе трагічнага дзяцінства і цяжкага юнацтва. А яшчэ — вераць, што больш ніколі не будзе войны. І вы абавязкова верце!