Наперад і толькі наперад!

Новости

Як паспяваць усё і нават больш? Чым акрамя вучобы займаюцца выдатнікі? Аб гэтым і многім іншым у інтэрв’ю с Сахарам Паўлам, Лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, вучнем года Мінская вобласці – 2021, выдатнікам Шашкоўскай школы і проста таленавітым хлопчыкам.

Павел, адкажы, калі ласка, калі ты ўпершыню стаў выдатнікам?

 Толькі ў восьмым класе. Часам я сам гэтаму здзіўляюся. Вучыцца добра я пачаў яшчэ з пятага класа, часта займаў прызавыя месцы на алімпіядах, але чагосьці ўсе ж такі не хапала. Помню, як зараз, падыходзіць канец чвэрці, класны кіраўнік чытае адзнакі і… Вось незадача! Адна васьмерка. Часцей за ўсё псавала руская мова. Але ў восьмым класе штосьці змянілася. Здаецца, пачаў руплівей працаваць.

Што для цябе значыць быць выдатнікам?

Я лічу, што гэта значыць быць прыкладам для кожнага вучня. Так званым аўтарытэтам для школьнікаў. Выдатнікаў вялікая колькасць, яны ёсць і будуць ажно ў кожнай школе, але з гонарам несці гэта званне можа не кожны.

Ты не проста выдатнік, а таксама і пераможца многіх конкурсаў районнага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню? Як усе паспяваеш?

Калі ёсць мэта і матывацыя на яе выкананне, то час заўсёды можна знайсці! Безумоўна, гэта цяжка, але як жа потым прыемна атрымліваць чарговую ўзнагароду! Ды і варта, калі справа па-сапраўднаму цікавая, то нават не заўважаеш, што час ляціць!

Раскажы, калі ласка, як ты стаў Лаўрэатам спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь? 

Як вядома, гэту ўзнагароду атрымліваюць вучні, што з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў рэспубліканскага ўзроўню. І я не выключэнне. Мая праца “ Гісторыя Стаўбцоўшчыны праз лёсы маіх землякоў” заняла ганаровае трэцяе месца на IV этапе.

Быць адным з лепшых вучняў краіны, як гэта?

Незабыўна! Для мяне гэта яшчэ адна прыступка ўверх на шляху да поспеху!

А чаго толькі прыступка? Ты не лічыш такія дасягненні поспехам?

Чалавек заўсёды павінен імкнуцца да чагосьці. Па-іншаму нельга. Ці стаў бы я вучнем года, калі б заакцэнтаваў увагу на прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а пераможцам конкурса рэпубліканскага ўзроўню, калі б лічыў верхняй мяжой абласны ўзровень? Я лічу, што не. Я заўсёды ішоў, іду і буду ісці толькі наперад. Стаяць на месцы не для мяне. Наперад і толькі наперад!

Хто ці што дае табе матывацыю працаваць далей?

Людзі навокал! Банальна і нецікава, але як ёсць. Мне бязмерна прыемна стаяць на лінейцы ў нашай маленькай школе і чуць віншаванні ад такіх любых і родных людзей. Уяўляеце, мяне нават першакласнікі падыходзяць і віншуюць. З чым можа нават і не ведаюць, але так шчыра і пяшчотна глядзяць у вочкі і ўсміхаюцца. Дзеля гэтага і хочацца расці ўверх, ісці толькі наперад!

Якім прадметам аддаеш перавагу? Куды плануеш паступаць?

Фізіка, матэматыка і геаграфія. Дакладныя навукі мне даюцца лягчэй. Ды і чалавек я далека не творчы, а больш рацыянальны. Менавіта таму жыццё планую звязаць з камп’ютарнымі тэхналогіямі. Планую паступаць на факультет радыёфізікі Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта. На сённяшні момант там вывучаецца мой стрыечны брат. Ён з такім захапленнем расказвае пра навучанне. Я адкрыта веру яму і імкнуся быць падобным да яго. Будзьце упэўнены, ў гэтай сферы я таксама дасягну поспеху!

Для цябе школа стала па-сапраўднаму непаўторным жыццёвым этапам, але ўжо 11 клас, таму ён хутка скончыцца. Што адчуваеш?

Я адчуваю, што гэта развітанне будзе вельмі балючым. Калісьці так хацелася апрануць выпускную стужачку, пачуць свой апошні званок і з усмешкай сказаць: “Бывай, родная школа!”, але з часам усё змянілася. Адыходзіць не хочацца ні на кропельку. Хочацца яшчэ годзік, а тое і два правесці ў роднае школе, але жыццё чакаць не будзе. Галоўнае, у чым я магу вас заўпэўніць, што заўсёды буду памятаць пра родную школу, вяртацца сюды ў свабодны час. Я буду помніць кожнага, хто быў побач. Хай час ляціць, але ў душы я назаўсёды адзінаццацікласнік!

Твой жыццёвы дэвіз?

Няма нічога немагчымага!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *