Напэўна, многія паразважалі пра свой адказ на пытанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якое ён акрэсліў падчас свайго ўрока: “Вы чым ганарыцеся ў нашай гісторыі?” А ці задумваліся вы, чым увогуле мы можам ганарыцца? За што мы любім нашу Бацькаўшчыну?
Кожны вызначае свае адносіны ў адпаведнасці з уласнымі светапоглядам і інтарэсамі.
Але, мне здаецца, такую справу разглядаць толькі аднабакова або, наадварот, занадта абагулена, нельга.
З малодшага ўзросту і на працягу ўсяго жыцця да нас прывіваюць пачуццё патрыятызму і адданай любові да Айчыны. І якраз асноўнымі сродкамі для атрымання такога выніку з’яўляюцца спробы выклікаць пачуццё гонару за тое, што падаравала нам зямля, за тое, што будавалі і ўдасканальвалі людзі, за тых, хто ствараў.
Мы праз усё жыццё праносім захапленне славутай беларускай прыродай, подзвігамі нашых продкаў, культурнымі дзеячамі, гістарычнымі асобамі, навуковымі дасягненнямі, народнымі традыцыямі і рознаплынным мастацтвам. Сапраўды, ёсць у нашай краіне святое і нязрушнае, тое, што мы павінны пранесці наступным пакаленням.
Але ці правільна гэта, што мы ўсхваляем толькі самае яскравае і значнае? Адкуль ідуць карані?
А пачынаецца ўсё з ласкі матулі, з яе моцных і пяшчотных рук, што прытуляюць да грудзей, абараняючы ад ўсяго на свеце. Маці — святы вобраз, які ўвасабляе ўсё самае цеплае і светлае, а таксама нязломную стойкасць і працавітасць. Кожная маці — сапраўдны герой.
Бацька вучыць мужнасці і цярплівасці. Сваім прыкладам ён паказвае любоў да працы, выклікае асацыяцыі смеласці і нястомнасці. Менавіта тата — наша асноўная абарона і апора ў самы цяжкі час. І ён герой.
Нашы продкі — таксама героі. Сваімі ведамі, сіламі яны стваралі нашу яскравую будучыню, перадавалі мудрасць, назапашаную і адшліфаваную стагоддзямі. У гады Вялікай Айчыннай вайны адважна і аддана паклалі свае жыцці ў аснову новага міру.
Калі так пяглядзець, то увесь час нас акружаюць героі. Імі з’яўляюцца і настаўнікі, якія аддаюць частачку свайго жыцця дзеля нашага выхавання і паспяховага лёсу. Нават звычайныя працоўныя — урачы, калгаснікі, пажарныя — усе яны кожны дзень ратуюць і кормяць нас. Ці гэта не сапраўдны подзвіг?
Гонар за Радзіму пачынаецца з меншага. І калі па-сапраўднаму ганарыцца Беларуссю, то трэба ганарыцца не толькі нашымі славутымі багаццямі, але і тымі, хто стварае нас, нашу культуру, наш быт, наша самавызначэнне. Наша жыццё!