Хатынь. Сімвал беларускага болю

Абитуриент

Памяць… Яна жыве ў пажоўклых здымках і лістах, у апавяданнях відавочцаў і песнях. Такая розная — і пры гэтым адна на ўсіх. Памятаюць людзі… Памятае народ… Памятае ўся Беларусь… Радасць Вялікай Перамогі, радасць зноў здабытай роднай зямлі мы падзялілі на ўсіх, хто застаўся ў жывых. Мы памятаем і шануем імёны кожнага. Яны золатам высечаны на абелісках, навечна ўпісаны юнацтвам краіны ў Летапіс Вялікай Айчыннай. Гэтыя імёны — наш гонар, наша гераічнае мінулае, наш агульны боль і вечная памяць.

Восемдзесят два гады прайшло з пачатку той страшнай вайны, а памяць пра яе не дае спакою. Яна ўваскрашае чэрвеньскую разгубленасць сорак першага і лютыя маразы сорак другога, абяскроўлены Ленінград і мінныя Сталінградскія дажджы, радасныя твары жыхароў, вызваленых гарадоў, і пунсовае палотнішча Сцяга Перамогі, ганарліва парылае над Рэйхстагам. Перамогі, якая вечна будзе жыць у памяці нашых народаў крывавым свінцовым асколкам і кананадай мірнага салюту.

Сімвалам трагедыі беларускага народа стала спаленая вёска Хатынь — наш боль, наша вечная памяць. Ні на адной самай падрабязнай геаграфічнай мапе мы не знойдзем сёння гэтай беларускай вёскі. Яна была знішчана фашыстамі 22 сакавіка 1943 года. У гэтым годзе – 80-я гадавіна Хатынскай трагедыі. І ў гэты журботны дзень усе мы, а разам з намі ўся Беларусь, увесь свет, схіліць галовы ў скульптуры «Непакорнага чалавека». Тут, ля гэтага шасціметровага помніка, які адлюстроўвае маштабы і жахі трагедыі, якая адбывалася на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мы успомнім усіх, хто стаў ахвярай фашызму. І, ускладаючы кветкі да абеліска, скажам: «Вечная памяць вам, мучанікі і героі!»

І няхай усё далей ад нас падзеі тых страшных гадоў, усё менш застаецца сведкаў той вайны, але пакуль мы памятаем, мы будзем жыць! Бо гэта не толькі памяць — гэта ўрок нам і наступным пакаленням аб адданасці, патрыятызме, любові да Радзімы, стойкасці і сілы характару. І будуць званіць званы Хатыні. Званіць сумна і сурова, а над светлымі бярозавымі гаямі, над Беларуссю, над усёй зямлёй паплыве народжаная мемарыяльнай бронзай мелодыя.
«Людзі добрыя, памятайце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай смутак абярнецца мужнасцю і сілай, каб змаглі увекавечыць вы мір і спакой на Зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!” — гэта словы сімвалічнага наказу мёртвых да жывых. Беларусь памятае…


Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *