Топ-5 мерапрыемстваў у маёй школе

Абитуриент

А вы ведалі, што школа — гэта не толькі вучэбныя заняткі? Дорачы базавыя веды напярэдадні дарослага жыцця, яна адначасова выхоўвае, развівае творчыя таленты і асабістыя ўменні. Акрамя таго, школа з’яўляецца «арганізатарам» забаўляльнага вольнага часу. Канешне, у кожнай адукацыйнай установе шмат мерапрыемстваў, але, вядома, усе яны адрозныя, асаблівыя. Таму вашай увазе прадстаўлены «Топ-5 мерапрыемстваў Шаршунскай сярэдняй школы». 

5. Выпускны вечар

Пятае месца нашага топу займае апошні для некаторых вучняў дзень у якасці школьніка  выпускны вечар. Гэта мяжа паміж дзяцінствам і дарослым жыццём, незваротнае імгненне, за якім чакае вечнасць. Кожная школа мае свае традыцыі ў святкаванні. Казаць пра нашу лепей так: чарговы выпускны  асаблівы. І не таму, што з гонарам хочацца распавесці пра сваё. Ніякай лухты ў папярэдніх словах няма, бо штогадовы выпускны вечар у нас  новае падарожжа ў казку. Аднойчы мы вандравалі ў часе, успамінаючы гады навучання. У наступны раз разам з Пітэрам Пэнам, феяй Дзінь-Дзінь і дзяўчынкай Вэндзі трапілі ў Нетландыю  востраў, дзе дзеці заўсёды застаюцца дзяцьмі. Кожны год для выпускнікоў ствараецца непаўторны, адмысловы сцэнарый, каб яны, хвалюючыся прад нязведаным, хаця б на гадзіну забыліся на ўсё  і затрымаліся ў бесклапотным дзяцінстве.  

4. Дзень ведаў / Апошні званок 

Не маглі не ўвайсці, можна сказаць, у “святочны топ” і два галоўныя мерапрыемствы школьнага года. Лічу, што нельга раздзяляць іх, бо гэтыя святы роўныя паміж сабою ў значнасці: адзін пачынае вучэбны год, другі, наадварот, завяршае. Толькі 1 верясня галоўная ўвага належыць першакласнікам, а падчас Апошняга званка выпускнікам. Само мерапрыемства, як мне здаецца, мала чым адрозніваецца ад тых, якія праводзяцца ў іншых школах. Але ў нас існуюць дзве непарушныя традыцыі: 

1) выпускнікі абавязкова дораць усім настаўнікам кветкі ў знак падзякі за іх працу; 

2) адзінаццацікласнікі заўсёды рыхтуюць памятныя падарункі для першакласнікаў, праважаючы іх у доўгае падарожжа па краіне ведаў. 

Здаецца, што нічога асаблівага тут няма, але ўсё ж месца чацвёртае, так як мерапрыемствы значныя для ўсёй школы. 

3. Дзень перамогі 

Трэцяе месца займае колькі не школьнае, столькі агульнанацыянальнае свята. Але назваць дзень 9 мая святам складана. Гэта дзень памяці усенароднай, дзень болю і смутку,  дзень надзеі на мір. Для нашай школы гэтае мерапрыемства адно з самых адказных, бо мы арганізуем яго для ўсёй акругі. Акрамя святочнага канцэрта, праводзяцца мітынгі ля двух помнікаў (узведзены загінулым у баі за вёску танкістам і спаленым жыхарам вёсак Камкі і Бахметаўка), ускладаюцца вянкі і кветкі, чытаюцца малітвы. Трэба дадаць, што ў арганізацыі святкавання Дня Перамогі часта дапамагае воінская часць проціпаветранай абароны. Яны стварылі для мяне і маіх знаёмых асаблівы пах 9 мая: кожны год салдаты працуюць на палявой кухні, гатуючы для ўсіх, хто пажадае, смачнейшыя грэцкія крупы з тушаным мясам. Але нават гэта не гасіць успамін аб тым, чым «пахне» мірнае неба і перамога, аб тых, дзякуючы чыім жыццям жывём і мы. 

2. Новы год 

Самае вясёлае і яскравае свята ў нашай школе. Да яго рыхтуюцца з асаблівым падыходам: настаўнікі і вучні на месяц ператвараюць будынак ведаў у зімні палац. Вокны аздабляюцца разнымі выявамі  вытынанкамі, столі завешваюцца бліскучымі цацкамі, сняжынкамі і пацеркамі, ствараюцца фотазоны з навагоднімі героямі. Штогод арганізоўваецца выстава дэкаратыўна-прыкладных работ «Ёлкафэст«. І кожны год яна радуе вочы новымі і арыгінальнымі ідэямі: елачка з цытрусаў, снегавік з ракушак, жывёлы з арэхаў і гаек і шмат чаго іншага! Але самая сапраўдная казка знаходзіцца за дзвярыма актавай залы, дзе кожны год вучні-акцёры рыхтуюць навагодні спектакль, дзе, канешне, заўсёды перамагае дабро. З адзінаццацігадовым вопытам актрысы ў такіх пастаноўках падзялюся: падарыць дзецям казку хаця б на гадзіну  неверагоднае шчасце. Менавіта таму гэтае свята займае пачэснае другое месца: яно самае цёплае, самае святочнае і самае доўгачаканае для дзяцей. 

1. Вечар сустрэчы з выпускнікамі 

Традыцыйна кожную першую суботу лютага выпускнікі-юбіляры сустракаюцца, каб успомніць школьныя гады, бесклапотнае

 дзяцінства, каб чарговы раз падзякаваць настаўнікам за іх плённую працу. Наша школа, як і некаторыя іншыя, арганізоўвае спецыяльнае свята, папярэдне даслаўшы запрашэнні выпускнікам і настаўнікам. 
Але чаму ж дадзенае мерапрыества апынулася на пераможным месцы? Справа ў тым, што гэта адзінае свята, калі адбываецца максімальнае яднанне мінулага і сучаснага: старэйшыя выпускнікі сустракаюцца з малодшымі і вучнямі, маладыя настаўнікі сустракаюцца з «ветэранамі». Былыя вучні і педагогі ўспамінаюць старыя школьныя дні, вясёлыя і незвычайныя падзеі, расказваюць пра іх далейшае жыццё, параўноўваюць цяперашняе і ранейшае. Такое мерапрыемства дорыць незабыўныя пачуцці: ты быццам напоўніцу адчуваеш жыццё ва ўсіх праявах. Тым больш, што і канцэрт, як часта бывае ў нашай школе, незвычайны: інтэрв’ю і гульні з выпускнікамі на сцэне пераплятаюцца з занімальным сюжэтам. На маёй памяці самай яскравай сустрэчай з выпускнікамі была адаптацыя на сцэне мастацкага фільма рэжысёра Леаніда Гайдая «Іван Васільевіч змяняее прафесію»: разам з Шурыкам і Царом на машыне часу госці вандравалі па юбілейных гадах, спыняючыся на імгненнях свайго школьнага жыцця. 

Вось такі сціплы, але шчыры топ атрымаўся. Я ўпэўнена, што кожная школа можа пахваліцца сваімі ўласнымі традыцыямі ў адзначэнні пэўных дат. Трэба дадаць, што пазакласныя мерапрыемствы маюць даволі важны ўплыў на выхаванне вучняў: яны пашыраюць светапогляд, вучаць камунікабельнасці, развіваюць таленты. Цікава: які «Топ-5 мерапрыемстваў у маёй школе» атрымаўся б ў вас? 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *