Вы заўважылі, як хутка ў гэтым годзе наступіў май, які паклікаў цёплыя вятры, што разносяць па ўсім свеце неверагодны пах бэзу? На жаль, у гэтым годзе мой любімы месяц прыносіць шмат суму, бо кожны яго дзень набліжае мяне да развітання са школай. Хутка пройдуць выніковыя кантрольныя, прагучыць апошні званок і пачнуцца экзамены. Гэты май падрыхтаваў для мяне шмат выпрабаванняў, адным з якіх з’яўляецца і выбар сукенкі на выпускны вечар. Ужо зараз пачынаю ўяўляць, якой яна павінна быць, і шукаць прыгожыя варыянты. Запрашаю і вас прайсці гэты доўгі шлях са мной.
Прыходжу ў салон з некалькімі заламі, кожная з якіх ад столі да полу завешана яркімі сукенкамі і касцюмамі для выпускнікоў. Гэтае месца мне нагадвае свет прафесій, у якім кожны адзінаццацікласнік можа прымерыць тое, што падабаецца. Сярод сотні сукенак, што акружаюць мяне, я заўважыла адну. На першы погляд яна здаецца зусім простай, але ў маёй галаве адразу паўстае вобраз, які можна стварыць. Не думаючы, іду да прымерачнай, дзе апранаю сукенку, якая дазваляе ўявіць сябе галоўным рэдактарам. Давайце разгледзім яе бліжэй.
Звычайная чорная сукенка да шчыкалаткі прыгожа падкрэслівае стан. Мне падабаецца, як яна струіцца па целе, сумяшчаючы ў сабе строгасць і свабоду. Такім я і ўяўляю галоўнага рэдактара: строгім справядлівым кіраўніком, які выступае за свабоду творчасці свайго часопіса або газеты. Але, на мой погляд, сукенка вельмі простая для выпускнога вечару, таму хачу занесці яе ў атэлье, каб дабавіць свае элементы і паразважаць, што было б, калі галоўным рэдактарам была б я.
Прыношу сваё будучае ўбранне ў майстэрню, дзе мяне сустракае ветлівы Аркадзь Эвентаў, які з задавальненнем згаджаецца дапамагчы з упрыгожаннем. Заслужаны журналіст Савецкага Саюза ўважліва разглядае сукенку і прапаноўвае вышыць залатымі ніткамі ўзор паўз усю сукенку. Я згаджаюся, бо ведаю, што ён сапраўдны майстар сваёй справы. Акуратна робячы шывок за шыўком, Аркадзь Маркавіч расказвае пра свой самы знакаміты нарыс “Дом, у якім мы раслі”, які прысвечаны настаўніку з роднай вёскі і яго паслядоўнікам. Настаўнік Дарашэвіч вучыў сваіх дзяцей заставацца людзьмі незалежна ад абставін і, безумоўна, кожны з іх добра вывучыў гэты ўрок. Журналіст паведаміў пра вялікую колькасць выкладчыкаў, інжынераў, урачоў, якія былі выхаваны настаўнікам Гарвальскай школы. Нават праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля публікацыі гісторый Аркадзь Эвентаў працягвае распавядаць пра жыцці герояў са сваіх першых нататак, працягваючы іх жыццё на старонках да нашых дзён. Прыгожы ўзор, вышыты залатымі ніткамі, дапаўняе маю чорную сукенку. Гледзячы на яго, разумею, што калі б я была галоўным рэдактарам, то ў маёй газеце абавязкова з’явілася пастаянная рубрыка з назвай “Учора і сёння”, якая будзе параўноваць краявіды адных месцаў у розныя часы, лёсы людзей у маладосці і сталасці, погляды людзей у савецкі час і зараз.
Па дарозе да іншага майстара мяне спасцігла няўдача: недзе па дарозе я ўмудрылася пасадзіць брудную пляму, якая не адмывалася ніякімі спосабамі. Растроеная, я патэлефанавала сваёй бабулі, якая мне расказала гісторыю са свайго выпускнога. У далёкім тысяча дзевяцьсот васьмідзясятым, прасуючы сваю сукенку перад доўгачаканым днём, мая бабуля прапаліла ў сваім ўбранні дзірку, якая трапляла на вочы нават пасля зашывання. Тады яна ўзяла белыя бусіны і на сапсаваным месцы з’явілася прыгожая кветка. Я вырашала скарыстацца гэтым крэатыўным спосабам і на месцы плямы на падоле вышыла залатымі бусінамі лілею. Бабуліна гісторыя дапамагла мне выйсці з цяжкага становішча і, думаю, дапамагла б многім. Таму калі б я была галоўным рэдактарам, то абавязкова ўвяла б рубрыку “Жыццёвыя саветы пакаленняў”. Там размяшчаліся б саветы не толькі старэйшых для моладзі, але і наадварот, бо дарослыя таксама могуць шмат чаму павучыцца ў нас.
Мая звычайная чорная сукенка зараз ззяе залатымі ўпрыгожаннямі, але усё роўна чагосьці не стае. Стомленая ад перажыванняў і пошукаў, я стаю перад люстэркам і спрабую зразумець: чаго ж не хапае майму вобразу галоўнага рэдактара? Сфатаграфаваўшыся ва ўбранні, дасылаю здымак сяброўцы, якая адразу запыталася: “А дзе твая ўсмешка і радасныя вочы?” Тады стала зразумела, што нават самая цудоўная ў свеце сукенка не зможа стварыць прыгожы вобраз без унутранага шчасця, а яно немагчыма ў адзіноцтве. Галоўны рэдактар – гэта кіраўнік, які адказны за кожнага падначаленага, яго дабрабыт і камфорт. Калі б я была галоўным рэдактарам, то імкнулася б стварыць атмасферу шчасця, у якой кожны будзе адчуваць сябе патрэбным і важным супрацоўнікам. Думаю, што выезды на прыроду, сумеснае наведванне цікавых месцаў і проста правядзення часу разам, зробіць наш калектыў дружным, і кожны знойдзе сваё месца ў ім.
Калі на маім твары з’явілася ўсмешка, то створанае выпускное ўбранне заззяла іншым святлом. Але раптам я зусім выпадкова заўважыла неверагодна прыгожую блакітную сукенку, якая мае акуратны выраз на спіне, вышыта белымі жамчужынамі і ззяе ад блёсткаў на плячах. Прымяраючы яе, адразу разумею, што марыла менавіта пра яе. У гэтай сукенцы адчуваю, што зрабіла правільны выбар прафесіі журналіста. Але тая чорная строгая сукенка с прыгожымі залатымі ўзорамі, нежнай лілеяй на падоле, якая выклікала ўсмешку, дазволіла хаця б у марах уявіць сябе на месцы галоўнага рэдактара.
Назва мяне напалохала😅
Але так, быць галоўным рэдактарам складана, нават калі гэта невялікі сайт факультэта, як у маім выпадку. Ты ў адказе за матэрыялы, якія публікуюцца і павінен зрабіць так, каб сайт стаў лепш. А як? Прыдумаць, разабраць… Увогуле, сапраўды сложеый працэс. У вас незвычайны мастацкі стыль апавядання. Але не забывайце ставіць вокладкі на свае тэксты.
Дзякуй за матэрыял ❤️