У Гродне на працягу 7-9 чэрвеня праходзіў XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Гэта мерапрыемства праводзіцца кожныя два гады і, пачыная з 1996-ага, збірае велізарную колькасць людзей на вуліцах горада.
Рэспубліканскі фестываль афіцыйна пачаўся з тэатралізаванага шэсця ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай: ішлі адной калонай прадстаўнікі розных народаў свету, апранутыя ў традыцыйныя касцюмы ды апорныя нацыянальную сімволіку.
Тым часам на сцэне абыгрывалася традыцыйнае беларускае вяселле. Жаніх і нявеста атрымалі падарункі ад кожнага нацыянальнага аб’яднання, а ад «маладых» кіраўнікі дыяспар атрымалі па караваю. Канцэрт, феерверк і дыскатэка завяршылі ўрачыстае адкрыццё. На наступны дзень сталі працаваць нацыянальныя падворкі. Танцы, песні, стравы і віктарыны — усё паказвалі гродзенцам прадстаўнікі розных культур.
Усяго дзейнічала 19 падворкаў, хоць у самім фестывалі прымала ўдзел 36 нацыянальнасцяў. Убачыць мерапрыемства на свае вочы прыехала шмат беларусаў з розных куткоў краіны і нават госці з Расіі. Але важна тое, што ўсе ўдзельнікі фестывалю гаварылі на адной — мове культуры і дружбы.
У творчых калектывах, якія выступалі на падворках, удзельнічалі не толькі этнічныя прадстаўнікі якіх-небудзь нацыянальнасцяў, але і нашы землякі. Напрыклад, як Вольга Багушынская, якая з’яўляецца адной з некаторых славянскіх удзельніц ансамбля армянскага фальклорнага танца «Рэбуні» армянскай дыяспары «Аэстан»:
—Мы ўжо 13-ты раз прыязджаем на фестываль, і ў ім нам падабаецца ўсё: тут самае галоўнае — сяброўства, якое аб’ядноўвае ўсе нацыянальнасці. Тут няма ніякіх абмежаванняў: мы дружныя і адукоўваем кожную нацыю сваёй культурай. Самі аб’ядноўваем свой народ, а нас усіх — наша любімая Беларусь.
Шмат людзей гаварыла пра прыязную атмасферу фестывалю. Людміла Засыпкина, якая прыехала з горада Чебоксары Чувашскай Рэспублікі, распавядае:
—Так як я намеснік прэзідэнта Чувашскага нацыянальнага камітэта, то мне прадаставілася магчымасць прыехаць сюды, каб дапамагчы беларускім чувашам арганізаваць гэтае свята і падтрымаць іх. Мне падабаецца, што тут шмат нацыянальнасцяў паказваюць сваю культуру. Кожная па-свойму добрая, але самым галоўным з’яўляецца тое, што ўсе дружна знаходзяцца разам.
Фестываль наведалі таксама віцебскія студэнты — ланкійскія дзяўчынкі і хлопцы:
—Мы прыехалі са Шры-Ланкі, каб вучыцца медыцыне ў Віцебску. Наш калектыў існуе ўжо больш за 15 гадоў, але мы ўпершыню ў Гродне. Прайшлі конкурс у Віцебску на ўдзел у гэтым фестывалі — атрымалі запрашэнне выступаць на ім. Нам тут падабаецца, і мы цэнім атрыманы вопыт, бо людзі тут вельмі прыязныя.
Мерапрыемства завяршылася музычнай праграмай: адзін канцэрт быў прысвечаны песням і музыцы з кінафільмаў, выкананым Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь і заслужанымі калектывамі і артыстамі краіны, а другі — расійскаму спеваку Ване Дзмітрыенка.