Што значыць народная музыка для кожнага беларуса? Відавочна, але словы гавораць самі за сябе, бо гэта галасы нашага беларускага народа, якія зліліся разам, каб да сённяшніх дзён цешыць нас, вучыць памятаць свае традыцыі, якія заклалі яшчэ далёка да майго нараджэння нашы продкі. Тады варта задацца пытаннем: чаму народныя песні да гэтага часу актуальныя, і мы з цяплом на душы ўспамінаем пра іх. А на сямейным застоллі гучаць знакамітыя народныя песні: «Ой, рэчанька, рэчанька», «Ружа», «Добры вечар» і «Купалінка». Якая ж усё-такі перавага народных песень перад сучаснымі?
Народныя песні з’явіліся, як ні дзіўна, але дзякуючы народу. Народныя песні перадаваліся з вуснаў у вусны. Кожны выканаўца ўносіў у песню нешта сваё, змяняючы мелодыю, тэкст ці манеру выканання. У выніку адной і той жа песні маглі існаваць дзясяткі варыянтаў, якія адлюстроўваюць асаблівасці розных рэгіёнаў, сацыяльных груп ці нават асобных выканаўцаў. Часта можна сустрэць, як народная песня адаптуецца пад народ. Напрыклад, на Гродзеншчыне выкананне слоў і мелодыі будуць адрознівацца ў параўнанні з выкананнем, здавалася б, гэтай жа песні на Віцебшчыне. Народная песня прайшла і яшчэ не раз пройдзе шмат этапаў, каб мы пачулі яе ў канчатковым варыянце.
Я з народнай песняй не раз сустракалася твар у твар, чым вельмі ганаруся. Мне даводзілася наведваць канцэрты народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Асалода».Кіраўнік ансамбля Мазурчык Жана Уладзіміраўна часта гаворыць: “Я без народнай музыкі, як без рук”. Меладычныя пералівы скрыпкі, цымбалаў, акардэона, барабана зліваюцца ў казачны гук, які хочацца слухаць да бясконцасці. Мяне заўсёды ўражвала, што людзі самі ствараюць непаўторную музыку і дзеляцца ёй з іншымі. Увекавечваюць у нашай памяці сапраўдныя творы мастацтва.
Народная песня — гэта не проста музыка і тэкст. Гэта цэлы свет, напоўнены мудрасцю, прыгажосцю і духоўнасцю. Наша задача — слухаць, ганарыцца і памятаць аб тым, што мы валодаем унікальнай магчымасцю ўносіць свой уплыў ў культуру нашага народа.