«Клянуся ведаць і шанаваць родную мову», – менавіта з гэтых слоў пачынаецца ўрачыстая клятва 5-класнікаў у Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны ўжо на працягу многіх гадоў. Гімназісты трымаюць сваё слова: удзельнічаюць у конкурсах чытальнікаў з вершамі беларускіх паэтаў, выступаюць з навукова-даследчымі работамі на канферэнцыях, здаюць выпускныя экзамены па роднай мове на самыя высокія балы. Але ёсць і такія вучні, якія актыўна прымаюць удзел у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, шмат працуюць і ўпэўнена ідуць да перамогі разам з настаўнікамі. Сярод такіх знаўцаў 5 гадоў назад заняла сваё месца маленькая дзяўчынка Ганна, якая паступова ішла па розных этапах алімпіяды.
Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ў 2025 годзе праходзіў на базе Гомельскага інстытута развіцця адукацыі. Дыпломам 3 ступені ўзнагароджана вучаніца 10 класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны Кміта Ганна. Яе перамога стала адзінай па прадмеце ў Полацкім раёне.
Дзяўчына нарадзілася тут, у Полацку, аднак у дзяцінстве з сям’ёй пераехала ў Расію і пражыла там да 10 гадоў. Вярнуўшыся ў 5 клас, Ганна сутыкнулася з цяжкасцямі ў вывучэнні роднай мовы. Але выпрабаванні не спужалі, а, наадварот, прывабілі дзяўчыну, і яна вырашыла не толькі вывучаць беларускую мову, але і ўдзельнічаць у алімпіядным руху.
Першыя маленькія перамогі пачаліся ў 7 класе, калі Ганна атрымала дыплом 1 ступені на раённай алімпіядзе.
– Пакуль мае аднагодкі вывучалі беларускую мову, я жыла ў іншай краіне. Мне вельмі хацелася нагнаць упушчанае, таму я шмат займалася, каб гэтага дамагчыся. Гэты першы дыплом быў узнагародай за мае старанні і штуршком да далейшай працы, – успаміе гімназістка пра тую перамогу.
На сваю першую абласную алімпіяду Ганна трапіла ў 9 класе. Цяжка нават ўявіць, што адчувала дзяўчына, калі прыехала туды ўпершыню. Іншы горад, страх не спраўдзіць чаканні настаўнікаў, складаныя заданні, незнаёмы твор для водгука, доўгае чаканне вынікаў. Але з ўсімі цяжкасцямі Ганна справілася на «выдатна» і атрымала дыплом 3 ступені. Дзякуючы гэтаму вучаніца была вызвалена ад выпускнога экзамену па беларускай мове за курс базавай школы.
10 клас для алімпіяднага жыцця Ганны мае вялікае значэнне. У гэтым годзе дзяўчына апынулася ў спісе з 5 найлепшых 10-класнікаў Віцебскай вобласці, якія прадстаўлялі яе на заключным этапе алімпіяды. Падрыхтоўка да рэспублікі доўжылася два з паловай месяцы. Для вучняў на працягу трох тыдняў праводзіліся вучэбныя зборы пад кіраўніцтвам лепшых выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Міронавіча Машэрава. Таксама Ганна шмат часу адводзіла самападрыхтоўцы, вывучала новае, паўтарала вядомае. І ўсе яе намаганні былі ўзнагароджаны: з заданнямі комплекснай работы яна справілася, водгук на ваенную прозу таксама атрымаўся цудоўным. На сцэне Гомельскага інстытута развіцця адукацыі Кміта Ганна Сцяфанаўна атрымала дыплом 3 ступені. Гімназістка расказала пра свае адчуванні ў той момант:
– Калі мне ўручалі дыплом, я не верыла ў тое, што гэта адбываецца са мной. Канкурэнцыя была вельмі вялікая, таму нават не магла ўявіць такога выніку. Толькі зараз адчуваю радасць і гонар, а таксама вялікую ўдзячнасць сваім настаўніцам, без якіх у мяне нічога не атрымалася б.

Дзяўчына вучыцца на хіміка-біялагічным профілі, марыць стаць урачом і ратаваць жыцці людзей. Але ў сэрцы гімназісткі заўсёды застаецца месца для заняткаў роднай мовай з любімымі настаўніцамі Марынай Вітальеўнай Лапацінай і Аленай Уладзіміраўнай Казловай, разам з якімі яна прайшла складаны шлях да перамогі.