Зямля ў агні: першы ўдар вайны па Беларусі

Абитуриент

Чэрвень 1941 года. Мірны світанак на беларускай зямлі быў перарваны грукатам артылерыйскіх гармат і авіябомбардзіровак. 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна — трагедыя, якая назаўжды змяніла лёс Беларусі. Першыя ўдары фашысцкай Германіі прыйшліся на Брэст, затым захопнікі рушылі на Мінск, Віцебск, Гродна. Людзі ў паніцы пакідалі свае дамы, не разумеючы, што адбываецца. На змену цішыні прыйшлі страх і хаос, плач дзяцей і крыкі маці.

Брэсцкая крэпасць-герой

Брэсцкая крэпасць стала сімвалам нязломнага духу: яе абаронцы трымаліся 23 дні, нягледзячы на поўнае акружэнне і недахоп запасаў. Мінск упаў ужо 28 чэрвеня, усяго праз шэсць дзён пасля пачатку ўварвання. Але гэта не азначала капітуляцыі народа — па ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалі фарміравацца атрады супраціву, узнікала масавае партызанскае руханне.

Беларусь апынулася пад акупацыяй амаль цалкам. Нацысцкі рэжым усталяваў жорсткі парадак: масавыя расстрэлы, спальванне вёсак, вываз людзей на прымусовую працу ў Германію. За найменшую дапамогу партызанам — смерць. За аднаго забітага нямецкага салдата — дзясяткі закладнікаў. Сотні вёсак былі знішчаны разам з жыхарамі. Людзі жылі ў пастаянным страху, але нават у такіх умовах не здаваліся. Супраціў працягваўся.

Лёс малай Радзімы

Пастаўскі раён. Лёс маёй Радзімы быў вельмі трагічным. З 6 ліпеня 1941 года па 5 ліпеня 1944 года ён знаходзіўся пад нацысцкай акупацыяй. За гэты час фашысты забілі больш за 4000 чалавек, каля 1800 — вывезлі ў Германію, знішчылі 133 населеныя пункты. У вёсцы Альцы ўсіх жыхароў спалілі жыўцом за дапамогу партызанам. У Лынтупах за забойства двух нямецкіх афіцэраў былі расстраляны 200 мірных жыхароў. У Ворапаеве дзейнічаў пункт па адпраўцы беларусаў у працоўныя лагеры. Гэта — толькі малая частка пакут, якія выпалі на долю беларускай зямлі.

Былі людзі, якія не баяліся строгіх законаў, не схілялі галовы перад ворагам і аддалі сваё жыццё за свабоду Радзімы. Адной з такіх гераінь была Надзея Асяненка.

Узнагародны ліст Надзеі

У ліпені 1941 года яна ўзначаліла падпольную камсамольскую арганізацыю ў вёсцы Ліпава. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, падпальвалі масты, выводзілі са строю тэлефонную сувязь. У горадзе Паставы яны наладзілі радыёсувязь у падвале аднаго з дамоў на вуліцы Зарэчнай. Па заданні камандзіра Ф. Маркава Асяненка і Тамара Ільінічна сабралі важныя звесткі ў работніцы нямецкай сталоўкі і распаўсюдзілі партызанскія лістоўкі. Надзею затрымаў паліцэйскі, але адпусціў пасля безвыніковага вобшуку.

У 1943 годзе група падпольшчыкаў на чале з Асяненка пайшла да партызанаў. Яна стала разведчыцай атрада імя С. Г. Лазо. У Паставах Надзея вяла агітацыйную працу сярод варожых салдат, спрыяла пераходу на бок партызанаў больш за 100 чалавек. Трох нямецкіх афіцэраў яна выманіла за горад і перадала партызанам. Таксама ўдзельнічала ў захопе нямецкіх лётчыкаў, арганізавала выбух гарадской электрастанцыі і напад на нямецкі штаб, у выніку якога загінулі афіцэры.

27 сакавіка 1944 года падчас разведвальнай аперацыі каля Параф’янава група падпольшчыкаў трапіла ў засаду. Асяненка, прыкрываючы таварышаў, атрымала раненне і, нягледзячы на гэта, працягвала весці бой. Трапіўшы ў палон, была замучаная і забіта фашыстамі. Надзея Асяненка засталася сімвалам мужнасці і гераізму беларускага падполля.Сёння яе імя носіць сярэдняя школа №2 горада Паставы.

З пакаленне ў пакаленне

Васіль Быкаў

Гады вайны пакінулі глыбокі след у нацыянальнай памяці. Пра гэтыя падзеі распавядалі не толькі сведкі, але і пісьменнікі. Адзін з іх — Васіль Быкаў, які прайшоў вайну і стаў голасам пакалення. Яго творы «Сотнікаў», «Абеліск», «Альпійская балада» і «Жураўліны крык» праўдзіва паказваюць унутраную трагедыю чалавека на вайне, выбар паміж жыццём і сумленнем. Быкаў не рамантызаваў падзеі — ён пісаў як сведка, як салдат, як беларус.

Чаму нас навучыла вайна?

Мінула 84 гады. Сёння над Беларуссю мірнае неба, на месцы разбураных вёсак стаяць новыя дамы, чуюцца дзіцячыя галасы. Але ў кожным кутку краіны ёсць помнікі, брацкія магілы, сведчанні той болі. Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара ў той вайне — гэта рана, якая не зажыла.

Вялікая Айчынная вайна стала цяжкім выпрабаваннем для беларускага народа, але менавіта ў гэтым агні выпрабаванняў закаліліся найважнейшыя чалавечыя і нацыянальныя якасці.

Па-першае, вайна навучыла беларусаў цаніць мір. Пасля разбурэнняў, страт і пакут беларусы востра ўсвядомілі, наколькі крохкім і каштоўным з’яўляецца мірнае жыццё. З таго часу імкненне да міру стала адной з галоўных каштоўнасцей народа.

Па-другое, Вялікая Айчынная вайна выхавала ў людзях пачуццё патрыятызму і гатоўнасці абараняць сваю Радзіму. Прыклады гераізму партызан, салдат, падпольшчыкаў назаўжды ўвайшлі ў нацыянальную памяць як вобразы мужнасці і самаахвярнасці.

Па-трэцяе, вайна паказала сілу народнага адзінства. Людзі розных узростаў, прафесій і нацыянальнасцей аб’ядналіся ў барацьбе супраць ворага. Гэта стала ўрокам таго, наколькі важныя згуртаванасць, падтрымка і ўзаемадапамога.

Акрамя таго, вайна навучыла беларусаў паважаць сваю гісторыю і захоўваць памяць пра мінулае. Вечны агонь, мемарыялы, музеі, аповеды ветэранаў сталі часткай культуры і напамінам пра цану перамогі. Мы памятаем. Мы шануем. Не для таго, каб помсціць, а каб не паўтарылася. Каб дзеці ведалі, якой цаной здабыты мір. Каб не забывалася, кім і за што была выратавана Радзіма.Няхай памяць будзе жывой. Няхай праўда пра вайну перадаецца з пакалення ў пакаленне. І няхай мір, здабыты такой дарагой цаной, ніколі больш не будзе парушаны.

Краско Уладзіслаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *