
«Дэмантаж праведзены ў сувязі з добраўпарадкаваннем і перапланіроўкай Цэнтральнай плошчы» — паведаміў «Рэгіянальнай газеце» адказны сакратар раённага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Іван Пяткевіч. Чаму ж помнік раптоўна стаў «не адпавядаць» архітэктуры плошчы — не вядома…
Але трэба зазначыць, што помнік ўжо не першы раз падпаў пад «няласку» мясцовых улад. Яго ўсталявалі яшчэ пры першым мэры горада — Генадзю Карпенку ў 1993 годзе. Але з’явіўся помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» па большым рахунку толькі дзякуючы намаганням чатырох чалавек: архітэктару Юры Белановічу, які зрабіў праэкт; Святаславу Паліводу, адказнаму за мастацкае афармленне; Івашкевічу — дырэктару заводу ЖБВ (жалезабетонных вырабаў, дзе вырабляецца якасны бетон) і Лявону Цімохіну, які займаўся арганізатарскімі пытаннямі.
Помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» — гэта вялікі камень, які быў упрыгожаны крыжом Еўфрасінні Полацкай і шыльдай з надпісам. Крыж зрабіў стары каваль, якога знайшоў Святаслаў Палівода. Дарэчы, помнік быў асвечаны адначасова каталіцкімі, праваслаўнымі і ўніяцкімі святарамі. Пры Генадзю Карпенку камень ніхто і не збіраўся зносіць. Але ўжо пасля яго такія ідэі ўсё ж узніклі. Так аднойчы з шыльды знік бел-чырвона-белы сцяжок, які пры дапамозе чагосьці сашмаравалі…

Чым не адпавядаў помнік на Цэнтральнай плошчы мінулым і цяперашнім ўладам? Можа тым, што знаходзіцца якраз насупраць помніку іншага характару — помніку Леніну. А можа і ў сувязі з «Дажынкамі», дзеля якіх горад зараз выглядае як пасля бамбежкі ў Вялікую Айчынную вайну. Вуліцы, дамы, помнікі, парк — усё павінна адпавядаць чакаемаму святу.
Як адзначыў газеце «РГ» Юры Гапоненка, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» не будзе знішчаны. Пад яго ўжо рыхтуецца месца ў парку Перамогі ля амфітэатра. На спусцелым жа месцы цяпер з’явіцца новы помнік — фантан з выявамі маладога хлапца з дзяўчынай і папараць-кветкі.
Гэты, напэўна, ужо будзе «адпавядаць» і афармленню плошчы, і традыцыям свята «Дажынак»…







Фота аўтара
Ксенія Ельяшэвіч
