Міхал Бараноўскі: “Няма ў Беларусі ніякіх літаратараў”

Культура

x_ff5ff240Сваёй энергіяй Міхал Бараноўскі проста ўражвае. Ён займаецца  творчасцю (піша вершы, празаічныя абразкі  і музыку), арганізоўвае імпрэзы ў межах  праекту “Вежа  міру”, з’яўляецца лідэрам гурта  “Нельга забыць”  – карацей, згуртоўвае вакол сябе людзей творчых, якія безумоўна  падпадаюць пад уплыў  яго энергетыкі.

Ды  што казаць пра  людзей, калі нават  тэхніка не вытрымлівае: на пачатку інтэрв’ю мой дыктафон адмовіўся  працаваць.

На  што Міхал аджартаваўся: маўляў, не ўпершыню такое здараецца…

 

“Неабавязкова вычварацца, каб правесці цікавае мерапрыемства”

 

-У вас ужываюцца  тры асобы: Міхал-літаратар, Міхал-арганізатар  і Міхал-музыка…

 

—  Такое распыленне  асобы перашкаджае дасягнуць  сваіх максімумаў у канкрэтнай галіне дзейнасці. Бо як гэта так: толькі што ты бегаў і глядзеў, як падключаныя правады і ці ўсе выступоўцы сабраліся, а ўжо праз 30 хвілін нешта спяваеш ці чытаеш. І не заўсёды атрымліваецца правільна настроіцца.  Аднак хочацца, каб перамог творца. Хаця… Хай яны жывуць усе і паралельна развіваюцца. Яны нават падштурхоўваюць адзін аднаго да самаўдасканалення. Арганізатар ходзіць па ўсіх гэтых мерапрыемствах  і глядзіць, што цікавіць публіку, чым можна прыцягнуць увагу – і па крысе пачынае разумець, што ніжэй нейкай планкі пісаць не будзе.

 

-А што цікава  публіцы зараз: элементы шоў  ці якасць тэкста?

 

— Ёсць пэўныя складнікі.  У першую чаргу гэта павінна  быць нешта жывое і незвычайнае,  адрознае ад мерапрыемстваў у  школах і ВНУ. Бо ўсе яны  адбываюцца, мякка кажучы, сумна.  Павінен прысутнічаць элемент  разняволенасці, каб людзі не  адчувалі, што прыйшлі на мерапрыемства,  дзе трэба трымаць рукі на  каленцах. Выступоўцы не павінны  быць сумынмі.  Часам так здараецца,  што літаратар стварае цікавыя  тэксты, але  не можа іх прэзентаваць. Аўтар павінен быць крышачку  артыстам. Шмат што залежыць ад  вядучага,  менавіта ён стварае  атмасферу на мерапрыемстве. Калі  людзям не сумна, можна лічыць,  што на 50 % усе ўдалося. Неабавязкова вельмі ўжо вычварацца, каб правесці нешта цікавае. 

 

— Якім праектам  “Вежы міру” вы найбольш ганарыцеся?

 

— Найбольш цікавы праект “Вежы міру” яшчэ наперадзе. Бо калі ён ужо быў, то чаго на гэтую “Вежу” цёгацца? А найбольш удалымі лічу вечарыны “Усмешка ў падарунак” і “10.10.10 і гэтак далей…” Толькі таму, што яны былі цяжкія ў арганізацыі.

 

—  Вылучыце самых  яркіх выступоўцаў “Вежы міру”.

 

— Было ў нас некалькі клоўнаў… А так збольшага ўсе сур’езныя людзі. Давайце не будзем нікога вылучаць, а то ж у нас усе такія крыўдлівыя…  Дарэчы, гэта адна з самых галоўных праблем культурна-масавага жыцця ў Беларусі: усе з усмі баяцца пасварыцца, таму стараюцца даваць злагоджаныя апісанні.  А такія рэпартажы ды нататкі настолькі шаблонна выглядаюць, што іх сумна чытаць. Не атрымалася  — так і напішы: “Трэці раз прыходжу, два разы было класна, а ў трэці раз сапраўднае… “ Не хапае ўласнага меркавання. Мала асобаў, якія пішуць і дзеляцца сваім суб’етыўным уражаннем – шчыра і па фактах. Калі-небудзь сарвуся і пра ўсіх праўду напішу, нават пра сябе…

 

— Раз ужо размова  пайшла пра СМІ… “Вежа міру”  распаўсюджвае інфармацыю праз  сацыяльныя сеткі. А не плануеце  вы  зрабіць паўнавартасны інформпрадукт?

 

— Улічваючы, што мы працуем без фінансавай падтрымкі  і не ў вялікіх маштабах, то пакуль  хапае і сацыяльных сетак, у якіх і завісае наш асноўны наведвальнік 15-30 гадоў. Даволі часта пра нас можна пачуць на радыё Рацыя і Сталіца, за што ім вялікі дзякуй.

 

— У адным артыкуле  вы пісалі: “Пакуль будуць думаць “ ай, ну что я там буду делать… там все разговаривают на белорусском и мне будет неловко”, такія праекты не будуць мець вялікага поспеху”. Як жа пераадолець моўную ізаляванасць беларускай інтэлігенцыі?

 

— Рабіць білінгвічныя праекты як “Ляпісы”. Каб зразумелі, што праяўляць сябе можна і на беларускай мове, а не толькі на рускай. Трэба паказваць прыкладам, што беларуская літаратурная і музычная творчасць можа быць цікавай, крэатыўнай, вясёлай, інтэлектуальнай, глыбокай, жывой… Сучаснаму маладому чалавеку не хочацца размаўляць на мове Купалы і Коласа. Мова патрабуе свежага подыху.

 

— А калі пачаць  пісаць масавую літаратуру на  беларускай мове – гэта выйсце?

 

— Якасная белетрыстыка  павінна быць.

 

— А яна ёсць?

 

— Ды няма. Няма  ў нас ні акуніных, ні дэнаў  браўнаў. Масавай беларускамоўнай  літаратуры няма. І мне здаеца, што нават калі яна з’явіцца, то ў хуткім часе ўжо не знойдзе свайго чытача.  У гэтым плане дзейнасць нашага гурта (“Нельга забыць” – аўт.) вельмі важная, і я ганаруся тым,  што мы прыцягваем увагу да такога класнага аўтара, як Уладзімір Караткевіч. 

 

“Міша. А далей самі разбірайцеся”

 

— Адкуль наогул  узяўся гурт?

 

—  Людзей я пачынаў  шукаць менавіта пад гэты праект, але з перспектывай, што потым  будзем граць і іншую музыку. Знаёміліся мы па-рознаму. Напрыклад,  з гітарыстам Віталікам Мурзічам — на вуліцы. Сядзелі ў адной  кампаніі ў скверыку каля Чырвонага  касцёла і спявалі. Уначы. Весела было!.. Надзейцы (Надзея Процька – аўт.) падказалі сябры, што мы шукаем скрыпку…

 

—  Прапаную такую  гульню: ахарактарызаваць пяццю  словамі кожнага з музыкаў.

 

—  Пяць слоў  замнога… Два словы, якія першымі  прыходзяць у галаву, калі казаць  пра Надзею – гэта імправізацыя  і натхненне. Вова Пыльчанка  –  імпульсіўнасць і прафесіяналізм. Віталь  — тактоўнасць і лірыка. І гэта надае нашаму кагалу пэўную высакароднасць, якая робіць свой адбітак і на творчасці. Калі пра Волю Куваеву казаць, то гэтыя словы —  пошук і барацьба з супярэчнасцямі…

 

— А Міхал Бараноўскі?

 

— Міша. А далей  самі разбірайцеся.

— Вашае творчае жыццё пачалося з таго, што  “дзесьці ў 9-м класе ў мяне з’явілася гітара, на якой я граў песенькі сябрам. Вершы з’явіліся крыху пазней” . Аднак гітара і вершыкі – прысутнічаюць у жыцці  ледзь не кожнага маладзёна. Як жа пазнаць талент?

 

— Ніяк. Толькі час  зможа даць адзнаку чалавеку. Можна прыдумаць нейкае глупства,  і яно будзе вельмі  папулярнае. Аднак наўрад ці гэта можна  назваць талентам… Бываюць у  некаторых геніяльныя ўсплескі. За год чалавек напіша дзясятак  такіх песнь, што не адарвацца,  а потым  — агромністая яма.

 

— Хто вам найбольш  даспадобы з сучасных бардаў?

 

— Пушкарова, Барышнікаў, Беланогая, Кадамская, Ваданосава. Калі казаць пра тых, каго з намі няма, раю звярнуцца да творчасці Высоцкага і Башлачова, каб пабачылі, з якой аддачай трэба працаваць. 

 

“Няма ў Беларусі ніякіх літаратараў”

 

У прозе вы  давалі брутальна абыходзіцеся  з мовай і не саромеецеся  ўжываць моцныя слоўцы. У паэзіі  ж бачны тонкі лірык…

 

— Назваць дадзенныя рэчы літаратурай у мяне не павернецца язык.  Гэта спробы, своеасаблівы дзённік, вучнеўскі нататнік, дзе я вучуся афармляць думкі і рабіць нейкія замалёўкі.

А тое, што там  нейкія брутальныя словы ўжываюцца… Магчыма, праз нейкі час мне хопіць таленту перадаць тыя ж эмоцыі  іншымі мастацкімі сродкамі.  Я не лічу, што варта ўжываць ненарматыўную  лексіку. Пры пэўных здольнасцях  гэта можна абысці. Пакуль у мяне не атрымліваецца.

 

— Як шмат агульнага між вамі і вашым лірычным героем? 

 

-Як гэта ні дзіўна, героя няма. Ёсць нейкі расказчык, які баіць байкі, але яго, як чэшырскага ката, не відаць – адны толькі вусны… У вершах і песнях наадварот: там усё – я… Мае трызненні (няведама аб чым), мой боль (каб ведаў, што лячыць), мае пошукі (няведама чаго), вайна (няведама з кім і за што) і мая любоў… Ну гэта, зразумела, да ўсіх вас.

 

Ці можаце вы  абмаляваць вобраз сучаснага  літаратара?

 

— Трэба б было  разабрацца, хто такі літаратар.  Зараз гэта настолькі размыта…  Прычыны — той жа Жывы Часопіс…  Некаторыя нават кнігі выдаюць  постамі ў блогу. Літаратар  – гэта жывы чалавек, які  рэфлексуе па пытаннях, якія яго  турбуюць. Не жадаю нікога абразіць, але… Няма ў Беларусі майго аўтара.

— А хто ёсць?

-Ёсць людзі, якія  перажываюць і спрабуюць гэтым  падзяліцца. Але майго літаратара, якога б мне хацелася чытаць, у Беларусі няма. Шмат у каго  атрымліваюцца вельмі ўдалыя рэчы. Я з вялікай цікаўнасцю чытаю прозу Паўла Касцюкевіча, эсэістыку Валянціна Акудовіча, паэзію Рыжкова. 

Цалкам  мая паэзія – паэзія з рамана “Нельга забыць”. Вось гэта абсалютна маё. Проста ў нас паэзія атрымліваецца ці то занадта інтэлектуальная, ці то занадта лірычная. А ў Караткевіча  — нешта сярэдняе. Да таго ж, у ёй ёсць нерв – а многім  нестае нерву. 

Анастасія Грышчук

Фота з  уласнага архіву Міхала Бараноўскага



3 комментария по теме “Міхал Бараноўскі: “Няма ў Беларусі ніякіх літаратараў”

  1. О_О даруйце, але словы, вынесеныя ў загаловак… такіх не знайшла ў адказах Міхала. Спадарыня журналіст, хлусіць — непрыгожа. Кідка, але гідка.

  2. так, у тэксце іх няма. сапраўды непрыгожа.
    АЛЕ: хлусні няма ні на грам, прашу ўзважваць словы, спадарыня Ліда. Калі хочаце — я вам дашлю дыктафонны запіс, і вы на ўласныя вушы пачуеце, як спадар Міхал кажа: «Ды няма ў Беларусі ніякіх літаратараў!..»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *