И настаў такі момант…калі людзі, якія гавораць па-беларуску, сталі адчуваць сябе чужынцамі сярод сваіх. Страшны гэта момант ці прадказальны, расказалі нам беларускія студэнты і выкладчыкі. Паспрабуем разам адказаць на пытанні: чаму родная мова стала дзівоцтвам, што чакае яе праз 10 гадоў і з якімі праблемамі ў зносінах сутыкаюцца беларускамоўныя людзі?
Чаму беларуская мова так рэзка ўварвалася ў жыццё беларусаў, асабліва моладзі? З чым, на ваш погляд, звязана ўзрослая папулярнасць мовы?
Яўген Сувітаў, студэнт БДУ
Мне складана даваць адказ на гэтае пытанне, бо сам да 10-га класу жыў не ў сталіцы і не ведаў, што на беларускай мове размаўляе столькі людзей. Хутчэй за ўсё, гэта як «хвароба»(выбачайце за такое параўнанне), якой можна захварэць самому, а можна і падxапіць ад сяброў. Спачатку ёй хварэюць няшмат людзей, але потым ад іх захворваюць іншыя і гэтак далей.
Святлана Мельнікава, выкладчык беларускай мовы и літаратуры
Нікуды яна не ўрывалася. Заўсёды беларусы гаварылі па-беларуску, нават калі з іх вуснаў гучала нібыта русская речь. А што да беларускамоўнай моладзі, то сапраўды апошнім часам беларускасць стала моднай. Адсюль і папулярнасць. Дай Бог, каб мода стала звычкай. Магчыма, скажу крамолу, але я лічу, што мовай не трэба ганарыцца. Яе трэба скарыстоўваць, ведаць, вывучаць, развіваць, смакаваць і берагчы. Вельмі б не хацелася, каб беларуская мова засталася толькі модным трэндам…
Максім Пратаповіч, студэнт БДЭУ
Цяжка сказаць, чаму беларуская мова зрабілася такой папулярнай. Я лічу, што большасць моладзі ставіцца да гэтага, як да нейкага трэнда, ці што. Раз вось тыя гавораць, значыць, і я буду. А калі яшчэ на чыстай беларускай не могуць размаўляць, атрымліваецца так званая «трасянка». Больш за ўсё не падабаецца, калі чалавек добра не ведае мову, а толькі прыкідваецца патрыётам.
Святлана Чыжык, студэнтка БДУ
На мой погляд, гэта абумоўлена ростам самасвядомасці моладзі. Доступ да розных інтэрнэт-рэсурсаў, якія не абмежаваны нічым, адыгрывае сваю ролю. Мы пачалі разумець, хто мы, адкуль ідуць вытокі нашай гісторыі. Мы не частка Расеі, а самастойная нацыя са сваей культурай. А культура не можа існаваць без мовы.
Вы свабодна размаўляеце па-беларуску?
Яўген Сувітаў, студэнт БДУ
Нажаль, не, калі-небудзь раблю памылкі ў словах. Але ёсць сябры, якія дапамагаюць. Ды і, шчыра кажучы, большасць людзей не заўважаюць, што ты кажаш нешта не так, як трэба.
Святлана Мельнікава, выкладчык беларускай мовы и літаратуры
Па-беларуску размаўляю свабодна, але адрозніваю для сябе рабочую мову і мову, на якой гавару з мамай, сябрамі, сваякамі. Гэта так званая «трасянка». Ды толькі ніякая яна не трасянка. Жывая, звыклая і зручная, без залішняга моўнага афіцыёзу. А разумныя людзі яе дыялектнай гаворкай называюць.
Максім Пратаповіч, студэнт БДЭУ
Я не зусім добра размаўляю па-беларуску, хоць імкнуся да гэтага. Каб вольна на ёй размаўляць, трэба думаць па-беларуску, а гэта цяжка. У нас жа ўсё на рускай мове, і трэба траціць час на пераклад.
Святлана Чыжык, студэнтка БДУ
Так, але я ў маўленні выкарыстоўваю 2 мовы — рускую і «матчыну». Бываюць моманты, калі ты хочаш размаўляць на роднай мове, а бываюць выпадкі — калі на рускай. Я лічу, што беларуская мова — мова для душы.
Ці часта людзі просяць перайсці на рускую мову? Ці былі якія-небудзь кур’ёзныя сітуацыі на гэтую тэму? Магчыма, вас не разумелі, агрэсіўна ўспрымалі вашу мову, кпілі і г.д.?
Яўген Сувітаў, студэнт БДУ
Па-першае, для таго, каб мой суразмоўца мяне дакладна-дакладна зразумеў(у асноўным гэта мае выкладчыкі і ўрачы), я карыстаюся рускай мовай.Па-другое, стаўленне людзей да беларускай мовы залежыць ад месца. У Мінску праблем амаль няма. Бывае, канешне, што ў краме цябе могуць крыху не зразумець, але гэта здараецца не так часта. Некаторыя, наадварот, кажуць, што гэта клёва, калі я размаўляю на беларускай мове. У малых гарадах усё маркотней: людзі не ведаюць нават простых рэчаў(напрыклад, што інтэрнат — гэта не інтэрнэт).
Зусім складаных сітуацый ніколі не было. Некаторым сябрам спачатку не падабалася, што я пачаў размаўляць на беларускай мове, але праз месяц амаль усе змянілі сваё меркаванне.
Святлана Мельнікава, выкладчык беларускай мовы и літаратуры
Бывае, ў краме ці ў транспарце пачынаеш гаварыць на вышэйузгаданнай “трасянцы», ніхто нават увагі асаблівай на гэта не зверне. Ну прыехала цётка з вёскі, звычайная такая цётка, нічога асаблівага і дзіўнага. А вось калі пераходзіш на літаратурнае маўленне, тут ужо карціны розныя бываюць. Ад здзіўлення-захаплення да здзіўлення-пагарды і нават агрэсіі. Ты неяк ператвараешся адразу ў своеасаблівую малпачку ў заапарку. А на малпачку глядзяць хто з цікаўнасцю, хто з усмешкай, хто з непаразуменнем, а хто і бананам імкнецца пакарміць.Але без увагі твая літаратурная беларуская не застанецца ў любым выпадку. А вось мае навучэнцы не абцяжарваюць сябе ўмоўнасцямі. Калі занадта складана зразумець — Гугл у дапамогу, альбо яшчэ прасцей: «А можно по-русски, пожалуйста?».
Максім Пратаповіч, студэнт БДЭУ
Ніколі такіх выпадкаў не было.
Святлана Чыжык, студэнтка БДУ
Пераходзяць на рускую мову ніколі не прасілі, але парою па абыякавых вачах суразмоўцы сама здагадвалася, што трэба пераходзіць на рускую мову альбо перакладаць беларускія словы. Але была адна невялічкая гісторыя. Я іграю ў Народным літаратурным тэатры «Жывое слова». Трэба адзначыць, што размаўляем мы ў тэатры толькі на беларускай мове. Дык вось. Ехалі мы аднойчы са сваёй трупай у аўтобусе на выступ у Дом Масквы, што на Нямізе . Ну і размаўлялі, крыху смяяліся. Адна пасажырка сказала: «Вон на белорусском языке разговаривают тут, выделиться решили, думают, что все можно». Мы чулі гэта, але не бачылі сэнсу ў адказе. Шчыра кажучы, нас гэта мала хвалюе, але такое стаўленне проста бянтэжыць.
Ці знаёмы вам такі праект, як «Мова нанова»? Ваша меркаванне наконт гэтых курсаў? Ці верыце вы ў тое, што можна адрадзіць мову?
Яўген Сувітаў, студэнт БДУ
Канешне, нават іх студэнцкі білет ёсць. Так здарылася, што калі я ішоў па вуліцы і думаў, як пачаць размаўляць па-беларуску, убачыў каля ГУМу іх ракламу. Потым зайшоў у суполку ў ВК. Як раз быў панядзелак, і ў той жа дзень я пайшоў на гэтыя курсы. З таго моманту я і пачаў карыстацца беларускай мовай. Курсы мне падабаюцца, даволі карысныя, цікавыя і з гумарам, але часта наведваць не атрымліваецца, бо вучоба. З недахопаў толькі не вельмі вялікае памяшканне, але гэта не так крытычна. Адрадзіць мову можна. І гэта прасцей рабіць праз малодшае пакаленне, як і спрабуюць зрабіць заснавальнікі «Мова нанова».
Святлана Мельнікава, выкладчык беларускай мовы и літаратуры
Праект вядомы. Яго рэалізуюць вельмі таленавітыя людзі.Я імі захапляюся. І курсамі, і людзьмі. Цікавы дызайн сайта. Адрадзіць мову?..Такія спробы рабіліся. Не аднойчы. На маім вяку гэта другая ўжо… Першая была ў часы майго студэнцтва, у 1986- 1991-ым. Мне тады здавалася, што праз год-два Беларусь стане нарэшце беларускамоўнай. Але адна бабулька ў вёсцы сказала тады дзіўную для мяне рэч. «Ой, дачушка, хутка гэта ўсё кончыцца і стане назад. Гарацкія скора нагуляюцца з гэтай цацкай». Ні тады, ні сёння не хочацца ў гэта верыць.
Максім Пратаповіч, студэнт БДЭУ
Мова Нанова, ведаю. Добрыя курсы. Раз за гэта ўзяліся і яны карыстаюцца папулярнасцю, значыць, штосьці атрымаецца.
Святлана Чыжык, студэнтка БДУ
Так, знаёмы. Нават часта заходжу на іх інтэрнэт-сайт. Падабаецца дызайн старонкі (такі патрыятычны). Шчыра кажучы, у мяне ёсць вялікае жаданне запісацца на гэтыя курсы, але заўседы то часу няма, то яшчэ што-небудзь. Гэта было б карысна для асабістага развіцця. Адрадзіць можна, толькі не трэба пра гэта крычаць на кожным кроку. Трэба распаўсюджваць беларускую мову ў сваім асяроддзі (гаварыць хаця б адзін дзень у тыдзень на «роднай» мове, у краме звярцацца да прадавачак на мове, думаць на мове, слухаць песні на мове, чытаць, чытаць, чытаць. Тады, як казаў Адоеўскі, «Из искры разгорится пламя».
Як думаеце, што чакае беларускую мову ў перспектыве? Скажам, праз 10 гадоў?
Яўген Сувітаў, студэнт БДУ
Таксама складанае пытанне. Зараз яе становішча не самае добрае, але яно паляпшаецца. І зноў жа, калі за 10 гадоў ніхто не будзе спыняць распаўсюджванне гэтай «хваробы», то, магчыма, нешта добрае і атрымаецца.
Святлана Мельнікава, выкладчык беларускай мовы и літаратуры
Праз дзесяць год не ведаю, што будзе. Фантастычныя карціны светлай, радаснай будучыні, дзе золатам зіхаціць на сонцы беларускае слова, маляваць не буду. Лепш з’езджу да мымы і пагаманю з ёй. І вам раю «… дома бываць часцей, … дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці».
Максім Пратаповіч, студэнт БДЭУ
10 гадоў…гэта занадта шмат. Трэба глядзець,што будзе заўтра,паслязаўтра, праз месяц ці год. Беларуская мова заўсёды будзе ў сэрцах людзей, адданых ёй.
Святлана Чыжык, студэнтка БДУ
Гледзячы на тое, як моладзь пераходзіць на родную мову, не грэбуе ёй, думаю, што яна будзе развівацца ўсе мацней. Галоўнае — асабістая зацікаўленнасць кожнага беларуса ў сваім родным, падораным лёсам.