З 1953 па 1969 год Барыс Стральцоў працаваў у газетах «Чырвоная змена» і «Звязда», у апошняй быў спачатку літаратурным супрацоўнікам, потым — загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. Сярод яго шматлікіх публікацый на старонках газеты трапляюцца, між іншым, тагачасныя рэцэнзіі Барыса Васільевіча на новыя кінастужкі. Знайшлася ў «Звяздзе» яго крытыка і на «Вайну і мір» Сяргея Бандарчука — класічную савецкую адаптацыю талстоўскай эпапеі, якая выйшла ў 1965 годзе. Зараз, роўна праз паўстагоддзя пасля выхаду фільма, мы вырашылі параўнаць старую і новую экранізацыі знакамітага рамана. Далей — самыя цікавыя вытрымкі з рэцэнзіі Барыса Васільевіча, надрукаванай пад загалоўкам «У Атрадным і вакол», а таксама сучасны агляд брытанскага міні-серыяла ВВС «Вайна і мір» 2016 года.
Дзесьці там, далёка, пад раскаты тысячагалосага салдацкага «ўра» сустракаюцца французскі імператар і рускі цар. Там робіцца палітыка, тчэцца сетка змоў і маны. Там хаваюць за абшлагі мундзіраў ваенныя планы і чакаюць зручнага моманту, каб пайсці адзін на аднаго вайной. А тут, у Атрадным і вакол яго, — бязмежная шыр зямлі рускай, якая глядзіцца ў бездань неба блакітам люстраных азёр і рэк. Тут жывуць будзённымі клопатамі, забыліся на нядаўнюю вайну і не думаюць пра будучую навалу. Тут мір і спакой, цішыня — часам дрымотная, такая, якая была сама Расія пачатку дзевятнаццатага стагоддзя, іншы раз з выбухамі разудалай гульбы і ігрышчаў, а часам больш задуменная, лірычная, чыста руская, народжаная неабдымнасцю прастораў і самім складам душы народа, які тут жыве, працай сваёй аздабляе і ўпрыгожвае зямлю, гадуе нашчадкаў і падспудна, пакуль яшчэ падсвядома гартуе сваю лепшую долю. <…>
Першы баль Наташы. Яна ашаломлена блескам свецкіх шаркуноў і строямі салонных дам, зіхценнем шытых золатам мундзіраў і каскадамі шматпудовых люстраў. Трапяткая, нібы лань, стаіць Наташа, крыху падаўшыся наперад, і вочы яе, нервовая напружанасць, сама пастава паказваюць найвялікшую ўзрушанасць і разгубленасць. Яна не бачыла такога, яна прывыкла да хлебасольства бацькі, якое вылівалася ў чыста рускія дваранскія гульбішчы, а тут — сам вышэйшы свет, у руках якога ўлада і багацце, свет вытанчаны і зіхатлівы, аздоблены халодным бляскам брыльянтаў і бялюткай пенай амстэрдамскіх карункаў. Наташа пакуль не ведае, што тоіцца за ўсім гэтым бляскам, яна ў палоне знешняй свецкай мішуры. Прасвятленне і супакаенне, одум і ўменне ацэньваць з’явы па іх унутранай сутнасці прыйдуць да Наташы пазней, калі яна адолее шмат якія жыццёвыя бар’еры, не раз апячэцца і пачне глядзець на свет так, як глядзіць на яго, скажам, П’ер Бязухаў. А пакуль што Наташа — сама непасрэднасць, чысціня і светлы парыў. <…>
Наташа Растова ў «Вайне і міры» Сяргея Бандарчука.
Наташа — вонкава кволая, экстравагантная асоба, прадстаўніца рускага памешчыцкага дваранства. І ў той жа час яна да каліўца ўвабрала ў сябе лепшыя народныя рысы. Успомнім сцэну палявання або вечар у небагатага сваяка Растовых. З якім замілаваннем яна слухае ігру на звычайнай балалайцы. А яе заліхвацкі танец пад дзядзькаву гітару! Здаецца, з маленства вучылі Наташу толькі свецкім манерам, французскай мове ды бальным танцам. А тут прачнуўся ў дзяўчыне сам рускі дух, і яна скача не горш за вясковую маладуху. І плечуком павядзе, патрасе, і пройдзецца з наска на пятку, і пасыпле абцасікамі такі пошчак, што ажно маснічыны гудуць. <…>
Тварам, вачыма, мімікай, жэстамі, рухамі перадае Людміла Савельева характар і псіхалогію сваёй гераіні. Без слоў, без тлумачэнняў мы яскрава бачым самую сапраўдную талстоўскую Наташу. І, відаць, не варта было пастаноўшчыкам фільма ў шэрагу выпадкаў суправаджаць дзею дыктарскім тэкстам, даваць разгорнутыя ўнутраныя маналогі. Калі Наташа пачынае скакаць пад гітару ў маёнтку дзядзькі, калі ў ёй прачынаецца адвечна рускае, то глядач, асабліва пасля сцэн на бале і ў салонах з удзелам Наташы, вельмі добра адчувае, што робіцца на экране і што перажывае сама Наташа. Або тая ж сцэна на бале. Далібог, усе разумеюць па выразу твару, па вачах, як узрушана Наташа, што яе ніхто не заўважыў, не запрасіў на танец, і як ёй хочацца танцаваць. А тут — непатрэбная рэжысёрская накладка ў выглядзе ўнутранага маналогу. Навошта? Людміла Савельева ўсё сказала і без слоў. Вобраз Наташы, возьмем на сябе смеласць сказаць, — самая вялікая ўдача другой серыі кінаэпапеі «Вайна і мір». І што самае галоўнае: ігра актрысы супадае з тым уяўленнем, якое мы атрымалі, чытаючы і перачытваючы талстоўскі твор. Супадае і дапаўняе яго. Цяпер, ужо чытаючы нанава раман, мы будзем бачыць Людмілу Савельеву ў ролі Наташы — такую, як у фільме.
П’ер Бязухаў і Андрэй Балконскі ў «Вайне і міры» Сяргея Бандарчука.
На вялікі жаль, з некаторымі іншымі вобразамі так не атрымліваецца. Таленавіта выконваюць ролі П’ера Бязухава і Андрэя Балконскага Сяргей Бандарчук і Вячаслаў Ціханаў. Можна гаварыць пра падачу вобразаў у развіцці, пра глыбокае пранікненне ў сутнасць першакрыніцы, пра шэраг акцёрскіх знаходак. Але глядзіш на П’ера Бязухава і бачыш Сяргея Бандарчука, такога, якім мы бачылі яго ў ранейшых фільмах. Сочыш за князем Андрэем і чакаеш, што вось-вось ён выдасць нам які-небудзь адэскі жарт, накшталт тых, якімі смяшыў аматараў кіно Вячаслаў Ціханаў у іншых кінастужках. Добра, калі гэта толькі першае ўражанне. Але ж звычайна першае ўражанне аб фільме, які, як правіла, глядзіш адзін раз, бывае і апошнім. Відаць, пастаноўшчыкам фільма трэба было ўлічыць, што «Вайна і мір» — нацыянальны твор, які не проста чыталі самыя шырокія масы, але і пранікліся яго вобразамі, шчыра палюбілі і склалі аб іх пэўнае цвёрдае ўяўленне.
Элен у «Вайне і міры» Сяргея Бандарчука.
І яшчэ — пра Элен. Л. М. Талстой пісаў, што прыгажосць Элен заўважыў бы сам Напалеон, вылучыўшы яе сярод прыгажунь Парыжа. А з гадамі яна стала яшчэ больш прыгожай. Магчыма, Ірына Скобцава падчас здымак была не ў форме, але мы не можам сцвярджаць, што гэта зайздросная характарыстыка, дадзеная Львом Мікалаевічам сваёй гераіні, у фільме вытрымана на ўсе сто працэнтаў.
Барыс СТРАЛЬЦОЎ.
Что ж новага можа прапанаваць Талстому кінаіндустрыя праз пяцьдзясят гадоў? Новая «Вайна і мір», створаная брытанскай тэлекампаніяй BBC, — адна з лепшых экранізацый рамана. І гэта абсалютна сур’ёзна.
Яшчэ са з’яўлення першых звестак пра новую экранізацыю талстоўскай эпапеі пачалася крытыка: шмат каму не спадабаўся падбор акцёраў, замежных сцэнарыстаў вінавацілі ў тым, што яны занадта спрашчаюць сэнс і падзеі рамана, паўсюдна ў новым серыяле шукалі недарэчнасці ў выяўленні Расіі. Нельга адмаўляць, што заходнія рэжысёры страцілі пэўны ліміт даверу апошнім выкананнем «Ганны Карэнінай» з Кірай Найтлі: фільм быў чакана прыгожы і захапляльны, але ад Талстога там засталося не вельмі шмат. Тым не менш, канчатковы варыянт «Вайны і міра» ад ВВС атрымаўся надзвычай якасным — не без недахопаў, але ж менавіта з тым адчуваннем нечага высокага, духоўна багатага і «эпічнага», якое ўзнікае падчас чытання.
Андрэй Балконскі ў адаптацыі ВВС.
ВВС здымаюць «Вайну і мір» свабодна і натхнёна: бачна, што кніга прачытана і асэнсавана па ўласным жаданні і па любові, а не пад прымусам школьнай настаўніцы. Адна з вялікіх праблем рускай літаратуры — у тым, як яе навязваюць у школах разам з савецкай традыцыяй асэнсавання думак класікаў, як складана потым вызваліцца ад «ідэалагічна вернай» экранізацыі Бандарчука і як цяжка ўбачыць у талстоўскіх героях жывых, недарэчных, смешных, кранальных людзей, разгубленых перад магутнасцю самога жыцця, а не тыпалагічныя маскі «добрых» і «дрэнных» персанажаў. Аўтары адмоўных водгукаў на новую «Вайну і мір» часцей за ўсё пацвярджаюць гэта, пішучы пра «знішчэнне рускай духоўнасці» і «падробку класікі». У нечым яны маюць рацыю — гэта калі сапраўды лічыць варыянт Бандарчука адзінай легітымнай кінаверсіяй рамана. Але ж што мы ўбачым, адмовіўшыся ад савецкіх канонаў?
Анатоль і Элен у адаптацыі ВВС.
Брытанцы на твор глядзяць не як на непахісны эпас кшталту «Іліяды», а як на п’есу жыцця з мноствам важных герояў. У экранізацыі вырываюцца з рамак шматстаронкавых маналогаў і ажываюць хатнія танцы і нястрымныя п’янкі, інцэст і інсінуацыі прыдворных, беспамерны шчупак на стале, вечныя спрэчкі палкаводцаў, вайна са свісцячымі ядрамі і адарванымі нагамі. Вайна перастае ў экранізацыі быць занадта працяглымі і цяжкімі для ўспрымання дыялогамі аб ваеннай справе і ператвараецца ў жудасную карціну марных подзвігаў і самаўпэўненых атак, неапраўданых ахвяр і раскіданых па полі тон «гарматнага» мяса.
Пол Дано ў галоўнай ролі П’ера — напэўна, лепшае, што здаралася з замежнымі экранізацыямі рускай літаратуры. П’ер Бязухаў — бясконца добры, разгублены, інфантыльны шукальнік ісціны — атрымліваецца ў яго надзвычай арганічна. Пол Дано робіць яго адчувальна чалавечным і непасрэдным, лёгкім і нязграбным, асобай, што ўлюбляецца ў ідэалы і людзей зноў і зноў. Тая духоўная вышыня П’ера, якая магла стаць незразумелай ці смешнай для чытача арыгінальнага рамана, у выкананні Пола Дано робіцца шчырай, чалавечнай і блізкай гледачу.
П’ер Бязухаў у адаптацыі ВВС.
Наогул з кастынгам у «Вайне і міры» адбываюцца выдатныя рэчы: вось што бывае, калі талстоўскіх герояў на экране выконваюць не Кіра Найтлі і Джуд Лоў, а новыя, свежыя, амаль незнаёмыя асобы без слядоў галівудскай славы і мінулых роляў, без рэкламных і публічных вобразаў. Лілі Джэймс (Наташа Растова) таксама стала нечакана шчаслівай знаходкай — трэба прызнацца, што ў трэйлерах бландзінка-Наташа выглядала не вельмі пераканаўча. Але 26-гадовая актрыса здолела паказаць сапраўднае развіццё свайго персанажа: надзвычай натуральна яна выглядала і ў вобразе смяшлівай і бесклапотнай дзяўчынкі, і ў ролі сталай, мудрай Наташы з канцоўкі рамана. Фенаменальна ярка паказаны бацька Балконскага (Джым Бродбент), сціплая Марыя і стрыманы славалюбівы Андрэй. Сапраўды шыкоўна выглядаюць у кадры спакуснікі Анатоль Курагін і яго сястра, хлуслівая прыгажуня Элен у выкананні Тапенс Мідалтан — вось тут ужо сапраўды чароўная жанчына, ад твару якой цяжка адарваць вочы. Нават другарадныя персанажы — скептык Кутузаў, бацькі Растовы, ціхая Соня, горды Напалеон — не зліваюцца ў «дэкарацыі», а прыцягваюць ўвагу гледача кожны нечым уласным. Ва ўсіх экранізацыях Талстога меліся памылкі з акцёрамі: яны былі ці занадта маладыя, ці занадта дарослыя, ці залішне знаёмыя па іншых ролях — тут жа ўсе на сваіх месцах, ніхто не перацягвае коўдру на сябе.
Наташа Растова ў адаптацыі ВВС.
Чаканых памылак, дарэчы, зусім няшмат: прыемна здзіўляюць пісьмы і надпісы на рускай мове ў кадры, яна ж (часткова з акцэнтам брытанскіх акцёраў, часткова з вуснаў носьбітаў мовы) гучыць у песнях і нават падчас сцэн праваслаўных абрадаў вянчання і пахавання. Новая «Вайна і мір», знятая ВВС, дазваляе гледачу чытаць нейкага іншага Талстога — таго, якога чытае ўвесь свет, а не якога зубраць у нашых школах. Талстога, які ніколі не падзяляў сваіх герояў на адмоўных і станоўчых і кожнаму даваў шанец выратавання.
У рускім «Камерсанце» Ганна Нарынская напісала пра серыял: «Гэта яркі і, галоўнае, захапляльны, хоць іншым разам і недарэчны пераказ таго, хто чытаў, для тых, хто не чытаў». Магчыма, менавіта гэта і патрэбна сучаснаму гледачу, каб зацікавіцца арыгінальным творам і бачыць у ім ужо не проста бясконцыя старонкі разваг пра лёс народу, а пашырэнне і паглыбленне тых падзей і думак, якія зацікавілі ў экранізацыі.
Ілюстрацыі: кадры з вышэйзгаданых фільмаў, kinopoisk.ru.
Кацярына ЖОРАВА.