НАСУПЕРАК ЗАНЯДБАННЮ
У пошуках новых сэнсаў
Беларускі пісьменнік Лявон Вашко нарадзіўся 12 красавіка 1963 года ў горадзе Гродна. У 1985 годзе ён скончыў факультэт журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у рэгіянальных і рэспубліканскіх выданнях. Выдаў кніжкі “Еўрапейскія гісторыі”, “Паэты-цары”, “Гістарызацыя свядомасці”, “Маленькі сшытак”, выпускае літаратурны агляд “Дзеячас”. Аўтар празаічных і паэтычных твораў, драматургіі і публіцыстыкі. П’еса “Сэкс па перапісцы” ставілася ў беларускіх тэатрах. Жыве ў горадзе Масты. Сёння Лявон Вашко адказвае на пытанні для “Вэб-журналіста”.
– Увогуле, пісьменнік заўсёды найперш – краязнаўца і мовазнаўца… Пацверджу гэтую выснову прыкладамі. Пісьменнік Рыгор Барадулін апеў родную Ўшаччыну… Былі свая “Дарога, закалыханая жытам” у Максіма Танка і свая “Зямля пад белымі крыламі” ва Уладзіміра Караткевіча… Ці не таму пасля сталічнага тлуму, універсітэту і аспірантуры вы вярнуліся ў роднае гняздо?
– Думаю, краязнаўчыя і мовазнаўчыя асновы пісьменніцкае творчасці – відавочнасць, якая патрабуе ўдакладнення. Ані Рыгор Барадулін з ягонай філалагічнай адукацыяй, ані Максім Танк з ягоным прыроджаным знаццём народнага побыту, ані Ўладзімір Караткевіч пры ўсіх сваех ведах гісторыка не ўспрыймаюцца мною як краязнаўцы і мовазнаўцы ў традыцыйным разуменні гэтых паняткаў. Іхная абазнанасць – творчы метад мастацкага асэнсавання. Пра сябе магу сказаць з пэўнасцю, што я не глыбокі спецыяліст у гэтых навуках. Разам з тым, пісьменнік асуджаны на перажыванне навакольных з’яваў ды падзеяў і нейкім чынам мусіць на іх рэфлексаваць. І зразумела, што мова і край тут з’яўляюцца неабходнай адпачатнасцю, з чаго сілкуецца, вынікае мастацкі імпульс і ўрэшце паўстаюць і свет як сэнс, і навука. Мастацкая дзейнасць вышэйпрыгаданых аўтараў пры ўсім іхным грунтоўным паглыбленні ў народную спадчыну – прыклад высокага мастацкага тварэння культуры і мовы; перафразаваўшы, можна сказаць пра іхную літаратуру як пра моватворчасць і краятворчасць на аснове свайго вакольнага, крэўнага, – іначай, калі мовазнаўства і краязнаўства ідуць следам за існаваннем, дык творчасць кліча існаванне за сабою.
Сёння мы маем магчымасць назіраць на Беларусі як бы і адваротны прыклад фундаментальных асноваў беларускага мастацкага побыту – маю на ўвазе агіду або іронію да свайго роднага тых літаратараў, што імкнуцца паканаць свае сярмяжныя комплексы адмовіўшы суджанае і проціпаставіўшы яму чужы вопыт, які падаецца ім больш велічны і вартасны, чымся ўласны. І тут нечакана і наперакор вылажаюць з-пад зямлі бутавыя камяні нашага гібейнага, але неўміручага беларускага мовакраяіснавання: вырачэнства адно пацвярджае немінучую значнасць адмоўленага, ягоныя істотнасць і трываласць.
Што датычыцца асабіста мяне, дык лічу вялікай каштоўнасцю і край, і мову. Не таму, што яны нечым выгоднейшыя за іншаземныя варыянты, а таму, што яны – адмысловыя, крэўныя, дадзеныя нам і здабытыя намі як наш агульны лёс. Гэта тое, што пакрысе робіць нас народам. З гэтага пункту гледжання – з пункту вартаснасці беспадобнага перажывання быцця – мне бачыцца каштоўнасць драматычнага вопыту свабоды іншых народаў, культураў, традыцыяў.
Вярнуцца з Менску ў Масты мяне падштурхнулі беспрацоўны стан і фінансавыя цяжкасці: здаў сваю менскую аднапакаёўку ў арэнду дзесьці ў сярэдзіне дзевяностых ды паехаў на бацькаўшчыну. Да таго ж у Мастох пачуваюся больш камфортна, чымся ў сталіцы, і гэта таксама паўплывала на рашэнне. Аднак проціпастаўляць “віры свая” адно аднаму не буду, бо, здараецца, кідаюся між розных куткоў Беларусі – паўсюдна існуюць свае дадатнасці і недахопы: у лесе вольна, але заядае машкаўня або праймае холад, у сталіцы цёпла і сытна, але не хапае волі… Увогуле, часам падаецца, што здатны да прысутнасці, у сэнсе ўяўленчым, метафізічным, у некалькіх месцах адначасова – проста, у Мастох нейкім неўяснёным чынам збягаюцца лабірынты ўсіх ваўкалачых нораў.
– Ёсць пісьменнікі ў сусветнай літаратуры, які апісвалі малы куток зямлі, але апісвалі яго так, што ён і ягоныя персанажы засталіся ў сэрцах чытачоў назаўсёды. Напрыклад, Шэрвуд Андэрсан, творчасць якога паўплывала на шэраг амерыканскіх пісьменнікаў: Томаса Вулфа, Джона Стэйнбека, Уільяма Фолкнера, Эрнеста Хэменгуэя… У вашых творах таксама ажываюць местачкоўцы. Вы пішаце пра іх і з гумарам, і часам іранічна, і часам нават сатырычна, але заўсёды – з замілаваннем, з нейкай унутранай сентыментальнасцю. Ці атрымалася ў вас стварыць сваю Ёкнапатофу?
– Паводле нейкіх цалкам не зразумелых прычынаў, прозу маю аднесці да скарбаў сусветнай літаратуры не выпадае. Дый у роднай літаратуры яна – дастаткова малавядомая. Але шчыра дзякую за працытаваны шэраг пісьменнікаў у сувязі з маёй творчасцю.
Безумоўна, фолкнераўскага шматтамовага эпічнага размаху ў кніжках “Еўрапейскія гісторыі” і “Паэты-цары” не назіраецца, таму няма і гаворкі пра стварэнне Ёкнапатофы. Аднак інфекцыя Шэрвуда Андэрсана атрымалася заразнай; ягоны ўплыў на маю тагачасную творчасць відавочны: як і ў ягоных кніжках, апавяданні маех двух першых выданняў злучаныя месцам падзеяў, раз-пораз у іх апісваюцца адныя і тыя ж героі – скрозь усе творы з’яўляецца персанаж Байда… Як і Шэрвуду Андэрсану, мне заманулася пазмагацца з сюжэтам – у кароткіх апавядальных формах расцягнуць яго на вякі або выявіць усеахопнасць руху праз нейкае імклівае здарэнне, або, увогуле, бясплённа паспрабаваць запыніць сюжэт і нават выйсці з ягонага ўлоння.
Гэтыя кніжкі я рабіў у пошуках сваёй літаратуры. На той час мною быў напісаны шэраг пачатковых апавяданняў, ад публікацыі якіх давялося адмовіцца праз іхную неадпаведнасць агульнай канцэпцыі – тэматычна і кампазіцыйна яны адрозніваліся ад тых, што збіраліся ў кніжку. Пасля выдання “Еўрапейскіх гісторыяў” і “Паэтаў-цароў” таксама пісаліся канцэптуальна адрозныя ад укнігаваных творы. Рэч у тым, што дадатнасць штучна, наўмысна заданых да твору унутраных агульных рамкаў дапамагае надаць паасобным выпадковым тэкстам эстэтычна завершаныя формы, аб’яднаць іх наўскрознай ідэяю. Зборнік часам выпадковых тэкстаў ураз набывае цалкавітые формы – робіцца кніжкаю. Але гэтая дадатнасць пакрысе ператвараецца ў загану – асабліва яно датычыць кароткіх празаічных жанраў, за адносным выключэннем, хіба, дэдэктыўных ці фантастычных, – бо змяншае прастору для манёўру: раней ці пазней надыходзіць рызыкоўны момант, калі з аднога боку новые эксперыменты і пошукі немінуча разбураюць зазвычаеные цалкавітые формы, а з іншага боку змушанае тварэнне ў звыклых формах прыводзіць да аднастайнасці твораў-клішэ; атрымліваеца такі сабе творчы нерат – ні ўзад, ні ўперад. Па ўсім відаць, з гэткай праблемаю сутыкнуўся і Шэрвуд Андэрсан – ва ўсялякім разе ягоная пазнейшая творчасць была ўспрынятая тагачасным літаратурным акаленнем як дэградацыя.
Сям-там, бывае, участковы Байда прыходзіць на старонкі іншых тэкстаў, напрыклад, ён праяўляецца ў адным з варыянтаў п’есы “Сэкс па перапісцы”, але гэта – проста даніна літуратурнае гульні, нейкі сцёб, які ня мае на мэце тую нагрузку, што ёсць у кніжках.
Ну а прачуласць герояў, іхная прыцягальнасць, мяркую – праз зварот да жывых праяваў душы. Я свядома імкнуўся ўнікнуць маралізатарства, ацэнкаў і схематычных сэнсаў. Усе мы жывем са сваімі дэманамі, і калі непрадузята пазнаем уласныя жарсці ў персанажы, дык пачынаем на гэта рэагаваць, дзе праз смех, дзе праз слёзы… ці праз жах… ці праз больш складаны кактэйль пачуццяў…
– У вашых п’есах адчуваецца тая ж настраёвасць, што і ў апавяданнях – і драматызм, і гумар, і іронія, і філасофская задуменнасць… Пэўны час вашая п’еса “Сэкс па перапісцы” з поспехам ставілася ў беларускіх тэатрах. Сучасных беларускіх драматургаў няшмат – найчасцей прыгадваюцца Аляксей Дудараў, Сяргей Кавалёў, Андрэй Курэйчык… Дзе вы бачыце сваё месца ў шэрагу сучасных аўтараў?
– Знаёмая даследчыца беларускай драматургіі дакторка славістыкі з Люблінскага Каталіцкага універсітэту Бэата Сівэк неяк заўважыла, што рызыкуе застацца без працы: сапраўды, у Беларусі прыход новых драматургаў вельмі неактыўны. Верагодна, гэта сувязана з агульнымі эканамічнымі цяжкасцямі ў краіне: невялікія перспектывы на пастаноўку могуць адварочваць пісьменнікаў ад напісання каньюктуры. Магчыма і цалкам верагодна, ёсць у гэтым творчым заняпадзе і нейкія іншыя прычыны.
Мая цікавасць да драматургіі спачатку была чыста літаратурная, без аглядкі на кулісы. Безумоўна, я, калі пісаў, улічваў патрабаванні сцэны, імкнучыся перадаць падзеі праз мову герояў. Але першапачаткова былі спадзяванні на літаратурную публікацыю, а пра тэатр разважаць не меў ніякіх падставаў. Потым я пазнаёміўся з загадчыкам літаратурнай часткі “Вольнай сцэны” Іванам Чэркасам. Яго захапіла п’еса “Сэкс па перапісцы”, і ён паказаў яе рэжэсэру Мікалаю Мацкевічу. Вось так і адбылося ўсцэнаванне. Гэтую ж п’есу ставіў і нябожчык Аляксандр Ласоўскі. Ішлі тыя спектаклі даўно, у мінулым тысячагоддзі. Сёння іх няма. З боку тэатралаў часам выказваліся жаданні паставіць і “Ампутацыю міндалінаў”, і “Эпас, лірыка і драма як жыццё цёплага чалавека”, але да падмосткаў справа не дайшла.
У часе пастаноўкаў “Сэксу па перапісцы” я пазнаёміўся з незвычайнымі творчымі асобамі і з неспакойным тэатральным жыццём. Было цікава і карысна. Але і крыху тлумна як на мяне – дзесьці на ўзбочыне таго пісьменніцкага жыцця, да якога я заўсёды імкнуся. Таму на сваё месца ў беларускай драматургіі пазіраю трывала седзячы ў сядле літаратурнае табурэткі – то-бок літаратурны досвед для мяне цікавейшы за тэатральны. Урэшце п’еса можа існаваць і па-за тэатрам, як самадастатковы літаратурны твор, і да мяне, было, даходзілі зычлівыя водгукі чытачоў маёй драматургіі нягледзячы на ейную невялікую растыражаванасць.
– У вашых прозе і п’есах чалавечыя жарсці зьяўляюцца прычынаю драматычных сутыкненняў. Аб’ектам вашай сатырычнай паэзіі – вершаў і паэмы “Гліст” – таксама зьяўляюцца чалавечыя жарсці. Што прымусіла смяяцца з таго, што ў іншых выпадках выступае як драма і нават трагедыя?
– Заманулася глянуць на свет яшчэ ў адным вымярэнні: зазірнуць у нутробу драматычнага наваколля праз адтуліну гумару і скрозь чорнадзь непрагляднай смехаатворыны дамацацца да дна рэліктавага змроку. Часам, каб найпаўней адчуць трагізм аб’екту, неабходна зрабіць яму саркастычны аналіз плоці.
– У мове вашых твораў шмат неалагізмаў, аўтарскіх новатвораў, актыўна выкарыстоўваецца гутарковыя і дыялектныя словы, трасянка… Чым гэта выклікана?
– Мяркую, кожны пісьменнік асуджаны на моватворчасць – нават калі моватворчасць не праяўляецца наўмысным чынам, яна нараджаецца падсвядома: праз нейкую меметыку – памылку, недакладнасць і ў выніку праз новы незнарочысты сэнс ці падсэнс… Мастацкая мова моцна адрозніваецца ад літаратурнай мовы, якая выступае як стандарт, пэўны ўтаймавальнік словастыхіі. І найпершае адрозненне мастацкага маўлення ад сфармаваных моўных стандартаў – у пошуках і знаходках новага, якое з цягам часу можа ўнармавацца літаратурна. Свядомым, наўмысным пошукам новых сэнсаў я і заняўся ў сваім літаратурным эксперыменце.
Зрэшты, падобныя “навацыі” – зьява традыцыйная. Прыгадаем пачатак дваццатага стагоддзя, нашаніўства, перыяды савецкага часу… – беларуская мастацкая моватворчасць толькі тым і займалася, што шукала, вычувала, тварыла і знаходзіла ў мове і праз яе навіну, незвычайнасць. Дый калі звярнуцца да памераў чалавечае цывілізацыі, дык у ейных асновах выразна заўважаюцца акурат гэткія творчыя традыцыі заўсёднага пошуку і спасціжэння: каб стала не зьяўлялася ў чалавеку дапытлівасці, патрэбы моўна вызначыць наваколле і самаго сябе, ён бы і сёння заставаўся ў адоймах прымітыўных гукаў-сігналаў бяз родаў, дзеясловаў, лічэбнікаў, займеннікаў, прыметнікаў… Такім чынам, я ўважаю сябе традыцыяністам…
– “Ад баразёнкі, ад нівы, ад плуга – ідзем мы асфальтам, як полем ці лугам”, – пісала Ларыса Геніюш. Так атрымалася, што беларусы насамперш сялянская нацыя і дзве траціны насельнікаў цяперашніх беларускіх гарадоў у мінулым сяляне. Тэма вёскі шырока адлюстраваная ў роднай літаратуры, нямала і урбаністычных твораў. А для вас што бліжэй – вёска або горад?
– “Сялянскасць” беларускае нацыі абумоўленая ейнаю прыгнечанасцю. Мае дзяды былі сялянамі і бацькі выйшлі з іх. Я нарадзіўся ў горадзе Гродна. Дзяцінства прайшло ў мястэчках Вялікая Бераставіца і Масты. Сёння я жыву збольшага ў Мастох, а таксама ў паралельнай прасторы – у Менску ды Заслаўі. У дзяцінстве даводзілася нейкі час жыць і часта бываць на магілеўшчыне, у вёсцы Мокравічы Бялыніцкага раёна ў дзеда Ягора і бабы Мархвы. Апошнім часам мне патрапіла працаваць у сельскай гаспадарцы, сучаснасць якой моцна адрозніваецца ад тых архітыпічных вобразаў, што можна напаткаць у роднай літаратуры: электроніка, інтэрнэт, шматлікія спецыялісты, якія нарадзіліся ў горадзе і прыязджаюць з горада ў вёску на працу, прагрэсіўныя агратэхніка і -тэхналогіі на сяле нараджаюць той цалік, які яшчэ не ўзаралі мазольнымі пальцамі па клавіятуры камбайнёры краснага пісьменства.
Самі Масты – тыповы пралетарскі горад, які ўтварыўся ў трыццатых гадох мінулага стагоддзя падчас адкрыцця дрэваапрацоўчага завода, далучыў да сябе навакольныя вёскі – Зэльвяне, Міхайлоўку, Сцяпанішкі – і “адабраў” у спрадвечных Мастоў іхную назву: насамрэчнае гістарычнае мястэчка Масты знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад гораду вышэй па Нёмну – на правым беразе старажытныя Масты называюцца Правымі Мастамі, а на левым беразе, адпаведна, Левымі.
Разам з пралетарскай долей сялянскі дух незнішчальна ліпее сярод мастоўскага індустрыяльнага пейзажу. Помніцца, у семідзесятых гадох на гарадскім пляжы разамлелыя пляжнікі гарманічна спалучаліся з нетаропкімі, поўнымі шчасця і згушчонкі каровамі – буйную рагатую скаціну трымалі людзі з ускраінаў гораду, а пасвіў статак паўз Нёмна мой сусед, дзед Мазан. Парнікі і агароды – гэткая ж заныдзелая адметнасць горада, як і злавесны чорны дым з заводаўскай трубы…
Ментальна мне бліжэй правінцыя, маленькія гарадкі, вёскі – у іх мне больш утульна і натхнёна, чымся ў сталіцы. Мае першыя празаічныя кніжкі тэматычна прысвячаліся маленькаму гарадку – пісаў пра тое, што было блізка. Але мабыць, тэматычная прыналежнасць да нейкае адміністратыўнае адзінкі ня ёсць дабро ці ліха. З пункту гледжання мастацтва, ці вёска, ці горад – гэта ўсяго толькі дэкарацыі, форма заўсёднага спрадвечнага зместу.
Калі казаць пра імклівую хаду урбанізацыі, дык для вёскаў і мястэчкаў гэтыя падзеі выяўляюць ня толькі набытак, што прыносіць развіццё, але і страту – страту мінулых трывалых звычаяў. Тады як для вялікага горада характэрная неданароджанасць трывалых традыцыяў, паспешны пошук новае завядзёнкі ўчорашнімі сялянамі і іх нашчадкамі.
Мне як пісьменніку заўсёды цікавае адчуванне ірацыянальнага, што збуджаецца ў маёй душы праз сутыкненне з наваколлем. Вялізны горад, такі, напрыклад, не самы вялікі мегаполіс, як Менск, здольны падарыць рашучае развітанне з ілюзіямі, спадзяваннямі, прагнозамі; ён непрадказальны, імклівы і разам з тым няўмольны ў сваёй уніфікацыі – любыя спробы арыгінальнасці і нават вычварэнскай адметнасці імгненна нівелююцца, пераходзяць у разрад банальнага, шэраговага, штодзённага, ці проста забываюцца. У мястэчках і вёсках мяне ўражвае трываласць памяці, натхнёнасць мінуўшчынаю – тыя ж самыя кранікальныя падзеі, што ў мегаполісе, тут больш уражлівыя, больш біблейскія; правінцыя падобная на пыльныя таямнічыя архівы, дзе навукоўцы адкрываюць ашаламляльныя звесткі пра нашае існаванне, – калі ў вялікіх гарадох творыцца гісторыя, дык у правінцыі яна захоўваецца. Я неаднойчы, і ў Бялыніцкім раёне на бацькаўшчыне дзядоў па маці, і ў Дзятлаўскім, скуль дзяды па бацьку, знаходзіў у душы неверагодныя адценні пачуццяў, што нараджаліся ў размове з выпадковымі незнаёмцамі: варта было мне назваць імя і прозвішча дзеда, як размова паглыблялася ў дадатковыя сэнсы асабістае прыналежнасці да чагось агульнага – імя і прозвішча рабіліся адмысловым паролем у рэчаіснасць, якая прамінула, забылася і… не памёрла, а працягнулася ў нас. Неўзабаве высвятлялася, што суразмоўнік асабіста ведае майго дзеда, а калі – маладзейшага веку і не заспеў, дык чуў пра яго і завітваўся на месца, дзе стаяла дзедава хата, было дворышча… Гутарка ў такім разе раптоўна набывала дадатковыя інтанацыі даверу, датычнасці да абапольнае памяці; адчувалася, што пароль спрацаваў, што мяне негадана пачалі прызнаваць тут за свайго, і незнаёмец нечакана падаваўся мне таксама сваім. Самі па сабе людзі ўва ўсім свеце – адзінотнікі і чужаніцы, таму яны ўвесь час шукаюць падставы для збліжэння, параднення, і імёны прашчураў, якія даўно не існуюць, але памятаюцца, якраз адзін з тых нітоў, што робіць нас усіх сваімі.
– Сёння ў літаратуры, бывае, дыскутуецца пытанне пра ўніверсальнасць беларускай літаратурнай спадчыны. У гарачых спрэчках часцяком можна пачуць грэблівыя выказванні і паводле беларускай мовы, і паводле беларускай літаратурнай класікі, і паводле нашых славутых пісьменнікаў, якія лічацца бясспрэчнымі нацыянальнымі аўтарытэтамі – узніклі прэтэнзіі нават да Янкі Купалы і ўвершаванай ім тэзы “ў народ і край свой толькі веру і веру ў самаго сябе”. З іншага боку ёсць і гарачыя абаронцы, заступнікі… Што вы думаеце пра гэтыя спрэчкі?
– Універсальнасць мастацкага, духоўнага прадугледжвае шматузроўневасць успрыняцця: ад простага, прымітыўнага да ўскладнёнага, філасофскага. Іначай, у адных і тых жа аб’ектах культуры філосаф і прымітывіст назіраюць зусім розныя функцыі: напрыклад, помнік манументальнага мастацтва можа разглядацца як трапная дэталь у падмурку сарая на лецішчы, шэдэўр палацавай архітэктуры паўставаць як зручнае памяшканне для ўтрымання жывёлы, узор старажытнага народнага ўмельства, якісь саматканы вышываны ручнік, выкарыстоўвацца як прыдатная ануча для мыцця сантэхнікі, мудрыя кніжкі з шафы акадэміка выступаць як сродак заробку на здачы макулатуры, дар мовы ацэньвацца з вагі маральных і матэрыяльных дывідэнтаў і г. д. Знарок утрыравана схематызую прыклады для ілюстрацыі думкі – вядома, дыяпазон гэтае шматузроўневасці даволі шырокі й складаны, спалучаецца з розных градыентаў, у тым ліку і з рэлігійнага, і з палітычнага, калі мастацкая сутнасць аб’екта аб’яўляецца нікчэмнай з прычыны ягонае ідэалагічнае немэтазгоднасці ці, увадваротку, маламастацкія аб’екты сакралізуюцца і набываюць мастацкае гучанне… У выніку, усім вядома яшчэ з часоў пірамідаў пра сціранне на шыльдах памяці імёнаў адных і высяканне на іхным месцы імёнаў іншых. Гэта вельмі па-людску, і таму гэтая з’ява цікавая: пры пільным вывучэнні ейнага феномена, магчыма, атрымаецца нам усім з памяркоўнасцю паставіцца да духоўных набыткаў і мінімізаваць іхныя сталыя страты.
Паколькі мастацкая з’ява мае два відавочныя складнікі – біялагічны, бо здзейсненая жывым арганізмам, і маральны, бо належыць да надматэрыяльных, ідэалістычных сфераў, – духоўная аблада творчасці стала спатыкаецца з “ніжэйшымі”, падставовымі схемамі біялагічных стратэгіяў. Іначай, біялагічныя законы вымушана штурхаюць істоту да самых простых, найменш стратных шляхоў самарэалізацыі, тады як духовая галіна вымагае высілкаў на пераадоленне прыроды – зазвычай на духатворчасць выдаткоўваецца каласальная энергія, і з пункту гледжання біялогіі, эвалюцыйнага выжывання віда, яна беспадстаўная. Мяркую, дэструкцыя вынішчэння ў галіне духу, самасцвярджэнне праз апаганьванне творчае асобы або спадчыны, вынікае якраз з сублімацыі згаданых найпростых памкненняў да дамінавання і рэплікацыі: як лабковая вошка наўслед за прыродным поцягам напрамкі імкнецца да самых дарагіх і апетытных кавалкаў цела, гэтак разбуральная дзейнасць вандала скіраваная на самыя велічныя аб’екты культуры і самыя сакральныя сімвалы эпохаў…
Наколькі тут дарэчныя спрэчкі паводле слушнасці ці заганнасці прымітывізму – невядома. На мой погляд, дадзенае пытанне – пытанне не дыскусіяў, а выбару, бо ўсе спрэчкі асуджаныя весціся з пазіцыяў веры. Хтосьці верыць у сілу і мудрасць творчасці, хтосьці – у сілу і справедлівасць разбурэння, хтосьці імкнецца ўраўнаважыць гэтыя палюсы ці ўтаймаваць адзін з іх праз розныя кампрамісы… Самыя ж творчасць і мастацтва ня маюць рацыянальнага патлумачэння іхнай сутнасці; у розных здагадках гэтыя зьявы выглядаюць як гіпатэтычныя меркаванні – абвяшчаюцца то боскай прасвядаю, то творчай прагнасцю душы, то памылкаю прыроды… Не выключана, што скрытая ад нас функцыя, ці адная з функцый, духоўшчыны – акурат у здольнасці прымаць на сябе самыя суворыя ўдары нянавісці і спусташэння, паслабляючы іх моц і адводзячы іх ад самазнішчэння папуляцыі; культура, створаныя ейныя каштоўнасці могуць выступаць як засцерагальны сродак ад накіраваных супраць сябе, унутр папуляцыі, злачынстваў агрэсіі, якой празмерна надзелены чалавек дзеля ўсё таго самага выжывання віду.
Але гэта ўсё – дамневы… Факт існавання мастацтва, прыняты напавер як чалавечая каштоўнасць, вымушае зрабіць выбар. Па-шчырасці, мне больш даспадобы стваральнікі – тыя, хто імкнецца ўзняцца над прыродаю, а не прымітывісты з іхнай сверцю падцерці ці знішчыць штосьці велічнае, каб сцвердзіцца. І Янка Купала ўяўляецца мне стваральным геніем. Сённяшнія беларуская дзяржаўная незалежнасць, літаратурная мова, неверагодныя дасягненні нацыянальнай культуры нягледзячы на ўсе ейныя крызісы росту прасякнутыя творчай энергіяй мастацкіх прароцтваў нашага нацыянальнага генія. Беларусь вынікае з гэтых прароцтваў. Купалаўскія ідэі па-ранейшаму застаюцца надзвычай надзённыя, запатрабаваныя, а спадчына – прачытанай не да рэшты; у ягоных творах мне чуюцца тыя нацыянальныя паролі, якія адкрываюць запаветнае, нашае і пра якія я казаў у гэтай гутарцы раней. Паколькі незразумелае і неспасціжнае ёсць чыннік кожнай нацыі і сапраўднага, творчага, мастацва, зварот паэта да апірышча веры цалкам апраўданы, а працытаваныя ў пытанні радкі паводле веры ў народ, край і самаго сябе – ілюструюць наўскрайнюю ступень ідэалізму ў сваёй самай стваральнай і адначасна самай безабароннай праяве, што некалі прадвызначыла творчы метад песняра, ягоны літаратурны рамантызм, і што прывяло Купалу да трагедыі: разбітыя крохкія пацеры высокіх ілюзіяў аб непраломную праўду рэчаіснасці падштурхнулі да самагубства. І ягоная смерць, як ня дзіўна, сведчыць за жыццёвасць, за непераможнасць творчасці, якая дайшла да нас як самаахвяраванне, як тварэнне насуперак няўмольнаму занядбанню. Вось праз гэтую безабаронную, ідэалістычную і ахвярную шчырасць ідэяў, народжаных супраць праўды вечнага вынішчэння, я захапляюся стваральнікамі.