Не раблю адкрыццё, нагадваючы адвечнае: сапраўды, такая ўжо чалавечая сутнасць, што яго заўсёды вабяць неразгаданыя далі, заўсёды цікавіць, што там, за даляглядам? “Сапраўды, а што чакае мяне ў хуткім часе?” — разважала я, збіраючыся ў першае ў сваім маладым жыцці падарожжа па краінах Еўропы. Новыя краіны і сталіцы, моцныя ўражанні і незабыўныя пейзажы, сучасныя музеі і старыя брукаванкі, шыкоўныя кавярні і сучасныя кнігарні — усё змяшалася ў маёй свядомасці. Здавалася б, што можа быць прыемней. Знаходзіцца ў дзіўным куточку свету, дзе не ведаюць цябе і ты не ведаеш нікога, сачыць за ўсім, на што толькі здольны твой пільны позірк. Вось яно шчасце, здзейсненая мара, якой жыла на працягу некалькіх месяцаў. А шалёнай радасці няма, няма таго салодка-шчымлівага пачуцця, што нараджалася ў маёй душы, калі басанож бегла па росным лузе летнім ранкам, калі з радасцю дасылала сяброўцы паштоўку на знаёмы адрас, калі трымала ў руках доўгачаканую візу для падарожжа. Можа, тураператар памыліўся з маршрутам майго адпачынку? Не тая кампанія? Не сезон? Задумалася…
Самае цудоўнае, што можа быць у чалавека, гэта ўсведамленне таго, што ён жыве там, дзе жыве яго душа, дзе ён патрэбны каму-небудзь, дзе знаходзяцца людзі, якія патрэбны яму (увогуле лічу, што чалавеку нельга праграміраваць сябе на адзіноту). Але ж праз якія выпрабаванні трэба прайсці чалавеку, каб наладзіць сувязь са сваёй Радзімай. І зразумець, што самае дарагое яму дадзена ад нараджэння. Для мяне Радзіма — гэта моцная бацькава далонь, незабыўны пах бэзу, што расце каля бабулінай хаты, цнатліва-белы абрус на вышараваным стале, незамкнёны куфар, у якім клапатлівай жаночай рукой роўненька раскладзены па месцах рэчы, цёплы дух свежага хлеба на саматканым ручніку.
Для мяне Радзіма — гэта свежая ралля, матчына песня, дзіцячая ўсмешка, першае спатканне, школьны званок. Я не ўяўляю жыцця без Беларусі. Я, выпускніца школы, сваім асабістым прыкладам зраблю ўсё магчымае і немагчымае, каб мой куток роднай зямлі жыў паўнацэнным, шчаслівым жыццём. Я здолею. Я змагу.
Вядома, кожны чалавек адчувае сувязь з Радзімай па-рознаму. Хтосьці сумуе па роднай хаце, некаму не хапае буслінага клёкату, а я адчуваю непарыўную сувязь з Радзімай, калі знаходжуся па-за межамі роднага краю, як толькі цягнік ці аўтобус перасякае акрэсленую мяжу. Па-дзіцячы радуюся, вяртаючыся дадому. Якім бы звыклым і старым ні быў ваш дом, а пейзаж з вашага акна досыць аднатыпным, вы не зможаце забыцца на ўсё гэта, бо гэта даўно стала часткай вашай душы. Вы часта задумваецеся, што самае дарагое і каштоўнае ў нас ёсць? Так, скажыце вы. Гэта наша дом, наша сям’я, нашы карані, наш куток роднай зямлі.
Многія людзі кажуць, што ўсё пазнаецца ў параўнанні. Я з імі згодная. Калі перад намі стаіць выбар паміж старым і новым, мы часта пачынаем думаць толькі аб добрых цi дрэнных якасцях апошняга. Або старая рэч, якая таксама дала нам каштоўны вопыт, магчыма, гэта нават нешта больш важнае, чым здаецца на першы погляд. Гэты дзіўны парадокс датычыцца не толькі матэрыяльных рэчаў, часам ён закранае і духоўны складнік нашага жыцця.
Мы жывём у дваццаць першым стагоддзі. Стагоддзі, у якім няма межаў. І кожны чалавек можа рэалізоўваць свае жаданні, шукаць сябе і свой жыццёвы шлях, знаходзячыся ў любым кутку свету. Цяпер стала модна лічыць сябе касмапалітам. Сапраўды, ідэалогія сусветнага грамадзянства, якая разглядае чалавека як вольнага індывіда ў межах Сусвету, усё больш настойліва сцвярджае свае каштоўнасці. Але ж гэта мае рацыю ў планетарным маштабе. Я задаюся пытаннем: ці існавала б такое паняцце як «Радзіма», калі б чалавек мог успрымаць месца, у якім ён нарадзіўся і вырас, як проста тэрыторыю, абрыс на карце або маленькую кропку на велізарным зямным шары? Не, Радзіма — гэта нават не тэрмін, значэнне якога можна знайсці ў слоўніку, а пачуццё, стан душы кожнага чалавека.
Часам я задумваюся: чаму такая вялікая колькасць твораў беларускай літаратуры прысвечана менавіта тэме Радзіме? Рыгор Барадулін, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч пісалі пра Беларусь, таму што паэтаў хваляваў лёс нашай краіны. Яны дэманстравалі чытачу сваю сувязь з роднымі мясцінамі. І ім гэта ўдалося. Як дэвіз гучаць радкі Уладзіміра Караткевіча: “Любіце гэтую святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна”.
У нашым жыцці ўсё вельмі сімвалічна. Мы як дрэва, якое прарасло з маленькага парастка, але ці змагло б яно вырасці і даць плады, калі б у яго не было каранёў, альбо зямлі, у якой яно прарастае, дажджоў, якія яго сілкуюць, і сонца, да якога цягнуцца галіны? Вось і мы, людзі, маем патрэбу ў мэтах і марах, бо ўсе мы цягнемся да найлепшага. Часам мы маем патрэбу ў пакутах, якія даруюць нам вопыт і сілкуюць мудрасцю. Падобна дрэву мы не можам жыць без каранёў, без роднага карэння, бо традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, дапамагаюць нам лягчэй глядзець у будучыню. А вось Радзіма — гэта платформа, дзякуючы якой пачынаецца наш шлях у казачны, непаўторны, чароўны свет. Запрашаю Вас у дзіўнае падарожжа па Белай Русі.