Чаму сучасная беларуская літаратура непапулярная?

Культура Наболело

Сучасная беларуская літаратура – свет вялікі, але для многіх нашых суайчыннікаў загадкавы і незразумелы. Беларуская літаратура быццам і жыве, а на просьбу назваць знакамітых пісьменнікаў на розум прыходзяць толькі Караткевіч, Быкаў, Купала і Колас. У той жа час творы нашых сучасных аўтараў ахвотна публікуюць за мяжой, і там яны ледзь не больш папулярныя, чым на Радзіме. Чаму ж так выйшла?

изображение взято с сайта vetdryg.ru

Мабыць, прычына ў тым, што нашай літаратуры востра не хапае рэкламы, у тым ліку дзяржаўнай. Ды і сама дзяржава не накіравана на падтрымку маладых аўтараў, таму яны або так і застаюцца ў нішы андэграўднай Інтэрнэт-літаратуры, або імкнуцца трапіць у незалежнае выдавецтва. Спойлер: выходзіць не ў многіх. Ісці на рызыку здольна толькі вялікае выдавецкае аб’яднанне, для ўсіх іншых на першым месцы стаіць не мастацкая каштоўнасць твора, а лаяльнасць і бяскрыўднасць аўтара. Да таго ж, кнігу недастаткова надрукаваць – яе трэба прадаць. І лепей за ўсё прадаецца “літаратура для адпачынку”, такая, каб адцягнуцца ад відэа ў Ютубе ці ЦікТоке, але не вельмі нагружаць мозг.

Яшчэ адна прычына таго, што нам амаль нічога не чутна пра беларускую літаратуру – гэта мы самі і наша ўласная незацікаўленнасць. У XXI стагоддзі, у грамадстве спажывання, людзей акружае вялікі паток інфармацыі, не мы цяпер шукаем навіны – навіны находзяць нас, таму для таго, каб самастойна цікавіцца культурным жыццём сваёй краіны не застаецца ні часу, ні жадання: навошта ўскладняць сваё існаванне? Канешне, у Беларусі ёсць культурныя івэнты, якія шырока асвятляюцца ў СМІ: Ноч музеяў, ТЕАРТ, фестываль кіно “Лістапад”, “Магутны Божа” і некалькі іншых. Колькі з іх пра беларускую мову? Прыкладна, ноль.

Вось толькі беларуская мова, а дакладней яе жаласнае становішча ў параўнанні з рускай, –  гэта сапраўдная праблема для ўсіх нас. Беларускі чытач не гатовы ўспрымаць вялікія літаратурныя творы на роднай мове, бо ўсё жыццё, пачыная ад школы, беларуса акружае мова суседа. Родная мова, нават калі выкладаецца на добрым узроўні (што амаль усюды далёка не так), усё роўна, можа і неўсвядомлена, успрымаецца намі другой замежнай, калі не трэцяй. Наша атачэнне – рускае. Рускія пасты ў нашых сацсетках, рускія праграмы на нацыянальным тэлебачанні, рускія шыльды на крамах. Ад беларускага ў рэальным жыцці – аб’явы станцый і прыпынкаў у транспарце. І на гэтым дзякуй.

Ад таго, што зараз сярэдні чытач нічога не ведае пра становішча сучаснай літаратуры, узнікае іншае пытанне: мы наогул уяўляем, пра што пішуць беларускія пісьменнікі ў нашы дні? Не, не уяўляем. Папулярызаваная толькі класічная беларуская літаратура: балоты ў Мележа, вайна ў Быкава, гістарычны жанр у Караткевіча, тэма мужыка ў Коласа. І нам здаецца, што ўся літаратура такая. Тэмы можа і важныя, але чытачу парадкам надакучылі. Ды і каму будзе ў радасць пастаянна чытаць адно і тое ж? Таму ніхто і не чытае: праходзілі ўжо тысячу разоў.

Ёсць і іншае меркаванне: сучасная беларуская літаратура наскрозь палітызаваная. Не важна, у які бок яна нахілена: у бок апазіцыі ці дзеючай улады – палітыкі нам хапае і ў штодзённай сводцы навін у Тэлеграм-каналах. Беларускія пісьменнікі хутчэй рэалісты, нават калі пішуць у фантастычным жанры, і гэта падабаецца не ўсім – адсюль і абвінавачванні ў палітызаванасці і прадажнасці.

Для нас сучасная беларуская літаратура непарыўна звязана з імем Святланы Алексіевіч. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, першая ў гісторыі Беларусі! Што мы ведаем пра яе творы? Ну, нешта ведаем. Добра, калі чыталі, калі не – не важна. І ўсё ж гэта наша літаратурная спадчына, наша новая класіка, якую, чамусьці, некаторыя прапускаюць міма. Гэта шматгалоссе нашага народа, нашай нацыі і краіны.

фото взято с сайта citydog.by

Адзін з самых папулярных пісьменнікаў у моладзі – Віктар Марціновіч. Кнігі аўтара не раз станавіліся самымі прадаваемымі на беларускай арэне. Яго раман “Сфагнум” яшчэ да выхада трапіў у лонгліст расійскай прэміі “Национальный бестселлер”. Пакуль у Мінску ідзе яго п’еса “Кар’ера доктара Рауса”, у Вене ідзе “Самае лепшае месца ў свеце”. А фільм па яго кнізе “Возера радасці” стаў лаўрэатам прэстыжнай кінапрэміі Hessen Film Award як “Лепшы кароткаметражны фільм” і зараз намінаваны на “Оскар”. І ўвогуле: калі вы прыхільнік якаснай фантастыкі (і, можа быць, трохі баіцеся будучыні) – вам варта звярнуць увагу на Марціновіча.

Сапраўдным адкрыццём, “новым тварам” у 2016 годзе стаў Андрусь Горват. Гэта той пісьменнік, які вырас у Інтэрнэце, на пастах у Фэйсбуку. Былы дворнік Купалаўскага тэатру пераехаў у вёску Прудок, а праз тры гады  павярнуўся ў тэатр ўжо аўтарам кнігі «Радзіва “Прудок”. Дзённік», па якой Купалаўскі паставіў вельмі паспяховую п’есу.

Насамрэч, у беларускай літаратуры яшчэ шмат цікавых імён на любы смак. Наталля Батракова – для тых, хто чытае пра каханне. Альгерд Бахарэвіч – для тых, хто цікавіцца сапраўдным жыццём дзесьці ў мінскіх Шабанах. Адам Глобус – для тых, хто любіць легенды Мінска і Вільні (выдуманыя). І яшчэ шмат-шмат-шмат іншых празаікаў і паэтаў, якія заслугоўваюць большай увагі, чым атрымліваюць зараз.

Але развіццё нашай нацыянальнай літаратуры залежыць толькі ад нас – гэта не патрэбна нікому іншаму. Прычыны непапулярнасці беларускай літаратуры могуць быць рознымі: ад недастатковасці ўвагі да таго, што ў ёй адбываецца, да асаблівасцей нашай сістэмы адукацыі. Але літаратура ў сучаснай Беларусі ёсць, і даволі добрая, – пытанне толькі ў тым, калі мы пачнем ёй цікавіцца, а не класці на далёкія паліцы кнігарняў.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *