НЕвіртуальная рэальнасць

Новости

А дзясятай гадзіне вечару я, як заўсёды, абнавіла стужку ў Інстаграме:

  • Ізноў рэклама, надакучыла яна ўжо, — усклікнуў мой унутраны голас.

Але я вырашыла паглядзець гэты рэкламны ролік: перайшла па спасылцы на сайт, дзе было прапанавана сацыяльнае відэа, знятае ў панарамным выглядзе.

Сутнасць яго заключана ў расказах пенсіянераў, якія волей лёсу апынуліся ў доме састарэлых.  Ролік зняты ў фармаце 360 градусаў, таму ёсць магчымасць паглядзець на ўмовы пражывання, настрой і захапленні пажылых людзей на свае вочы.

Гэты ролік закрануў мяне асабіста, таму я вырашыла яго распаўсюдзіць,  паказаўшы падлеткам розных узростаў, і вось, што пачула ад школьнікаў пасля прагляду:

  • Самае горшае, што можа здарыцца з чалавекам – страціць падтрымку сваёй сям’і. Мне здаецца, што дом састарэлых выглядае жудасна: ходзяць сумныя пажылыя людзі, урачы і памочніцы. Няма настрою, жадання жыць. Напэўна, старыя не разумеюць, чаму на іх долю прыпала такое няшчасце, чаму дзеці ад іх адракліся, – такія эмоцыі выклікаў ролік у Надзеі Абразцовай, вучаніцы восьмага класа СШ №200 г. Мінска.

Відэаматэрыял сапраўды ўспрымаецца цяжка, бо прымушае ўявіць сябе на месцы пажылых, кожны з якіх мае цяжкую жыццёвую гісторыю за плячыма:

  • “VR-тэхналогіі” я разумеў зусім інакш: інавацыйныя акуляры, вясёлае баўленне часу з сябрамі, але гэты ролік, на дзіва, выклікаў толькі сум. Такія сур’ёзныя пытаннія ніколі не абмяркоўваў  з малодшымі сябрамі ці сям’ёй, бо нават не ведаў, з чаго пачынаць. А гэты ролік стане пачаткам пачаткаў. Я разумею, што кожны чалавек, незалежна ад узросту ці полу, патрабуе ўвагі, – такімі думкамі падзяліўся Мікіта Мартынаў, вучань восьмага класа СШ №186 г.Мінска.

Людзей, якія засталіся аднымі напрыканцы жыцця шмат. Хтосьці знаходзіцца ў доме састарэлых, іншыя – жывуць у сваіх кватэрах без усялякай падтрымкі. Што іх яднае? Адзінота і адсутнасць сям’і побач:

  • Мне вельмі крыўдна за бабуль, якія зараз адчуваюць сябе адзінокімі. Але я не шкадую іх, наадварот, можа, лепш там яны знайдуць дапамогу і цеплыню, чым будуць чакаць, пакуль да іх прыедуць родныя, якім гэта зусім не патрэбна, – лічыць Улада Валасач, вучаніца СШ №200 г.Мінска. – Пры дапамозе “VR” нават падлеткі могуць узнімаць сур’ёзныя пытанні і паспрабаваць знайсці на іх адказы.

         Яна ВАЛАСАЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *