Алёна Кухарава: “Стравы з печы – самае смачнае, што я магу ўявіць”

Еда Универ

Не толькі паяданне кулінарных шэдэўраў, але і іх гатаванне можа быць займальным. А падчас пандэміі кулінарыя набыла асаблівую папулярнасць. Пра рэцэпты з іншых краін, суп з пельменямі і любімае спалучэнне прадуктаў распавяла студэнтка 3 курса журфака Алёна Кухарава.

Крыніца: асабісты архіў

З чаго пачалося тваё захапленне кулінарыяй?

– З дзяцінства мы з сястрою любілі гатаваць разам з мамаю, асабліва што-небудзь салодкае, напрыклад, нашу любімую шарлотку. Мама давала нам свабоду, толькі назірала і раіла, як лепш зрабіць. Калі я крыху падрасла, пачала спрабаваць гатаваць сама. Пра інтэрнэт не ведала, таму брала рэцэпты з матуліных кулінарных кніг і часопісаў. Дома мне дазвалялі рабіць што заўгодна, галоўнае правіла: посуд памыць і прыбрацца пасля гатавання.

Памятаеш сваю першую страву?

– Самай першай стравай, якую я прыгатавала, пэўна, і была шарлотка па нашым сямейным рэцэпце. Таксама рана я пачала гатаваць кексы і бісквіты, якія заўсёды ў мяне атрымліваліся выдатна.

Я ведаю, што табе дасылаюць рэцэпты з іншых краін. Раскажы, калі ласка, пра гэта больш падрабязна.

– Я займаюся Посткросінгам (міжнародны абмен паштоўкамі), і ў сваім профіле на сайце я напісала, што люблю даведвацца новыя рэцэпты з нацыянальнай кухні розных краін. Мой профіль праглядаюць людзі, якім выпала адправіць мне паштоўку. Некаторыя з гэтых людзей дасылаюць мне разам з паштоўкамі рэцэпты нацыянальных або проста любімых страў. Мне вельмі прыемна, калі такое адбываецца. Зараз у мяне ёсць рэцэпты з Ізраіля, Амерыкі, Германіі, Японіі. Гатаваць па гэтых рэцэптах я пакуль не спрабавала, але жанчына з Ізраіля даслала мне некалькі рэцэптаў каляднага печыва, якое яна сама гатуе да зімовых свят. Магчыма, у гэтым годзе і я паспрабую прыгатаваць такое печыва.

Кухню якой краіны ты любіш больш за ўсё? Чаму?

– Напэўна, беларускую – стравы, якія мы гатуем у печы. Гэта самае смачнае, што я толькі магу ўявіць. На другім месцы – італьянская кухня. Асабліва люблю гатаваць пасты, салаты, піцу па італьянскіх рэцэптах.

Што ты гатуеш часцей за ўсё?

– Калі жыву ў гуртажытку, часта прыходзіцца гатаваць штосьці простае і быстрае, каб падхарчавацца пасля заняткаў ва ўніверсітэце. Але найбольш я люблю займацца выпечкаю. Для мяне лепшы адпачынак – гэта прыгатаваць які-небудзь дэсерт.

Што ты гатуеш, калі зусім няма часу?

– Гэта дзіўна, але суп з пельменямі. У маёй маразільнай камеры ў гуртажытку заўсёды ёсць пачак пельменяў. Калі я стамілася ва ўніверсітэце і не хочацца выдаткоўваць шмат часу на прыгатаванне ежы, я гатую суп з цыбуляй, моркваю, спецыямі і пельменямі. Гэта вельмі смачна!

Якая твая фірмовая страва?

– Ёсць страва, якую ўсе называюць “паста па Алёніным рэцэпце”. Гэта паста з курыцай і гароднінай. Таксама толькі я ў сям’і гатую прафітролі з асаблівым крэмам, які прыдумала мая мама.

Якую страву, на тваю думку, павінен прыгатаваць кожны?

– Адназначна Велікодныя булкі (кулічы). Гэта выпечка, якая не ў кожнага атрымаецца з першага разу, выпечка, якая забірае шмат часу. Але яна дазваляе адчуць свята. Прыгатаванне гэтай стравы закладзена ў традыцыі беларусаў. Мы кожны год гатуем булкі ў дзень перад Вялікаднём. У гэты час сям’я яднаецца: тата ведае, што нельга шумець і адчыняць дзверы і вокны, каб не стварыць скразняк, мы з мамаю непасрэдна гатуем цеста. Калі булкі згатаваныя (гэта можа быць нават у 4 гадзіны раніцы), мы ўсе наліваем сабе дамашняга малака і сядаем каштаваць нашую агульную страву. Менавіта ў гэты час да нас прыходзіць свята.

Велікодныя булкі Крыніца: асабісты архіў

Якое тваё любімае спалучэнне прадуктаў?

– Бульба з мясам у любых варыяцыях!

Ёсць страва, якую ты ніколі не станеш гатаваць?

– Катэгарычна я нічога не адмаўляю, але пакуль я б не стала гатаваць сушы і ролы. Не люблю японскую ежу.

Ты робіш хвалі на пюрэшцы як у сталовай?)

– Насамрэч, ніколі не гатавала пюрэ (у нашай мясцовасці гэта называецца тоўчанай бульбаю). Ды і ў нас пюрэ атрымліваецца такім густым, што хвалі на ім не намалюеш. У дзяцінстве я будавала з яго горкі, куды закапвала смажанае сала 🙂

Бліц-апытанне

  • Мяса ці рыба?

– Мяса

  • Фаст-фуд або дамашняя ежа?

– Дамашняя ежа

  • Піца з ананасам або без?

– Ніякіх ананасаў 🙂

  • Яйка ўсмятку або ўкрутую?

– Укрутую

  • Пясочнае цеста або бісквіт?

– Бісквіт



1 комментарий по теме “Алёна Кухарава: “Стравы з печы – самае смачнае, што я магу ўявіць”

  1. Ксенія, добры дзень! Дзякуй за інтэв’ю-інфарматыўна і цікава. А вы таксама лічыце беларускаю кухню багатай на стравы? Можа, на вашу думку, беларуская кухня пацягацца з італьянскай?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *