Гэтая дзяўчына ў прамым сэнсе слова дорыць шчасце і радасць! Анастасія Янушка працуе ў краме і пакуе падарункі. Ад яе кліенты заўсёды сыходзяць з добрым настроем, а ўсмешка — частка прафесіі. Таксама Насця любіць пагаварыць і вучыцца ў БДУ на журналіста!
— Насця, табе падабаецца твая праца? Чаму?
— Падабаецца, я ішла на гэтую працу мэтанакіравана. Я люблю дарыць людзям падарункі і заўсёды імкнуся прыдумляць нешта незвычайнае. Мне гэта прыносіць задавальненне.
— Што ўваходзіць у твае абавязкі?
— Па-першае — гэта ўпакоўка падарункаў. Я павінна дапамагчы пакупніку выбраць паперу, падказаць, як будзе найлепш і найпрыгажэй. Акрамя ўпакоўкі, мы яшчэ прадаём некаторыя дробязі. Я павінна прыгожа расставіць, раскласці тавар на вітрыну. Але галоўны мой абавязак — гэта зносіны з людзьмі. Мне трэба высветліць тое, што пакупнікі хочуць, і знайсці гэта ў краме, каб чалавек застаўся шчаслівым і задаволеным.
— А хто-небудзь сыходзіў ад твайго прылаўка з дрэнным настроем?
— Я стараюся дагадзіць людзям. Гэта нескладана, у нас вялікі выбар і нешта кліенту ды спадабаецца. Я магу пагаварыць, пажартаваць, пасмяяцца з чалавекам, і ён пойдзе шчаслівым і з падарункам! Нават калі ў мяне дрэнны настрой, я — вясёлая. Не ўсміхацца чалавеку я не магу — гэта як частка працы.
— Якія цікавыя або смешныя гісторыі здараліся з табой на працы?
— Аднойчы прыйшоў мужчына, брутальны, сур’ёзны, і просіць: «Запакуйце ў нешта мужчынскае!» Я прапаноўвала яму розныя варыянты, неспадзявана трапілася папера з аднарогамі. Ён у захапленні закрычаў: «Вось гэтую!» А яшчэ прыходзіў да мяне хлопец запакоўваць кнігі. Мы выбралі паперу, потым разгаварыліся. Ну, гутарым, я запакоўваю, усё добра. Ужо аддала яму падарункі, і тут ён пытаецца: «А дзе якая кніга?». Смешна атрымалася…
— А якія самыя незвычайныя або недарэчныя падарункі табе даводзілася запакоўваць?
— Аднойчы я запакоўвала тапкі. І не такія прыгожыя, пухнатыя, як у Інстаграме, а такія класічныя гумавыя тапкі. А яшчэ самае смешнае, калі прыходзяць людзі з падарункамі 18+. Да мяне адзін раз прыходзіў мужчына, такі высокі, магутны і кажа: «Давайце я вам дам пакецік, а вы яго ў сябе пад сталом запакуеце ў скрыначку, каб ніхто не бачыў».
— А калі-небудзь пакавала вялізны торт? Ці штосьці ядомае?
— Пакавала амаль торт, але зусім не торт! Прыйшла днём дзяўчына і пытаецца ў мяне: “Які максімальны памер падарунка вы можаце запакаваць?» Я ёй адказала, што мы пакуем любыя падарункі, любога памеру. Потым яна на некаторы час знікла. І, можа, праз гадзіну гэта дзяўчына прынесла велізарную скрынку з-пад торта… Я думала, што там торт… Але разам з гэтай скрынкай былі яшчэ дзве, дзе ляжалі 100 пачкаў семак! Тады я ўпершыню запакоўвала семачкі ў скрынку з-пад торта!
— Быў які-небудзь вельмі цяжкі дзень на працы?
— Канешне! Памятаю, на Новы год я наогул працавала басанож. Нам прывезлі гару посуду, мы яе раскладвалі на падлозе. Яе было настолькі шмат, што мне прыйшлося зняць абутак, каб адчуваць, куды я іду… Так старалася нічога не разбіць!
— Як ты навучылася пакаваць падарункі? Гэта складана?
— Мая начальніца паказала мне асновы, а далей — я сама. Я заўсёды пакавала падарункі сябрам і блізкім, таму ўжо сёе-тое ўмела. Спачатку было нялёгка. Для мяне велізарным горам былі банцікі! Звычайны банцік ў мяне атрымліваўся, а вось вялікі, прыгожы — не. Але Новы Год прымусіў мяне навучыцца хутка рабіць банцікі і пакаваць падарункі.
— Ці цяжка сумяшчаць працу з вучобай?
— Не вельмі цяжка. Проста я сама па сабе чалавек неарганізаваны. Я заўсёды адкладаю на потым. І нават калі б я не працавала, усё роўна ўсё рабіла б у апошні момант. Час, які я магла б змарнаваць на Цік-Ток, цяпер займае праца.
— Што больш падабаецца? Працаваць ці вучыцца?
— Працаваць. Ад вучобы я чакала чагосьці больш практычнага і цікавага. Можа збольшага віной таму было дыстанцыйнае навучанне. Цяпер я б хацела проста працаваць, каб на мяне не ціснула вучоба.
— А як жа журналістыка?
— Я не бачу журналістыку сваёй асноўнай прафесіяй. Я проста хачу часам нешта пісаць: рабіць інтэрв’ю, рэпартажы. Мне падабаецца журналістыка, але я трохі выгарэла.
— Тады дзе б ты хацела працаваць у будучыні? Жадала б застацца ў прафесіі, звязанай з падарункамі?
— У будучыні я б вельмі хацела адкрыць свой бізнес. Можа, які-небудзь кніжны магазін. А цяпер мне вельмі падабаецца мая праца, і хто ведае, што будзе далей. Маё жыццё так ці інакш будзе звязана з пакаваннем падарункаў. Я ўсё роўна працягну дарыць сябрам падарункі ў незвычайным стылі.
— А чым цябе прывабіла журналістыка? Можа, яна цяпер дапамагае табе ў працы?
— Вельмі люблю размаўляць з людзьмі. Журналістыка навучыла мяне прыкмячаць дэталі ў чалавеку (на інтэрв’ю гэта асабліва важна). І гэта праўда выдатна дапамагае пры працы з кліентамі. Я стараюся разгаварыць чалавека, тады ён сыходзіць ад мяне з добрым настроем і вяртаецца. Так з’яўляюцца пастаянныя пакупнікі.
— Скончы інтэрв’ю адным сказам.
— Няма слоў, адны эмоцыі!
Раманькова Юлія
Фота аўтара
Ого, да это же я! Какое интересное и живое интервью получилось! Прям все те мысли, которые я хотела передать!Автор отличный журналист.