Наш свет хутка змяняецца. Мы ствараем новыя рэчы, пазычаем словы, спяваем песні ўжо не такія, як былі раней. Адным словам, хутка рушым наперад. Нельга сказаць, што гэта дрэнна, бо сучасныя тэхналогіі значна спрашчаюць працу, але не жыццё. Мы пачынаем менш заўважаць прыгажосць навокал, перастаём здзіўляцца таму, у які незвычайны колер восень афарбавала лісты і як лагодна спяваюць птушкі па вясне. Так нельга. Як казаў Максім Танк: “Чалавек памірае, калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём”. У нашых продкаў не было тэлефонаў, сацыяльных сетак, пошукавых сістэм, але яны таксама рухаліся наперад, развіваліся. Як? Яны чыталі кнігі.
«Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы», — сцвярджаў Францыск Скарына. Я ў поўнай меры згодна з ім. Кніга – гэта партал у дзівосны свет, напоўнены цудамі і яркімі фарбамі. Яна вучыць не толькі пісаць, маляваць, а адчуваць і бачыць прыгажосць навокал. Галоўная мэта кнігі – гэта выхаваць сапраўднага чалавека.
На вялікі жаль, мы забываемся, што маральна-этычныя каштоўнасці – гэта аснова. Чалавек павінен заставацца чалавекам у любых абставінах. Дабрыня, чуласць, спагадлівасць, шчырасць не каштуюць грошай, а нараджаюцца ў нашых душах. Іх патрэбна толькі выхаваць. Любоў да роднай старонкі – гэта тое, з чаго мы павінны пачынаць.
Мне варта звярнуцца да творчасці беларускага пісьменніка Ніла Гілевіча. Тэма Радзімы – гэта адна з галоўных тэм у творчасці аўтара. Яго вершы напоўнены любоўю да сваёй зямлі, мовы. Ніл Гілевіч у поўнай меры адданы ўласнай старонцы. Гэта найбольш моцна адчуваецца ў вершы “Паклон табе, мой беларускі краю”:
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты — мой, я — твой: ад роду і навек.
Яшчэ адным таленавітым аўтарам з’яўляецца Алесь Разанаў. Менавіта ён увёў у беларускую літаратуру новыя жанры, формы вершаў. Я лічу, што такім чынам пісьменнік імкнецца не толькі захоўваць нашу культуру, а і развіваць яе. Менавіта рукой Алеся Разанава была напісана знакамітая монастрафа: «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор –мова». Гэта форма таксама новая для беларускай літаратуры. Яна па-сапраўднаму геніяльная, бо ўсяго адзін радок змог умясціць у сабе вялікі сэнс. Алесь Разанаў нас не толькі вучыць, а і дае магчымасць задумацца.
Ніл Гілевіч і Алесь Разанаў пісалі пра любоў да роднай старонкі, а Яўгенія Янішчыц сцвярджала: «Пачынаецца ўсе з любві!» Каханне – гэта яркае пачуццё, асаблівае. Яно распылаецца агнём у сэрцы, дорыць крылы. Выразіць такое асаблівае пачуццё на бумазе ўдаецца не ўсім, але Раіса Баравікова змагла. Яе вершы – гэта своеасаблівая энцыклапедыя кахання, напісаная ад імя жанчыны, якую кахаюць, а ў гэты ж час яна кахае сама. Вобраз лірычнай гераіні захоўвае ў сабе радасць і перажыванні, трагедыі паэткі. Яна кахае месцамі балюча, але ўсім сэрцам. Найбольш яскрава гэта можна заўважыць у вершы «Рабінавая гронка»:
Ты не адзін, а я зірнула
Так, як глядзяць на закаханых,
Нібыта ўпершыню адчула
Ласкавасць рук, навек адданых.
Мне варта адзначыць, што аўтары кніг такія ж людзі, як і мы. Яны адчуваюць боль і радасць, усміхаюцца першаму летняму дожджыку і спеву птушак па вясне. Менавіта таму мы павінны больш чытаць. А ці патрэбны сучаснаму чалавеку беларускія кнігі? Я лічу, што так. Беларускія кнігі вучаць, дапамагаюць у цяжкія хвіліны.
Наша пакаленне стварыла сучасныя тэлефоны, камп’тары, развівае навуку, але шчасце ў самых простых рэчах. Кузьма Чорны сцвярджаў: «Чалавек – гэта цэлы свет». Я лічу, што толькі кнігі могуць размаляваць яго ў яркія фарбы!